Беларусы могуць падаваць грамадзянскiя пазовы да Лукашэнкi ў амэрыканскi суд
25 августа 2006

Сёння наўрад цi каго можна зьдзiвiць шматлiкiмi фактамі парушэньняў правоў чалавека беларускай дзяржавай. Паводле меркаваньняў шматлiкiх праваабаронцаў, сёньня судзiцца з дзяржаўнымi службоўцамi ў беларускiм судзе — усё роўна, што прывучваць воўка да вэгэтарыянства. Больш за тое, беларусы практычна пазбаўленыя магчымасьцi абараняць свае правы ў мiжнародных судох, напрыклад, у Эўрапейскiм судзе па правох чалавека. Беларускiя апазыцыйныя палiтыкi часьцяком гавораць пра нейкую кару, якая, нiбыта, чакае ўсiх парушальнiкаў правоў чалавека ў Беларусi. Цiкава тое, што такiя выказы не пазбаўленыя юрыдчнага сэнсу.

Сёньня iснуе невялiкая, але-ж надта пэўная магчымасьць, скарыстаўшыся якою, грамадзяне Беларусi могуць прыцягваць да грамадзянскай адказнасьцi беларускiх службоўцаў — парушальнiкаў асноўных правоў i свабодаў чалавека, а таксама, — буйныя расейскiя кампанii, якiя адкрыта падтрымоўваюць сучасны беларускi рэжым. Здаецца, што гэта неверагодна, але-ж факт: у некаторых выпадках грамадзяне Беларусi могуць падаваць грамадзянскiя пазовы да Лукашэнкi ў амэрыканскi суд!

 

Амэрыканскi суд — навала для дзяржаўных катаў

Юрыдычны мэханiзм, якi дае права беларусам, як i грамадзянам iншых краiнаў, зьвяртацца ў фэдэральныя суды ЗША, быў створаны ў далёкiм 1789 годзе. Менавiта тады амэрыканскi Кангрэс прыняў закон «Аб грамадзянскай адказнасьцi за шкоду iншаземцам», Alien Tort Statute, якi потым атрымаў шэраг iншых назваў (афiц. № 28 U.S.C. 1350; далей тут — «закон ATS»). Сутнасць закону ў тым, што ён надае фэдэральным судам ЗША паўнамоцтвы у грамадзянскiх справах па пазовах iншаземцаў аб прычыненьнi шкоды ў iх дзяржавах з прычыны грубых парушэньняў некаторых нормаў мiжнароднага права, у прыватнасьцi — асноўных правоў чалавека.

Закон практычна не працаваў да 1980 году, калi Вярхоўны Суд ЗША даў яму другое нараджэньне i распачаў эпоху жорсткай барацьбы памiж працiўнiкамi закону (у асноўным, прадстаўнiкамi мiжнароднага бiзнэсу) i ягонымi прыхiльнiкамi (праваабарончымi арганiзацыямi ўсяго сьвету). Цiкава, што заўзятым праціўнікам падобных пазоваў зьяўляецца адмiнiстрацыя прэзыдэнта Буша, якая слушна адзначае, што судовая ўлада ЗША такiм чынам пагражае зьнешнепалiтычным стасункам краiны.

Аднак, у 2004 годзе Вярхоўны Суд ЗША зноў пацьвердзiў канстытуцыйнасьць закону ATS i тое, што суды ЗША могуць у некаторых выпадках разглядаць справы аб грубых парушэньнях правоў чалавека во ўсiм сьвеце (гл. справу 2004 г. Sosa v. Alvarez-Machain, афiц. № 542 U.S. 692). Разам з тым, судовая ўлада добра ўсьведамляе ўсю тонкасьць дадзенай мiжнародна-прававой праблемы i з гэтай прычыны строга абмяжоўвае тыя выпадкi, калi пазовы аб парушэньнях правоў чалавека замежнымi дзяржавамi могуць разглядацца ў судох ЗША. На дадзены момант не iснуе вычарпальнага сьпiсу мiжнародна-прававых нормаў ў галiне правоў чалавека, парушэньне якiх можа прывесьцi да пасьпяховага пазову замежнага грамадзянiна ў судовую ўстанову ЗША. У той-жа час, судовая практыка апошнiх дзесяцiгодзьдзяў вызначыла наступныя мiжнародна-прававыя правапарушэньнi, якiя могуць прывесьцi да падобнага пазову: генацыд, зьнiкненьнi людзей, катаваньнi, працяглае па-за судовае затрыманьне, па-за судовае забойства i шэраг iншых. Сярод найбольш вядомых грамадзянскiх адказчыкаў, якiя прайгралi ў cудох ЗША грамадзянам сваiх дзяржаваў, — былы крывавы лiдэр басьнiйскiх сэрбаў Радаван Караджыч i былы дыктатар Фiлiпiнаў Фердынанд Маркас.

