|    Сённьня — Дзень салідарнасці журналістаў. 
            На Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў, бадай, ніхто з калегаў 
              не забывае ўзняць тост. А ці кожны памятае вытокі гэтай каляндарнай 
              даты? 
              Наўмысна пазбягаю слова «свята». Хутчэй гэта мемарыяльны дзень. 
              Ён абраны ў 1958 годзе кангрэсам Міжнароднай арганізацыі журналістаў 
              на знак памяці пра загіблага ў фашыстоўскай катавальні Юліуса Фучыка. 
              Мы не проста ўшаноўваем подзвіг нязломнага публіцыста, аўтара слыннага 
              «Рэпартажу з пятлёй на шыі». Пафас Міжнароднага дня салідарнасці 
              журналістаў скіраваны супраць любых рэпрэсій, якія, на жаль, і сёння 
              абрынаюцца на людзей адной з самых небяспечных гуманітарных прафесій. 
              Каб цвярдзей супрацьстаяць цемрашалам, нам варта шчыльней гуртавацца. 
             Беларусь, паводле свежага дакладу праваабарончай організацыі «Фрыдам 
              Хаус», фігуруе ў ліку самых рэпрэсіўных краінаў свету — побач з 
              Гаіці, Зімбабве, Кітаем, Кубай, Лівіяй, Паўночнай Карэяй, Суданам, 
              Туркменістанам, Узбекістанам, Эрытрэяй... 
             Заўважце: іншых еўрапейскіх дзяржаў у пераліку няма. Беларусь 
              — сапраўды «чорная дзірка» кантынента, адметнага панаваннем дэмакратычнага 
              ладу. Тутэйшыя ўлады здабылі сабе герастратаву славу ўжываннем адмысловага 
              арсеналу задушэння вольнага слова — ад пагібельных для выданняў 
              штрафаў да адпраўкі журналістаў на «хімію». 
              Гэты арсенал не зачахлёны і па сёння. Таму беларускія незалежныя 
              журналісты працягваюць пісаць свае рэпартажы з метафарычнай (і то 
              дзякуй богу!) пятлёй на шыі. 
             Тыя, хто піша не на загад вярхоў, адчуваюць, бы вяроўку на горле, 
              пагрозу судовых пазоваў ад прадстаўнікоў высокага чынавенства. А 
              таксама пагрозу быць збітым ці трапіць у пастарунак падчас гарачых 
              вулічных падзеяў (што масава здаралася на выбары мінулай вясною). 
              І нават пагрозу загрымець за краты паводле артыкулу аб дыскрэдытацыі 
              Рэспублікі Беларусь. 
             Актывізаваліся і тыя групоўкі (або выкарыстальнікі іх брэнду), 
              што, мусіць, нераўнадушныя да ідэйнай спадчыны катаў Юліуса Фучыка. 
              Злавесныя лісты атрымалі не так даўно ў рэдакцыі «Витебского курьера 
              М» і баранавіцкай газеты «Intex-press». 
             А тым часам былы міністр унутраных спраў на старонках выдання, 
              арыентаванага на супрацоўнікаў МУС, заклікае засвоіць рацыянальнае 
              зерне з «кодэксу гонару афіцэра», напісанага... Адольфам Гітлерам! 
              Але на гэта ў высокіх кабінетах — нуль увагі. Затое маракуюць, як 
              спрытней прыціснуць рэшту непадкантрольных медыяў ды іх супрацоўнікаў. 
              Незалежная журналісцкая супольнасць адсечана ад працэсу падрыхтоўкі 
              зменаў у медыя-заканадаўства. Між тым з вуснаў чынавенства гучаць 
              заявы, што наводзяць на трывожныя думкі. Напрыклад, пра намер «упарадкаваць» 
              найболей вольную на сёння сферу Інтэрнэту. Як у нас умеюць «упарадкаваць», 
              мы добра вывучылі на ўласнай скуры. 
             Што ж да прафесійнай салідарнасці, то гэта праблема сама па сабе 
              складаная. Бо ў любой творчай супольнасці дзейнічае моцны канкурэнтны 
              чыннік. «Уваткнуць кнот» — справа гонару. 
             Але ж у айчыннай журналістыцы найперш дзейнічае іншы чыннік — 
              палітычны. І падзяляюцца працаўнікі нашага цэху не паводле таленту, 
              а паводле прынцыпу лаяльнасці. Свежы прыклад такой палітыкі — правядзенне 
              3 верасня фестывалю кнігі і прэсы ў Паставах. Дзеячы пры пасадах 
              палічылі, што недзяржаўным медыям там няма чаго рабіць. Як казаў 
              герой Ільфа і Пятрова: «Кіса, мы з табой чужыя на гэтым свяце жыцця!». 
             Тым, хто працуе ў незалежнай прэсе, не варта, аднак, паддавацца 
              барыкаднай псіхалогіі. Насамрэч у прафесійнай журналістыкі — агульныя 
              крытэры. І ў дзяржаўных СМІ працуе шмат таленавітых, сумленных калегаў, 
              якія цураюцца прапагандысцкага бруду. Зрэшты, тыя, хто ліжа пяткі 
              начальству і топчацца па рэбрах ягоных непрыяцеляў, — таксама, прызнаем, 
              адмыслоўцы, нават віртуозы. Толькі іншага профілю. Так што сённяшняя 
              дата — не іх дзень. 
             А мы ўздымем келіхі за тое, каб не было ніякіх петляў на горле 
              незалежнай прэсы. 
              
            Алесь Уладамірскі 
                    
                       
               
             |