Дзень беларускай вайсковай славы ў Варшаве
8 сентября 2006

8 верасьня, у гадавіну славутай беларускай перамогі над расейскім войскам пад Воршаю ў 1514 годзе, беларускія студэнты арганізавалі ў Варшаве шэраг сьвяточных мерапрыемстваў. Сьвяткаваньне распачалося а 13 гадзіне урачыстым сходам у будынку Варшаўскага Унівэрсытэту, дзе прагучаў расповяд пра важнасьць і гераічнасьць падзеяў 1514 году. Потым некалькі соцень беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ў Польшчы па праграме імя Кастуся Каліноўскага, прайшлі праз цэнтар Варшавы з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі, беларускімі сьпевамі й воклічамі «Жыве Беларусь!».

Каліноўцы накіраваліся да ўсходні бераг Віслы, дзе адбыўся ўрачысты мітынг й ускладаньне кветак да помніку беларускаму змагару за незалежнасьць генералу Булаху Булаховічу. Каля памятнай шыльды славутаму беларусу прагучаў нацыянальны гімн «Магутны Божа».

«Сёньня мы сабраліся тут, каб ушанаваць памяць сапраўдных герояў Беларусі, якія самаахвярна загінулі у барацьбе за незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны. Зараз, амаль 500 гадоў мы памятаем іх подзьвігі й самі жадаем працягнуць іх сьвятую справу,» — гаворыць адзін з удзельнікаў акцыі Барыс Гарэцкі.

Акрамя гэтых мерапрыемстваў сёньня а 16 гадзіне ў залі Варшаўскага Унівэрсытэту адбудзецца выступ вядомага беларускага навукоўца прафэсара Міхася Чарняўскага, па заканьчэньні якога плянуецца сьвяточная вечарына й выступ рыцарскіх клюбаў.