Цiкава, што пазовы ў амэрыканскiм судзе — справа дасягальная для звычайнага беларуса, таму што ў ЗША iснуе шэраг некамэрцыйных юрыдычных установаў, якiя гатовыя дапамагчы ў пэрспэктыўнай справе, а ў вынiку перамогi ў судзе — падзялiць грашовую кампэнсацыю. Па гэтай спасылцы можна знайсьцi сьпiс амэрыканскiх i мiжнародных установаў, якiя здольныя аказаць iнфармацыйную дапамогу па гэтаму пытаньню: www.nosafehaven.org

Дарэчы, хто i калi можа быць адказчыкам у судох ЗША па справах аб парушэньнях правоў чалавека?

 

Не хадзiце, дзецi, у ЗША гуляць

Першая група асобаў, якiя могуць стаць адказчыкамi ў судох ЗША – гэта працаўнiкi беларускiх уладавых структураў усiх узроўняў, якiя патэнцыйна датычныя да грубых парушэньняў правоў чалавека ў Беларусi, а таксама непасрэдныя выканаўцы гэтых парушэньняў.

Бадай, самай сур’ёзнай патэнцыйнай праблемай па справах супраць беларускiх службоўцаў-парушальнiкаў мiжнароднага права зьяўляецца пытаньне тэрытарыяльнай падсуднасьцi пазову амэрыканскаму суду. Паводле амэрыканскiх законаў, мясцовы суд прыме справу да разгляду, калi фiзычная асоба атрымае копiю позыву непасрэдна на тэрыторыi ЗША Добра тое, што адказчыку дастаткова фiзычна зьявiцца ў ЗША нават на хвiлiну альбо нават.... пралятаць у самалёце над тэрыторыяй ЗША (гл. справу 1959 г. Grace v. MacArthur, афiц. № - 170 F. Supp. 442). Галоўнае, каб прадстаўнiк пазоўніка пасьпеў асабiста падаць адказчыку копiю пазову, а ў выпадку, калi апошнi адмаўляецца яе прыняць – вусна перадаць iнфармацыю аб надыходзячым судовым працэсе. Такiм чынам, напрыклад, былы лiдэр басьнiйскiх сэрбаў Караджыч, якога абвiнавачвалi ў этнiчных чыстках, атрымаў копiю пазову, калi ён часова спынiўся ў нью-ёркскiм гатэлi. Зрэшты, iснуюць дадатковыя правiлы тэрытарыяльнай падсуднасьцi, у адпаведнасьцi зь якiмi суд ЗША можа браць да разгляду пазовы дадзенай катэгорыi.

Такiм чынам, некаторым беларускiм дзяржаўным службоўцам трэба добра падумаць, цi варта iм наогул калi-небудзь ехаць ў ЗША. Натуральна, тым, чыё сумленьне чыстае, палохацца няма чаго: амэрыканскi суд вядомы сваёй прынцыповасьцю i непрадузятасьцю, што адрозьнiвае яго ад судовых установаў шэрагу iншых дзяржаваў.

Яшчэ адною «праблемаю» можа стаць мiжнародна-прававы прынцып няўмяшаньня ва ўнутраныя справы, паводле якога дзяржаўныя службоўцы адной краiны ў пэўных выпадках маюць iмунiтэт ад пазоваў ў судох другой краiны. I калi на былых службоўцаў гэты iмунiтэт у абмяркоўваемым катэксьте не распаўсюджваецца, то зь дзеючымi службоўцамi могуць узнiкнуць праблемы. У ЗША гэты прынцып уведзены ў нацыянальнае заканадаўства законам Foreign Sovereign Immunity Act. Аднак, у некаторых выпадках, дзеючы iншаземны службоўца можа быць пазбаўлены iмунiтэту ад пазоваў у амэрыканскiм судзе, напрыклад, калi ён дзейнiчае па-за паўнамоцтвамі, дадзенымі яму нацыянальнай канстытуцыяй i законамi (гл. справу 2004 г. Jane Doe v. Lui Qi, афiц № - 349 F. Supp. 2d 1258).

