|    У міліцыі заведзена крымінальная справа з факту 
              зьнікненьня сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Антона Тараса. 
              Сваякі й калегі журналіста нагадваюць: у сакавіку Антон Тарас адседзеў 
              у турме як удзельнік падзеяў на Кастрычніцкай плошчы. 
             Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, 23-гадовы перакладчык 
              Антон Тарас зьнік 21 ліпеня. Бацькі маладога чалавека, вядомыя ў 
              Беларусі журналісты Віталь Тарас і Алена Лукашэвіч кажуць: у той 
              дзень сын па тэлефоне паведаміў, што яму трэба адысьціся з дому 
              па справах. Больш Антон на сувязь не выходзіў.  
            Празь пяць дзён бацькі аднесьлі заяву ў міліцыю Цэнтральнага раёну 
              Менску. Там завялі крымінальную справу з факту зьнікненьня. Сярод 
              асноўных вэрсіяў зьнікненьня Антона Тараса фігуруе сямейная — апошнім 
              часам у сям’і Антона пачаліся праблемы — яго разлучылі з двухгадовай 
              дачкой. Не выключаецца таксама й сувязь здарэньня з палітыкай. У 
              сакавіку Антон Тарас адсядзеў 11 дзён у менскай турме на вуліцы 
              Акрэсьціна як удзельнік падзей на Кастрычніцкай плошчы.  
            Між тым, бацькі Антона Тараса цьвердзяць: палітыкай ён не займаўся. 
              Таксама яны зважаюць: сыну не ўласьціва не паведамляць, куды зьбіраецца 
              й дзе знаходзіцца. Акрамя гэтага, Віталь Тарас і Алена Лукашэвіч 
              ніяк зьнікненьня сына не камэнтуюць.  
            У менскай гарадзкой міліцыі, дзе расьсьледуюць крымінальную справу 
              пра зьнікненьне Антона Тараса, адмовіліся камэнтаваць расьсьледаваньне, 
              але запэўнілі, што дзеля пошуку журналіста робіцца ўсё магчымае. 
              З іншых крыніц вядома, што міліцыя ўжо мае некаторыя зьвесткі. Да 
              прыкладу, пра набыты 22 ліпеня ў Баранавічах квіток на цягнік Рыга–Сімфэропаль 
              паводле пашпарту Антона Тараса. Але чаму й як Антон Тарас патрапіў 
              у Баранавічы, невядома.  
            Зьвесткі пра зьнікненьне спадара Тараса першай зьмясьціла на сваім 
              сайце Беларуская асацыяцыя журналістаў, сябрам якой быў малады перакладчык. 
              Намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец сказаў для Радыё Свабода: 
             
            (Бастунец: ) «Мы вельмі непакоімся за Антося, спадзяёмся, што ён 
              знойдзецца, і ўсё будзе добра, што ён бліжэйшым часам зьвяжацца 
              з бацькамі ці калегамі па працы. Мы просім тых, хто нешта ведае 
              пра лёс Антона Тараса, зьвязацца з намі ці зь ягонымі бацькамі па 
              зьмешчаных у нас на сайце тэлефонах».  
            Паводле зьвестак зь міліцыі, штогод у Беларусі абвяшчаюць у вышук 
              больш за тысячу грамадзянаў, і значная частка зь іх праз пэўны час 
              адшукваецца жывымі. Пошукі некаторых зьніклых вядуцца шмат гадоў. 
              Паводле беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, з 1999 
              году ў краіне людзі зьнікаюць і з палітычных прычын.  
             
              Алег Грузьдзіловіч 
              Радыё Свабода 
            
                       
               
             |