|    У Кастрычніцкім раённым судзе Горадні закончыўся 
              разгляд адміністрацыйнай справы двух актывістаў не прызнаванага 
              ўладамі Саюзу палякаў. Іх абвінавачвалі ў тым, што яны перашкаджалі 
              працаваць здымачнай групе абласнога тэлебачаньня, якая рабіла сюжэт 
              пра ўшанаваньне памяці польскіх жаўнераў на вайсковых могілках. 
              Гэта — артыкул 156 адміністрацыйнага кодэксу, што датычыць дробнага 
              хуліганства. Андрэя Пачобута пакаралі арыштам, а адносна Мечыслава 
              Яскевіча справа спынена. 
             У судзе мне ўдалося крыху паразмаўляць з Андрэем Пачобутам. Нагадаю, 
              што іх зь Мечыславам Яскевічам затрымалі 18 жніўня і ўвесь час яны 
              знаходзіліся ў міліцэйскім ізалятары. Андрэй Пачобут:  
            (Пачобут:) «Апошнія суткі нас трымалі на падставе пісьмовага ўказаньня 
              начальніка Кастрычніцкага РАУС Беда. Нас павінны былі звольніць, 
              і рашэньне мусіла прымаць ўжо судзьдзя, бо дакумэнты перадалі зь 
              міліцыі на разгляд у суд. Аднак судзьдзя такога рашэньня не прыняла. 
              Каля трох гадзінаў супрацоўнікі міліцыі вырашалі наконт нас, мяне 
              чатыры разы заводзілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня і чатыры разы 
              нас адмаўляліся браць, таму што не было падстаў».  
            Андрэй Пачобут лічыць, што паводле закону судзьдзя павінна была 
              ўчора іх выпусьціць з позвай, каб яны сёньня прыйшлі на працяг судовага 
              разбору.  
            Судзьдзя Зінаіда Барцэвіч апытала некалькіх сьведкаў, у тым ліку 
              Анжаліку Борыс — старшыню Саюзу палякаў, не прызнаванага ўладамі. 
              Яна, у прыватнасьці, сказала, што ім не было ясна — хто іх здымае, 
              і што іхнія мерапрыемствы часта фільмуюць невядомыя людзі, якія 
              ніколі не прадстаўляюцца. Іншыя сьведкі патлумачылі, што 15 жніўня 
              на гарадзенскіх вайсковых могілках маліліся разам з ксяндзом за 
              жаўнераў Войска Польскага і не хацелі, каб іх здымалі. Яны адмаўлялі, 
              што Пачобут і Яскевіч па-хуліганску перашкаджалі здымачнай групе 
              абласнога тэлебачаньня.  
            На судовым паседжаньні былі рэдактар тэлебачаньня Уладзімір Лобан 
              і апэратар Андрэй Бялятка. Яны адмовіліся выказаць сваё меркаваньне 
              для нашага Радыё. Адзінае, што спадар Лобан сказаў, што яны не змаглі 
              зрабіць сюжэт пра ўшанаваньне памяці польскіх жаўнераў, і ён мусіў 
              пісаць з гэтай нагоды тлумачэньне для свайго кіраўніцтва. Нагадаю, 
              што міліцыянты склалі пратакол адносна Пачобута і Яскевіча на падставе 
              заявы намесьніцы кіраўніка абласнога тэлерадыёаб’яднаньня Алены 
              Прымачэнкі. 
              
             Нагадаем галоўныя этапы канфлікту. У сакавіку 2005 году на чарговым 
              6-м з’ездзе Саюзу палякаў Беларусі яе новым старшынём была абраная 
              Анжаліка Борыс. Улады аддавалі перавагу ранейшаму кіраўніку Саюзу 
              Тадэвушу Кручкоўскаму.  
            Дзейнасьць новай кіраўніцы Саюзу не задавальняла ўлады. У траўні 
              2005 году міністэрства юстыцыі скасавала вынікі 6-га з’езду Саюзу 
              палякаў, абраньне Борыс было прызнана несапраўдным. У жніўні 2005 
              году пры падтрымцы ўладаў быў праведзены паўторны 6-ы з’езд Саюзу 
              палякаў, на якім старшынём быў абраны Юзаф Лучнік.  
            Канфлікт вакол Саюзу палякаў суправаджаўся рэпрэсіямі супраць прыхільнікаў 
              Борыс і шырокой інфармацыйнай кампаніяй у беларускіх дзяржаўных 
              мэдыях, падчас якой кіраўніцтва Саюзу на чале з Анжалікай Борыс 
              абвінавачвалася ў нелаяльнасьці да беларускай дзяржавы. Польскія 
              ўлады і грамадзкія арганізацыі падтрымлівалі Борыс і яе прыхільнікаў, 
              менавіта іх Варшава лічыць сапраўдным кіраўніцтвам Саюзу палякаў 
              Беларусі. Польскі бок кваліфікаваў дзеяньні беларускіх ўладаў адносна 
              Саюзу Палякаў як парушэньне правоў польскай этнічнай меньшасьці 
              ў Беларусі.  
             
             
              Сяргей Астраўцоў 
              Радыё Свабода 
               
               
             |