У якасьцi магчымага прыкладу давайце паспрабуем гiпатэтычны прымянiць дадзеную норму да адной сытуацыi зь беларускай сучаснасьцi. Вядомы беларускi праваабаронца Г. Паганяйла выказаў меркаванне, што калi А. Лукашэнка балятаваўся на трэцi прэзыдэнцкi тэрмiн, ён парушыў закон «Аб прэзыдэнце Республiкi Беларусь», якi адпавядаў (нават) новай рэдакцыi Канстытуцыi, i паводле якога адна асоба не магла быць прэзыдэнтам Беларусi больш за два тэрмiны запар (гл. тэкст iнтэрвію). Паводле меркаваньня праваабаронцы, А. Лукашенка ўзяў на сябе паўнамоцтвы, якiя не былi дадзеныя яму беларускай дзяржавай. Здаецца, што амэрыканскi суд, па меншай меры, прыслухаўся-б да такога аргумэнту, пры разгляданьнi пытаньня аб судзебным iмунiтэце А. Лукашэнкі. Натуральна, дададкова трэба будзе даказаць, што Лукашэнка груба парушыў нормы мiжнароднага права ў галiне правоў чалавека.

 

Беларусы могуць судзiць «Газпром» i «Лукойл» у Амерыцы

Другая, больш прывабная група патэнцыйных адказчыкаў, якiх могуць судзiць у амэрыканскiх судох iншаземцы, — транснацыянальныя карпарацыi (ТНК), якiя садзейнiчаюць рэжымам, абвiнавачаным у грубых парушэньнях правоў чалавека. Найбольш вядомы гiстарычны прыклад — справа нафтавай кампанii «Unocal», абвiнавачанай у шчыльных сувязях з урадам дзяржавы Бiрама, якi груба парушаў нормы мiжнароднага права (ужываньне нявольнiцтва). Дзякуйчы намаганьням праўнiкаў, «Unocal» дасягнула шматмiлённага па-за-судовага пагадненьня i пазьбегла судовага прэцыдэнту, небясьпечнага для iншых ТНК.

Аналiз прэцыдэнтнага права ЗША сьведчыць аб тым, што да адказнасьці ў амэрыканскiм судзе можна таксама прыцягнуць ТНК, якiя маюць расейскiя каранi, напрыклад «Газпром». Пытаньне тэрытарыяльнай падсуднасьцi справы амэрыканскаму суду ў выпадку з ТНК можа вырашацца пазытыўна на падставе так званай тэорыi «мiнiмальных бiзнэс кантактаў» з ЗША (гл., напрыклад, справу 1945 г. Int’l Shoe Co. v. Washington, афiц. № - 326 U.S. 310). Сутнасьць дадзенай тэорыi ў тым, што як толькi замежная кампанiя пачынае займацца бiзнэсам на амэрыканскай зямлi, цi нават гандляваць з амэрыканскiмi кампанiямi, яна робiцца дасягальнай для пазоваў, заснаваных на парушэньнях амэрыканскiх законаў, у дадзеным выпадку — закону ATS. У гэтай сувязi дарэчы згадаць моцную зацiкаўленасьць «Газпрому» амэрыканскiм рынкам.

З аднаго боку, частка амэрыканскiх праўнiкаў абгрунтавана заклапочаная тым, што заканадаўства, накшталт закону ATS, можа стаць сур’ёзным ударам па разьвiцьцю амэрыканскай эканомiкi (гл. артыкул Gary Hufbauer, International Implications of the Alien Tort Statute, 16 St. Thomas L. Rev. 607). Але-ж, у той-жа час у Кангрэсе i ў Вярхоўным Судзе ЗША ёсць разуменьне падмацаванае цiскам некамэрцыйных праваабарончых арганiзацыяў, што павiнны iснаваць пэўныя стрымлiваючыя юрыдычныя мэханiзмы, якiя не дазваляюць ТНК рабiць грошы «на людзкiх касьцях» пры дапамозе супрацоўнiцтва з дыктатарскiмi рэжымамi.

Менавiта з гэтай прычыны амэрыканскiя судзьдзi й заканадаўцы намагаюцца знайсьцi «саламонава рашэньне» ў пытаньнi грамадзянскай адказнасьцi карпарацыяў за саўдзельнiцтва ў парушэньнях правоў чалавека. Паводле дасьледаваньня прафэсара юрыдычнай школы ўнiвэрсытэту Rutgers Camden з штату Нью-Джэрзi Beth Stephens, амэрыканскiя суды адмаўляюцца прыцягваць кампанii да адказнасьцi толькi на падставе факту iх бiзнэс-супрацоўнiцтва з «падазорнымi» ўрадамi. Аднак, калi icнуе больш пэўная прычынная сувязь памiж дзеяньнямi кампанii й парушэньнямi правоў чалавека ў замежнай дзяржаве, дык карпарацыя можа быць прыцягнутая да грамадзянскай адказнасьцi. У гэтай сувязi ўзгадаем шэраг пагадненняў з удзелам «Газпрому» i ўраду Лукашэнкi, якiя адсутнасьцю эканамiчнай лёгiкi выклiкалi шок у многiх расейскiх экспэртаў (гл., напрыклад). На хвiлiну ўяўляючы сябе амэрыканскiм судзьдзём, давайце задамо сабе рытарычнае пытаньне: што гэта было — «толькi бiзнэс» цi cьвядомыя дзеяньнi, скiраваныя на падтрымку рэжыму, мэтаю якога зьяўляецца поўнае зьнiшчэнне палiтычнай апазыцыi ў Беларусi?

