|    Арганізатар моладзевага летніка пад Белаазёрскам 
              Юрась Губарэвіч асуджаны на 10 сутак 
               
              8 жніўня суд Бярозаўскага раёну асудзіў арганізатара летніка «Рух 
              добрай волі», кіраўніка Берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі 
              БНФ Юрася Губарэвіча на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Прычына 
              — выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі. 
            Летнік «Рух добрай волі» праходзіў 3-6 жніўня. Каля пяці дзясяткаў 
              хлопцаў і дзяўчат з розных партыяў і арганізацый зладзілі вандроўку 
              па маляўнічых мясьцінах Белаазёршчыны (Бярозаўскі раён). Ля аднаго 
              з азёраў яны і паставілі намёты. 
            «Мэта вандроўкі — інфармаваньне навакольнага насельніцтва пра сытуацыю 
              ў краіне (мы распаўсюдзілі 1000 асобнікаў газэты «Газэта для вас») 
              і добраўпарадкаваньне мясьцін Белаазёршчыны», — патлумачыў сэнс 
              летніка Юрась Губарэвіч журналістам і цікаўным. 
            Перад удзельнікамі летніка выступіў бард Зьміцер Бартосік і гурт 
              «Парасон», былі наладжаныя розныя спартовыя спаборніцтвы мі сяброўскія 
              вечарыны. 
            Міліцыя імкнулася перашкодзіць удзельнікам летніка. Празь дзень 
              у ягоных удзельнікаў былі перапісаныя пашпартныя зьвесткі, не пусьцілі 
              ў летнік моладзь БНФ, што хацела далучыцца да вандроўнікаў. 
            Юрася Губарэвіча затрымалі ў суботу 5 жніўня і адвезьлі ў суд. 
              Але там ён запатрабаваў адваката, і разгляд справы перанесьлі на 
              8 жніўня. «Я думаю, што яны проста хацелі пасадзіць мяне на пару 
              сутак», — выказаў тады журналістам здагадку Юрась Губарэвіч. Ён 
              памыліўся — суд адмераў 10 сутак. Пра гэта нам паведамілі расхваляваная 
              жонка Юрася. Калі мы затэлефанавалі, яна рыхтавала мужу перадачу. 
            
             
              Наша ніва 
                       
               
             |