|    16 жніўня ў Берасці прайшла чарговая акцыя салідарнасці 
              з сем’ямі зніклых і зняволеных беларускіх палітыкаў.  
            Пачалася яна а 9-й гадзіне вечара ля прыпынку МОПРа. У акцыі ўдзельнічала 
              каля 40 актывістаў кампаніі «За свабоду», якія запалілі свечкі і, 
              трымаючы іх у руках, выцягнуліся ў ланцужок уздоўж праспекта Машэрава. 
             
            З самага пачатку мерапрыемства ў гэтым месцы прысутнічала вялікая 
              колькасць супрацоўнікаў міліцыі як у форме, так і ў цывільным. Заўважыўшы, 
              што ўдзельнікі акцыі пачынаюць запальваць свечкі, міліцыянты адразу 
              ж пачалі «прымаць меры». З мэтаю не дапусціць працягу мерапрыемства 
              супрацоўнікі праваахоўных органаў выкарыстоўвалі розныя метады: 
              ад «ветлівых» просьбаў пагасіць свечкі з-за небяспекі загарання 
              газонаў да пагрозаў завесці ва ўчастак для высвятлення асобаў. Асабліва 
              «вызначыліся» супрацоўнікі ў цывільным, якія вырывалі свечкі, б’ючы 
              па руках ўдзельнікаў акцыі. На заўвагі прысутных і просьбы высветліць 
              асобы гэтых невядомых людзей, супрацоўнікі міліцыі адварочвалі твары 
              і рабілі выгляд, быццам нічога не бачаць. Тыя ж, у сваю чаргу, цвердзілі, 
              што яны звычайныя мінакі і ніякіх свечак не чапалі. 
            Пабачыўшы, што далей у гэтым месцы працягваць акцыю не падаецца 
              мажлівым, яе ўдзельнікі з запаленымі свечкамі пачалі рушыць у бок 
              бульвара Касманаўтаў. Але супрацоўнікі міліцыі і тыя «звычайныя 
              мінакі» вырашылі суправаджаць маладых людзей са свечкамі, пры гэтым 
              патрабуючы ў іх пашпарты і перапісваючы прозвішчы ўдзельнікаў. Два 
              актывісты былі затрыманыя дзеля высвятлення асобаў. Пасля 20-хвіліннага 
              ўтрымання ў апорным пункце, яны былі выпушчаныя. 
            За хадою акцыі крыху воддаль пільна сачылі невядомыя людзі ў цывільным, 
              здымаючы ўсё на відэакамеру. Толькі пасля таго, як усе ўдзельнікі 
              акцыі разышліся, яны спынілі сваё назіранне. 
            Акцыя скончылася ў 22-00, але яе ўдзельнікі цвердзяць, што яна 
              будзе працягвацца як і раней — 16-га чысла кожнага месяца да тых 
              часоў, пакуль з беларускіх турмаў не выйдзе апошні палітвязень, 
              а лёсы зніклых палітыкаў і журналістаў не стануць вядомыя грамадскасці. 
               
             
             
              www.dzedzich.org 
               
               
             |