Яшчэ адзiн цiкавы прыклад — нафтавая кампанiя «Лукойл», кiраўнiцтва якой, як вядома, мае шчыльныя зносiны з Лукашенка. На адной з апошнiх cустрэчаў прадстаўнікоў гэтай кампаніі з Лукашэнкам, якая адбылася ў студзенi 2006 году, непасрэдна перад супярэчлiвымi прэзыдэнцкімі выбарамi ў Беларусі, «Лукойл» атрымаў вязiзарную падтрымку з боку беларускага кіраўніка (гл. артыкул). Малаверагоднай бачыцца магчымасьць доказу таго, што «Лукойл» непасрэдна прымаў ўдзел у парушэньнях правоў чалавека ў Беларусi. Але-ж, даволi рэалiстычнай бачыцца спроба пераканаць амэрыканскi суд у тым, што «Лукойл» усьведамляў верагоднасьць грубых парушэньняў правоў чалавека пад час выбараў прэзыдэнта ў сакавiку 2006 году, i, больш за тое, магчыма жадаў такiх наступстваў. Верагодная мэта «Лукойлу» — усiмi сродкамi захаваць у Беларусi ўладу, якая гарантуе кампанii рахманае жыццё i прыбытак. Магчымая карысьць для Лукашэнкi — эканамiчная выгада i ўзмацненьне аўтарытэту рэжыму. А вось, магчыма, i першы ўскосны доказ таго, што кiраўнiцтва «Лукойлу» магло ўсьведамляць верагоднасьць (i жадаць) перамогi Лукашэнкі любым, нават крывавым, спосабам: пасаду старшынi кансультатыўнага савету «Лукойл-Белорусии», даччынага прадпрыемства «Лукойлу», займае былы кiраўнiк прэзыдэнцкай адмiнiстрацыi i экс-дзяржсакратар Савету Дзяржаўнай Бясьпекi Беларусi Урал Латыпаў. Нарэшце, бiзнэс-сувязь «Лукойлу» з ЗША сёньня вiдавочная: амэрыканскiя аўтамабiлiсты ўжо доўгi час карыстаюцца запраўкамi, якія маюць дзiўную расейскую назву «Lukoil».

 

Цi ёсць шанец?

На думку аўтара гэтага артыкулу, якi прааналiзаваў дзесяткi рашэньняў судоў ЗША па справах аб парушэньнях правоў чалавека, найбольш пэрспэктыўнымi могуць быць дзьве катэгорыi позываў да парушальнiкаў правоў чалавека ў Беларусi. Першая — гэта справы аб найбольш абуральных парушэньнях правоў чалавека, напрыклад, па заявах сваякоў вядомых беларускiх дзеячоў, якiя, магчыма, зьнiклi цi былi забiтыя па палiтычных матывах. Другая — гэта супольныя пазовы (так зв. «class action») грамадзянаў Беларусi, якiя-б аб’ядналi ў сабе меньш абуральныя факты, але паказалі сур’ёзнасьць i cыстэматычнасьць праушэньняў правоў чалавека, напрыклад, магчымых дзеяньняў ўлады, накiраваных на cьвядомую дыскрымiнацыю беларускамоўнага насельнiцтва альбо зьнiшчэньне палiтычнай апазыцыi ў Беларусi.

Безумоўна, у кожным асобным выпадку патрабуецца ацэнка фактаў парушэньняў правоў чалавека ў Беларусi ды iх аналiз праз прызму iснуючага прэцыдэнтнага права ЗША. Толькi такiм чынам магчыма вызначыць патэнцыйную пасьпяховасьць канкрэтнага позыву. Зараз прыгадаем толькi некалькi апошнiх рашэньняў судоў ЗША, якiя, магчыма, зацiкавяць беларускiх праваабаронцаў.

