|    У Горадні ў Дзень Салідарнасьці з палітвязьнямі 
              16 жніўня зьявілася расцяжка «Хачу ў Беларусь!». Надпіс зьявіўся 
              на масьце Гарнавых, які вядзе з самага цэнтру Горадні на другі бок 
              Нёману. Такім чынам актывісты «Моладзі БНФ" адзначылі чарговы 
              Дзень Салідарнасьці.  
            Чаму менавіта такім тэкстам прывітала Горадня 16 жніўня?  
            — Таму што я жыву ў Беларусі, але хочацца бачыць Беларусь не такой, 
              якая яна зараз. І як сказала адна настаўніца, калі мы рабілі апытаньне 
              на вуліцах Гародні – хацелася б убачыць і патрапіць у такую Беларусь, 
              якую паказваюць нам ў тэлевізіі, — распавяла «Еўрапейскаму радыё» 
              адна з актывістак акцыі Марыяна.  
            Удзельнікі акцыі кажуць таксама аб тым, што ім хочацца нарэшце 
              мець радзіму. Паколькі банэр правісеў некалькі гадзінаў у самым 
              цэнтры горада, прычым як раз у часе, калі гараджане вярталіся з 
              працы — рэакцыю мінакоў на заклік «Хачу ў Беларусь» можна акрэсьліць 
              як пазытыўную, хаця стрыманую. Ніхто не наважыўся пракамэнтаваць 
              надпіс, едучы ў грамадзкім транспарце, хаця на тварах людзей зьяўляліся 
              ўсьмешкі. 
                       
               
             |