Беларусы ЗША і Канады за дэмакратыю і сапраўдную незалежнасьць Беларусі

05.09.2006

Удзельнікі 27-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі, прадстаўнікі беларускай грамады Злучаных Штатаў і Канады, якая прайшла 3 верасня ў штаце Нью-Джэрзы (ЗША), пагаднілі рэзалюцыю, у якой асудзілі «антынацыянальны аўтарытарны рэжым, які быў створаны ўзурпатарам Лукашэнкам».

Паводле рэзалюцыі, «антынацыянальны аўтарытарны рэжым Лукашэнкі» быў створаны ў выніку скасаваньня правоў і свабодаў грамадзянаў; тэрарызаваньня апазыцыйных сілаў і перасьледу ўсіх нязгодных з мэтамі й мэтадамі сёнешняй улады; патаптаньня нацыянальных каштоўнасьцяў, беларускай мовы й культуры, ліквідацыі беларускамоўных школаў; самаізаляцыі дзяржавы на міжнароднай арэне; авантурніцкага й недальнабачнага кіраваньня эканомікай; гандлю суверэнітэтам і незалежнасьцю краіны ў абмен на вышэйшую пасаду для Лукашэнкі ў суседняй дзяржаве; выкраданьня й зьнішчэньня палітычных апанэнтаў.

У дакуманце адзначаецца, што сёньня дэмакратычная апазыцыя Беларусі вымагае падтрымкі й дапамогі. «Сілы, якія змагаюцца супраць незалежнага дэмакратычнага выбару Беларусі сёньня, дзякуючы падтрымцы пэўных колаў Расеі й некаторых іншых краінаў, цалкам кантралююць дзяржаўны апарат, сродкі масавай інфармацыі ды ўсе іншыя сфэры жыцьця грамадства. Дзякуючы ўжыцьцю супраць беларускага народу карных ваенізаваных структураў ды брутальных рэпрэсыўных мэтадаў, рэжым Лукашэнкі здолеў запалохаць пэўную частку грамадства, а значная колькасьць нязгодных з рэжымам грамадзянаў апынулася на эміграцыі. Але істотная частка грамадства не скарылася і працягвае барацьбу. Выказьнікам волі гэтых людзей ёсьць дэмакратычная апазыцыя, што працуе ва ўмовах, блізкіх да абставінаў сталінскіх часоў і паваеннага камуністычнага тэрору ў Эўропе», — заяўляюць беларусы ЗША і Канады.

На думку падпісантаў рэзалюцыі, Аб’яднаная Эўропа, вызваленая ад таталітарызму, сёньня робіць для Беларусі значна меней, чым магла-б зрабіць. Беларусы Паўночнай Амэрыкі ўскладаюць спадзяваньні на ўрады ЗША і Канады ў справе дапамогі Беларусі дзеля дэмакратычных зьменаў і ў справе падтрымкі дэмакратычнай апазыцыі;

Беларусы заклікаюць урады ЗША, Канады й краінаў Эропы заявяць аб недапушчальнасьці незаконнага рэфэрэндуму пра такзваны «канстытуцыйны акт» незаконнай такзванай «саюзнай дзяржавы Беларусі й Расе». Таксама заклікаюць урад ЗША гарантаваць забесьпячэньне прынцыпаў Будапэшцкай дэклярацыі 1994 году аб гарантыях сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі.

Гучыць таксама заклік да ўсіх беларусаў і выхадцаў з Беларусі ў ЗША і Канадзе, амэрыканцаў і канадыйцаў з каранямі ў Беларусі, дапамагчы сваёй Бацькаўшчыне і краіне продкаў аднавіць дэмакратыю і сапраўдную незалежнасьць. Зрабіць гэта можна праз дапамогу дэмакратычнай апазыцыі Беларусі ў выглядзе збору фінансавых сродкаў, удзелу ў кампаніях салідарнасьці й пратэсту, падтрымкі заканадаўчых ініцыятываў даатычных Беларусі, працы з сваімі сэнатарамі й кангрэсмэнамі, інфармаваньня парлямэнтароў і прадстаўнікоў урадаў пра становішча ў Беларусі, адзначэньня адмоўнай ролі Расеі ў беларускім пытаньні, прыцягненьня ўвагі да непасьлядоўнай пазыцыі Эўразьвязу да рэжыму Лукашэнкі (асуджэньне на словах і актыўны гандаль).

«Разам, аб’яднаўшыся, мы усе — каму дарагая Беларусь і ейная будучыня — зможам дабіцца пералому сёнешняга становішча ў Беларусі, зможам справай дапамагчы дэмакратычнай апазыцыі, зможам наблізіць дзень краху рэжыму, які называюць апошняй дыктатурай Эўропы», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Хартия-97