У 2002 годзе ў справе Tachinova v. Zimbabwe Patriotic Front (афiц. № - 234 F.Supp. 2d 401) амэрыканскi суд дасьледаваў факты шматлiкiх парушэньняў палiтычных правоў i свабодаў грамадзянаў кiруючай партыяй Зiмбабвэ i знайшоў, што такiя парушэньнi мелi cыстэматычны i абуральны характар i зьяўлялiся дастаткова грубым парушэньнем мiжнароднага права. У вынiку, суд прынял гэтую справу да разгляду.

У 2004 годзе амэрыканскi суд разглядаў справу па пазову сяброў забароненага ў Кiтаі прадэмакратычнага духоўнага руху Falun Gong да афiцыйных асобаў Кiтаю (афiц. № – 349 F. Supp. 2d 1258). Суд зрабiў выснову, што афiцыйныя асобы не абароненыя iмунiтэтам ад пазоваў у амэрыканскiм судзе, таму што яны груба парушалi кiтайскую канстытуцыю, дапусьцiўшы катаваньнi. Акрамя таго, паводле суду, катаваньнi зьяўлялiся даволi цяжкiм парушэньнем мiжнароднага права, i cуд прыняў гэтую справу да разгляду.

 

Шанец — ёсць!

Безумоўна, iншаземцу зусiм ня проста выйграць у амэрыканскiм судзе справу аб парушэньнях правоў чалавека, i толькi невялiкi працэнт пададзеных пазоваў завяршаецца вырокам супраць адказчыкаў. У дадатак да цяжкасьцяў, аб якiх ішла гаворка вышэй, давядзецца сутыкнуцца з iншымi працэсуальнымi перашкодамi, напрыклад, тэрмiнам даўнасцi (па агульнаму правiлу — 10 год), дактрынаю «палiтычнага пытаньня» (суд адмаўляе ў пазове з прычыны надта сур’ёзных зьнешнепалiтычных наступстваў справы), а ў некаторых выпадках i з патрабаваньнем праходжаньня ўнутрыдзяржаўных судовых установаў ўсiх узроўняў ў краiне, дзе былi парушаныя правы чалавека.

Нягледзячы на ўсе пералiчаныя складанасьцi, беларускiм праваабарончым арганiзацыям варта зьвярнуць пiльную ўвагу на гэты сродак абароны правоў чалавека, якi лiчыцца адным з самых эфэктыўных прававых мэханiзмаў абароны правоў чалавека ў сьвеце. Ва ўмовах пагрозы дзяржаўнаму сувэрэнiтэту Беларусi, перамогай будзе хаця-б тое, што грамадзяне, чые элемэнтарныя правы парушаныя, атрымаюць магчымасьць выказацца перад непрадузятым судом. Таксама было-б вельмi цiкава паслухаць судовую ацэнку сьведчаньняў былых беларускiх службоўцаў, якiя не адмаўляюцца ад такiх сьведчанняў (гл., напрыклад, кнiгу былога начальнiка менскага сiза А. Алкаева «Расстрельная команда»).

Акрамя таго, праўнiкi кожнай паважаючай сябе буйной мiжнароднай карпарацыi не абмiнаюць гаворкi пра магчымыя наступствы закону ATS для гэтых карпарацыяў. Калi расейскiя кампанii, якiя падтрымлiваюць рэжым Лукашэнкi, плянуюць выходзiць на рынкi ЗША, яны ня мусяць ведаць, што праблема закону ATS iх не закране.

Беларускiя праваабарончыя арганiзацыi здольныя ажыцьцявiць збор i ўпарадкаваньне фактаў парушэньняў правоў чалавка ў Беларусi, і ў той-жа час iх амэрыканскiя калегi здольныя зрабiць юрыдычную ацэнку гэтых фактаў i падрыхтаваць пэрспэктыўныя пазовы.

Разам з тым, неабходна зразумець даволi простую рэч: у сучасным сьвеце грошай i бiзнэсу анi Ўладзiмер Пуцiн, анi Эўразьвяз, анi Джорж Буш, анi нават Вярхоўны Суд ЗША ня зробяць па ўласнай iнiцыятыве беларусам падарунак пад назваю «дэмакратыя». Каб здабыць сёньня права сваёй нацыi на iснаваньне, трэба самастойна шукаць i выкарыстоўваць любыя эфэктыўныя прававыя сродкi, адным зь якiх, безумоўна, зьяўляецца мэханiзм, апiсаны ў гэтым артыкуле.

 

P.S. Пытаньнi да аўтара дасылайце на электроннаю пошту: BelarusATCA@yahoo.com