|    Асуджанаму на два гады абмежаваньня свабоды Паўлу 
              Севярынцу афіцыйна паведамілі, што ён не падпадае пад умоўна-датэрміновае 
              вызваленьне. Адмысловая атэстацыйная камісія, якая вырашала лёс 
              асуджанага палітыка, у сваім вэрдыкце адзначыла, што Павал Севярынец 
              «ня стаў на шлях выпраўленьня, пакаяньня й супрацоўніцтва з адміністрацыяй». 
             25 жніўня Паўла Севярынца выклікалі ў спэцкамэндатуру пасёлку 
              Ветрына і абвясьцілі пра адмову ўва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. 
              Пра прычыны распавёў «Свабодзе» сам былы лідэр «Маладога фронту». 
             
            (Севярынец: ) «Рашэньне ўтрымлівала фармулёўку, што я ня стаў на 
              шлях раскаяньня, выпраўленьня і супрацоўніцтва з адміністрацыяй. 
              Мяне адмыслова перапыталі, ці не раскайваесься ты ў тым, што зрабіў 
              18-19 кастрычніка, я пасьмяяўся і сказаў, што яны яшчэ будуць раскайвацца 
              ў тым, што цяпер робяць. Гэтак, пасьля мілай размовы, усё скончылася. 
              Рашэньне ў іх было падрыхтаванае, яно прымалася без майго ўдзелу, 
              было спушчанае зьверху».  
            Намесьнік начальніка спэцкамэндатуры Аляксандар Драб патлумачыў 
              «Свабодзе», што Паўлу Севярынцу адмовілі ўва ўмоўна-датэрміновым 
              вызваленьні, бо ён своечасова не ўступіў у адну зь дзьвюх сэкцыяў 
              пры камэндатуры: культурна-масавую альбо фізкультурна-спартовую. 
              Камісія пры камэндатуры, якая разглядала магчымасьць датэрміновага 
              вызваленьня Севярынца, расцаніла гэта як нежаданьне перавыхоўвацца. 
              Спадар Драб адмоўся даваць агульную характарыстыку Паўлу Севярынцу. 
             
            «Хімікі», што адбылі палову тэрміну пакараньня і якія вызначыліся 
              ўзорнымі паводзінамі ды працоўнай дысцыплінай, маюць права на ўмоўна-датэрміновае 
              вызваленьне. Павал Севярынец ня меў заўвагаў датычна дысцыпліны 
              і, адбыўшы палову тэрміну, мог быць вызвалены датэрмінова.  
            Сёньня ж спадар Севярынец атрымаў трохдзённы адпачынак. Першапачаткова 
              яму быў дазволены пяцідзённы адпачынак, і 23 жніўня ён мусіў выехаць 
              у Віцебск, дзе жывуць бацькі. Аднак, паводле Севярынца, гэтым днём 
              у Віцебск павінна была прыехаць дэлегацыя АБСЭ. З гэтай нагоды адпачынак 
              скарацілі на два дні, і ён змог выехаць да бацькоў толькі сёньня. 
             
            Нагадаю, Павал Севярынец быў асуджаны на тры гады «хіміі» за арганізацыю 
              мітынгаў пратэсту супраць вынікаў рэфэрэндуму 2004 году. Пазьней 
              год з гэтага тэрміну зьнялі паводле амністыі. Малады апазыцыйны 
              лідэр ужо адбыў год на «хіміі» ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну. 
              Ён працуе стропальшчыкам на пагрузцы драўніны. «Праца ня столькі 
              цяжкая, колькі небясьпечная», — кажа пра свой цяперашні занятак 
              Павал Севярынец. 
             
             Радыё Свабода 
                       
               
             |