Прадстаўнікі апазыцыі накіравалі ў Вярхоўны
суд скаргу на неправамерныя дзеяньні Цэнтральнай выбарчай
камісіі. У скарзе заяўнікі просяць Вярхоўны суд абавязаць
ЦВК перагледзець вынікі сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў і
прызначыць паўторныя выбары. Пад скаргай сабралі амаль 6
тысячаў подпісаў выбарцаў, а важаць усе паперы каля 8 кіляграмаў.
Кіраўнік ініцыятыўнай групы былога кандыдата ў прэзыдэнты
Аляксандра Мілінкевіча Аляксандар Бухвостаў тлумачыць асноўны
зьмест гэтай накіраванай па пошце скаргі:
(Бухвостаў: ) «Мы лічым, што Цэнтральная выбарчая камісія
дрэнна выканала свае абавязкі і не забясьпечыла роўных,
справядлівых выбараў, як патрабуе канстытуцыя. Мы патрабуем
ад Вярхоўнага суду, каб ён задаволіў зыск да Цэнтрвыбаркаму
па парушэньні канстытуцыйных правоў грамадзян. Былі дапушчаны
многія парушэньні, якія прымушаюць нас думаць, што было
фальшаваньне вынікаў выбараў».
Паводле спадара Бухвостава, Вярхоўны суд ня мае права не
разглядаць гэтую скаргу.
(Бухвостаў: ) «А калі ён наагул ня будзе разглядаць, то
сапраўды атрымоўваецца, што ў нас Вярхоўны суд выконвае
тое, што кажа ўлада. Тады ў нас няма ніякага падзелу ўладаў».
Паводле старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, Вярхоўны
суд ня будзе разглядаць гэтую скаргу.
(Ярмошына: ) «Падобныя пытаньні не падведамасныя Вярхоўнаму
суду. Гэта ня больш, ня менш як палітычная акцыя. Але да
выбараў, да выбарчага права гэта ня мае ніякіх адносінаў,
бо ніякіх прававых наступстваў у гэтай скаргі няма».
А што гэтыя 6 тысячаў подпісаў грамадзянаў ня маюць ніякай
вагі?
(Ярмошына: ) «Гэта менш 0,1 працэнта ад колькасьці тых,
хто ўдзельнічаў у выбарах. Гэта вельмі невялікая колькасьць
тых, хто ня згодны з вынікамі выбараў. Дай Бог, каб у нашых
суседзяў была такая мінімальная колькасьць пратэстуючых».
«Інтэрфаксу» Лідзія Ярмошына заявіла, што апазыцыя будзе
ўдзельнічаць у мясцовых выбарах, бо гэта, маўляў, шанец
атрымаць фінансаваньне з-за мяжы, за кошт якога апазыцыя
жыве. Спадарыня Ярмошына сказала, што гэтыя вінавачаньні
ня будуць мець юрыдычных наступстваў. А на чым жа яны грунтуюцца?
(Ярмошына: ) «Гэта агульнае меркаваньне, якое існуе ў грамадзтве.
Гэтыя зьвесткі яны самі расказваюць у прыватных размовах.
Ну якія факты? Іх рэгулярна дэманструе наша тэлебачаньне».
Старшыня АГП Антоль Лябедзька назваў заяву спадарыні Ярмошынай
абсурднай:
(Лябедзька: ) «Спадарыня Ярмошына да сёньняшняга дня, відаць,
не разумее дзе і кім яна працуе. Гэта не прарэгатыва старшыні
ЦВК даваць палітычныя ацэнкі. Спадарыня Ярмошына ўжо каторы
раз дэманструе, што яна зьяўляецца звычайным чыноўнікам
беларускага правіцеля і ня больш за тое. Яна дае палітычныя
ацэнкі, як ідэалягічны супрацоўнік адміністрацыі выступае.
Мы кажам: «Мясцовыя выбары — гэта палітычная кампанія».
І гэта ацэнка адпавядае той ролі, якую адыгрывае спадарыня
Ярмошына».
Радыё Свабода
|