|  
             
  | 
             25 жнiўня ўдава тэлеаператара Дзмiтрыя Завадскага, 
              якi быў гвалтоўна скрадзены 7 лiпеня 2000 года, другi раз выйшла 
              замуж. Напярэдаднi Святлана Завадская дала эксклюзiўнае iнтэрв'ю 
              журналiсту «Народнай волi»: 
             — Святлана, многiя, калi даведвалiся, што ты афiцыйна збiраешся 
              заключыць шлюб, даволi катэгарычна заяўлялi: навошта гэта, жылi 
              б так, не прыцягвалi да сябе ўвагi... 
             — Мы вырашылi не толькi афiцыйна заключыць шлюб, але i зрабiць 
              вяселле. I не таму, што мне гэтага вельмi хацелася, што я не магла 
              без гэтага, — сказала мне Святлана. — Спачатку мы думалi, што цiхенька 
              распiшамся i ўсё. Але потым нават сваякi настаялi на тым, каб мы 
              зрабiлi вяселле. Напрыклад, за апошнi час у маёй сям'i адбылося 
              тры пахаваннi. Атрымлiваецца, што ўсе сваякi сустракаюцца толькi 
              на такiх сумных мерапрыемствах. I мы падумалi, што нашае вяселле 
              — магчымасць сабраць нашых родных i блiзкiх з прыемнай нагоды. Да 
              таго ж мой абраннiк жэнiцца ўпершыню. I я пайшла на гэты крок яшчэ 
              i з-за яго... 
             — А ты ўпэўнена, што ўсе цябе зразумеюць, шчыра парадуюцца? 
              Цябе не палохаюць размовы за спiнай, абгаворы, асуджэннi? 
             — Я ўжо столькi перажыла, што разумею: абгавораў i плётак баяцца 
              не варта. Людзi ўсё роўна будуць гаварыць, хочацца табе гэтага альбо 
              не. Я прыйшла да высновы, што ўсiм дагадзiць немагчыма. Таму думаю 
              не пра тое, хто i што скажа, а перш за ўсё пра сябе i пра сваё дзiця. 
              Сяргей цалкам разумее, якая трагедыя адбылася ў маiм жыццi i падтрымлiвае 
              мяне ва ўсiм. Ён вельмi паважае Дзiму i кажа, што саступiў бы мяне 
              толькi яму. Думаю, што з дапамогай Сяргея я здолею больш зрабiць 
              для таго, каб даведацца, што адбылося з Дзiмам. Так што няхай прадстаўнiкi 
              беларускай улады не думаюць, што калi Завадская выйшла замуж, значыць, 
              яна ўсё даравала i супакоiлася. Я супакоюся толькi тады, калi атрымаю 
              адказ на пытанне, якое задаю паўсюль ужо больш за шэсць гадоў: «Дзе 
              Дзмiтрый Завадскi?». Цяпер побач са мной ёсць чалавек, якi 
              зможа не толькi дапамагчы, але i абаранiць мяне. 
             — А як сын ставiцца да таго, што ты другi раз бярэш шлюб? 
             — У прынцыпе, гэта менавiта Юра падштурхнуў мяне да вяселля. I 
              жартам, i ўсур'ёз ён гаворыць: «Калi б не я, мама, то выгнала б 
              ты свае шчасце...» Яны з Сяргеем як сябры. I мне прыемна, 
              што памiж iмi лiтаральна з першага дня склалiся такiя адносiны. 
              Сярожа ставiцца да яго, як да свайго сына. Лiтаральна праз некалькi 
              тыдняў пасля нашага знаёмства Сяргей зрабiў Юры даволi дарагi падарунак. 
              Калi я выказала сваё здзiўленне, ён проста адказаў: «Твой сын — 
              гэта мой сын». Гэта фраза шмат значыла для мяне. Бо я ведаю, 
              што многiя мужчыны могуць забяспечыць дзiця фiнансамi, але далёка 
              не кожны ўскладзе на сябе функцыi бацькi. А Сяргей змог гэта зрабiць. 
              Пры гэтым Юра добра разумее, што Дзiма быў, ёсць i застанецца для 
              яго родным бацькам. 
             — Ты параўноўваеш Сяргея з Дзiмам? 
             — Не ведаю, прыемна будзе гэта чуць Сяргею альбо не, але адкажу 
              шчыра: параўноўваю. Падчас нават у дробязях. Здагадваюся, Сяргей 
              гэта адчувае. Бо некалькi разоў я назвала яго Дзiмам. Мне падабаецца, 
              што ён з разуменнем да гэтага ставiцца, бо некаторыя мужчыны, калi 
              я ў iх прысутнасцi ўзгадвала Дзiму, рэагавалi даволi нервова, нават 
              крыўдавалi. 
             — Мяркую, рашэнне зноў выйсцi замуж далося табе нялёгка... 
             — Так. Я разважала паўгода. Сяргей двойчы прапаноўваў мне руку 
              i сэрца. I ўсе пытаннi, якiя ты цяпер задаеш мне, мучылi мяне саму. 
              I мне трэба было знайсцi адказы на iх. I прыняць правiльнае рашэнне. 
              Усе ведаюць, якi лёс напаткаў Дзiму. Шкада, вельмi шкада яго. Але 
              ж мне з сынам трэба жыць. Альбо я вызначаю свой асабiсты лёс, свой 
              спакой i жаночае шчасце, альбо раздумваю аб тым, што скажуць iншыя. 
              А што ўсе гэтыя гады бачылi людзi? Яны бачылi мяне на розных акцыях, 
              канферэнцыях. I толькi мой сын бачыў мае слёзы i адзiноту. I калi 
              з'явiўся Сяргей, толькi Юра зразумеў, што гэты чалавек павiнен надоўга 
              затрымацца ў нашым доме... Рашэнне аб шлюбе я прымала разам з сынам 
              i мамай. Я рада, што Юры — 15 гадоў, што ён ужо дарослы i ўсё разумее. 
              I калi я сказала, што мы не будзем рабiць вяселля, то першы, хто 
              абурыўся, быў менавiта сын. Ён сказаў: «Як гэта не будзе вяселля? 
              А я хачу, каб было!». Я зразумела, наколькi для яго гэта 
              важна, калi Юра сказаў, што першы раз у жыццi на маё вяселле апране 
              касцюм i гальштук. Хаця касцюмы ён увогуле цярпець не можа i нiколi 
              не апранае: у яго спартыўны стыль адзення! 
             — А як адрэагавалi на навiну Iрына Красоўская i Зiнаiда Ганчар? 
             — З Зiнай Ганчар мы даўно не размаўлялi. А вось Iрына падтрымала 
              мяне i павiншавала. На жаль, яна не змагла прысутнiчаць на вяселлi... 
              Таксама Людмiла Карпенка даслала з Нямеччыны сваё вiншаванне. Я 
              не хачу хаваць iнфармацыю пра вяселле. Не жадаю, каб першым аб тым, 
              што я выйшла замуж, паведамiў Лукашэнка цi Беларускае тэлебачанне, 
              як гэта было ў выпадку з Iрынай Красоўскай. Я хачу сама расказваць 
              пра гэта. Можа, нехта лiчыць, што больш чэсна жыць з палюбоўнiкам, 
              ад усiх хавацца i пры гэтым рабiць выгляд нецалаванай жанчыны. Я 
              так не хачу. I не разумею тых, хто мяркуе, што, выходзячы замуж, 
              я ледзь не злачынства здзяйсняю. Ведаю, што Дзiмы няма ў жывых, 
              ён не вернецца i я проста ўладкоўваю сваё далейшае жыццё. Але, паўтаруся, 
              гэта не значыць, што ўсё, што было ў маiм жыццi да гэтага шлюбу, 
              будзе забыта. Справа нашай сям'i высветлiць, што здарылася з Дзiмам. 
              Дарэчы, у маiм жыццi былi мужчыны, якiя казалi: ды кiнь ты гэтую 
              справу, усё роўна нiчога не даб'ешся, лепш выходзь за мяне замуж, 
              будзеш жыць шчаслiва i багата. Але я так не магу... 
             — Цяпер ты адчуваеш сябе больш спакойна? 
             — Так. Самае галоўнае — побач са мной разумны, сур'ёзны i шчыры 
              чалавек. За гэтыя шэсць гадоў я навучылася цанiць прыемныя дробязi. 
              Цяпер Сяргей робiць так, каб прыемнага ў маiм жыццi стала шмат... 
              
