Сёньня ў Беларусі і ў замежжы пройдзе штомесячная
акцыя Салідарнасьці з сем’ямі зьніклых і палітвязьняў. Першая акцыя
адбылася летась 16 верасьня. Арганізатары — Ірына Халіп, Мікіта
Сасім і Ірына Красоўская — заклікаюць грамадзянаў выказаць сваю
падтрымку палітвязьням, іх сем’ям і сваякам зьніклых Юрыя Захаранкі,
Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. Акцыі
штомесяц праводзіліся ў розных фарматах. Сёньня ў ЗША і шэрагу эўрапейскіх
краінаў адбудуцца пікеты насупраць беларускай амбасады.
Сёньня арганізатары акцыі Салідарнасьці вырашылі ўстрымацца ад
пікету насупраць расейскай амбасады ў Менску. Апошнія дзьве акцыі
байцы спэцназу міліцыі затрымлівалі людзей яшчэ на падыходах да
амбасады. 16 ліпеня суд Цэнтральнага раёну арыштаваў лідэра Аб'яднанай
грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку і актывіста Анатоля Аскерку
на 10 сутак. Сёньня Анатоль Лябедзька разам з Людмілай Гразновай
і Зінаідай Бандарэнка паедуць ў Гомельскую вобласьць. Яны наведаюць
палітвязьня Андрэя Клімава ў вёсцы Баршчоўка, дзе апазыцыянэр адбывае
пакараньне за арганізацыю вулічнай дэманстрацыі 25 сакавіка пад
лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Гаворыць Анатоль Лябедзька:
(Лябедзька:) «Трэба выходзіць за межы Менскага гарадзкога кальца
і ісьці ў рэгіёны. Ставім задачу на бягучы каляндарны год, пачынаючы
ад гэтай да наступнай восені, правесьці такія акцыі і ланцугі неабыякавых
людзей у кожным раённым цэнтры. З гэтаенагоды я выязжаю сёньня ў
Гомель, дзе таксама будзем гаварыць пра гэта».
Адна з арганізатараў акцыі Салідарнасьці Ірына Красоўская паведаміла
«Свабодзе»:
(Красоўская:) «Сёньня мае сябры ў Вашынгтоне ладзяць акцыю Салідарнасьці
насупраць беларускай амбасады. Таксама акцыі адбудуцца ва Ўкраіне,
у Польшчы, Бэльгіі, Францыі — думаю, што яшчэ ў шмат якіх краінах».
Актывіст моладзевага дэмакратычнага руху Аляксандар Атрошчанкаў
патлумачыў, што гэтым разам акцыя пройдзе ў некалькіх гарадах у
розных фарматах.
(Атрошчанкаў:) «Акцыя Салідарнасьці ў кожным выпадку будзе праводзіцца
ў розным фармаце. Сёньня мы ня пойдзем да Расейскай амбасады, але
людзі ўбачаць праявы салідарнасьці на вуліцах гарадоў».
У лістападзе і сьнежні арганізатары акцыі заклікалі грамадзянаў
а 8 вечара на 15 хвілінаў выключыць у доме сьвятло і запаліць на
вокнах сьвечкі. У студзені актывісты незарэгістраванага руху «Зубар»
і «Маладога фронту» раздавалі мінакам джынсавыя стужкі. У лютым
– ладзілі пікет на Кастрычніцкай плошчы. У выніку разгону акцыі
арыштавалі некалькі дзесяткаў чалавек. У сакавіку акцыю правялі
ў намётавым лягеры. Пасьля гэтага акцыі Салідарнасьці імкнуліся
праводзіць каля Расейскай амбасады.
Гэтым разам заплянаваны шэраг мерапрыемствў у розных месцах Менску
і ў некалькіх абласных гарадах. Яны пачнуцца а 8 вечара і будуць
доўжыцца з паўгадзіны. Арганізатары спадзяюцца, што ў акцыі будуць
удзельнічаць некалькі тысяч чалавек.
Любоў Лунёва
Радыё Свабода
|