Першая гістарычна-забаўляльная мультымэдыя-кніга
пра Вясну-2006
Не прайшло і паўгады з часу Менскай вясны’2006, як на сьвет зьявілася
ўнікальная мультымэдыйная кніга, прысьвечаная падзеям на Кастрычніцкай
Плошчы. «Open air RAVElution» — гэта суб’ектыўны канспэкт падзей
і пачуцьцяў, якімі жылі дзясяткі тысячаў маладых беларусаў 19-25
сакавіка 2006 году. Канспэкт, праілюстраваны фота-, відэа-, аўдыё
і напісаны ў жанры «pop history».
«Open air RAVElution» — гэта не звычайная гістарычная мультымэдыйная
кніга. Для аўтараў было ня столькі важна быць дакладнымі ў датах
і назвах. Нашмат цікавей было ўзгадваць і расказваць пра важныя
дэталі, ключавыя паняцьці і пэрсоны вясновай Рэйвалюцыі. Рэйвалюцыі
зь вялікай літары: гаворка ў кнізе вядзецца пра той пераварот, які
з 19 па 25 сакавіка 2006 г. адбыўся ў мазгах беларусаў, перадусім,
маладых. Для якіх апошнія пяць год былі поўным даўнам і ступарам
грамадзкага жыцьця.
Адкуль такая назва? Мы амаль не перабольшваем, кажучы: з 19 па
25 сакавіка 2006 г. у Менску прайшоў першы open air RAVEvolution
— экстрэмальна-забаўляльнае party 24 гадзіны ў суткі. Мерапрыемства
з маштабнай PR-кампаніяй, непрадуманай праграмаю, кепска разьвітай
інфраструктураю, але з выдатнай самаарганізацыяй.
Сакавіцкі Open Air нават меў сваё «сэкьюрыці», у ролі якога выступалі
«супрацоўнікі праваахоўных органаў». Праўда, вельмі хутка высьветлілася,
што security — гэта звычайныя гопнікі. Гопнікі, нашэсьця якіх баіцца
любы арганізатар вялікіх мерапрыемстваў. Таму Рэйвалюшн стаў ня
проста шматдзённым пратэстам супраць фальсыфікацыі выбараў, але
і найглябальнейшай разборкай паміж пасталелымі і апранутымі ў форму
«быкамі» са спальных раёнаў і «нефармаламі» рознай ступені прасунутасьці.
Пра гэты сацыяльны канфлікт чытайце ў артыкуле «Гоп-стоп рэвалюцыі».
Тэзаўрус знакавых рэчаў, паняцьцяў і VIPs чытайце ў «Слоўніку Рэйвалюцыі».
На франты камунікатыўнай вайны вясны’2006 вяртае артыкул «Жглі як
маглі. Ад трындзецкага інфармбюро». Пра ролю міжнароднай супольнасьці
ў Рэйвалюшане нагадвае артыкул «Ту-ту-турысты, авантурысты. Харашо
што прыехаў». Таксама ў кнізе чытайце і глядзіце ТОР-10 лепшых флэш-мобаў
вясны «Весела была, як бацьку хавалі» і шмат чаго яшчэ. А на дэсэрт
— поўны варыянт бэстсэлеру «Песьні свабоды». І ўсё гэта разбаўлена
фота-, аўдыё-, відэа-дакумэнтамі.
«Open air RAVElution» можна БЯСПЛАТНА замовіць, запоўніўшы заяўку.
www.za-svabodu.org
|