             Абраннiк Святланы Завадскай — сустаршыня незарэгiстраванай 
              арганiзацыi «Малады фронт» Сяргей Бахун: 
             «Мы пазнаёмiлiся ў Лiтве, — гаворыць Сяргей. — Па шчырасцi, я 
              закахаўся ў Святлану нашмат раней. Я чытаў амаль усе яе выступы 
              ў розных газетах, у тым лiку i ў «Народнай волi». Некаторыя 
              фрагменты яе iнтэрв'ю дагэтуль ведаю напамяць. Яна мне вельмi падабалася 
              па фотаздымках. Я думаў: добра было б з ёй пазнаёмiцца, хаця б проста 
              павiтацца, а потым недзе сустрэцца, як два знаёмыя чалавекi. Мы 
              сустрэлiся выпадкова. I калi пабачыў яе, то адразу падумаў, што 
              яна такая, якой я ўяўляў яе ў сваiх марах. З майго боку гэта было 
              каханне з першага погляду. Я разумеў, што жыву ў Брэсце, яна — у 
              Мiнску, што мне будзе цяжка дабiцца яе рукi. Але я ўсе свае рэсурсы 
              i энергiю накiраваў на тое, каб быць з ёй разам. Я здагадваюся, 
              што яна ўвесь час параўноўвае мяне з Дзiмам. Калi вырашыў прапанаваць 
              ёй руку i сэрца, параiўся з бацькам. Ён сказаў, што Святлана — асоба, 
              якой давялося шмат чаго перажыць. Што яе могуць раздражняць у маiх 
              паводзiнах нейкiя дробязi: напрыклад, як я стаўлю кубак. Я адказаў, 
              што буду ставiць кубак так, як ёй падабаецца. I ўсё буду рабiць 
              так, як яна хоча, толькi б яна была шчаслiвай...» 
             Дарэчы, у кватэры, дзе жыве Святлана, побач з тэлевiзарам стаiць 
              вялiкi фотаздымак Дзмiтрыя Завадскага. Света гаворыць, што яго прынёс 
              Сяргей... 
            
             
              Марына Коктыш 
              Народная воля 
            
               
               
             |