|  
             
  | 
             Былы муж Сьвятланы Завадзкай, журналіст Зьміцер 
              Завадзкі, зьнік 7 ліпеня 2000 года. Паводле беларускай апазыцыі 
              і міжнародных праваабарончых арганізацыяў, да гэтага маюць дачыненьне 
              высокія беларускія службоўцы. 
            Сьвятлана Завадзкая – адна зь лідэраў арганізацыі “Мы памятаем”, 
              у лютым 2006 года разам зь Ірынай Красоўскай яна была прынятая ў 
              Белым Доме прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам. 
            З адукацыі Сьвятлана – мадэльер-канструктар жаночага адзеньня. 
            У інтэрвію "Свабодзе" Сьвятлана сказала: 
            "Можа, гэта будзе гучаць і банальна, але як дзіця, я веру 
              ў добрых і шчырых людзей, што іх больш, і што на іх трымаецца сусьвет. 
              Жадаю я пераменаў у маёй Беларусі, каб кіравалі ёю добрасумленныя 
              людзі. Каб мой сын Юрась жыў у свабоднай краіне. І не баяўся, што 
              калі ён прышпіліць бел-чырвона-белы значак, яго за гэта яго могуць 
              звольніць з інстытуту. Вось у гэта я веру і гэтага жадаю". 
               
            Тэкст онлайн-канфэрэнцыi зь Сьвятланай Завадзкай на Радыё свабода: 
             
            [ 11/09/2006 16:46 ]  
              Прывiтанне Святлана! Хачу вас спытаць... Чаму вы і вашыя таварышы 
              "па ідэі" (Халiп, Iвашкевiч, Сасiм i усё "пакаленне 
              джынс") ствараеце культ з Дзён салідарнасці і асаблiва з "джынса" 
              (маю на ўвазе фэст)? Канешне, салiдарнасць - гэта сьвятое,, але 
              ж не на столькі.... Ці ведаеце вы, што "джынс" як сымбаль 
              нашай рэвалюцыі не прымае ВЕЛЬМІ ВЯЛІКАЯ колькасць людзей! Фактычна 
              , распаўсюджваннем ідэі "джынсавай рэвалюцыі" займаецца 
              толькі не iснуючы рух ЗУБР. Выбачыце, але гэта яшчэ не пакаленне... 
              Дарэчы, зараз гэта вельмi нагадвае акцыі БРСМа. Усе ж ведаюць, што 
              "джынсавая рэвалюцыя" з трэскам правалілася... Так, менавіта 
              ПРАВАЛIЛАСЯ! Нiякай рэвалюцыi "у галавах" не было. там 
              быу толькi жах. Я не разумею, навошта адраджаць няўдалыя ідэі?!. 
              Навошта дзейнiчаць метадамi рэжыма??... Спадзяюся, што пасля прыходу 
              да ўлады дэм. сілау, нам не будуць кожныя пяць хвілін паказваць 
              па тэлевізары нашых "герояў у барацьбе з рэжымам" і беларусаў 
              не будуць сілком заклікаць паліць свечкі кожны месяц! ....спадзяюся..... 
              Ну, у любым выпадку, Я За СВАБОДУ i колер маёй рэвалюцыi - БЕЛЫ! 
              Дзякуй, з Днем салiдарнасьцi вас!  
             
            Добры дзень. Дзякуй за пытаньне.  
            Нягледзячы на тое, які колер рэвалюцыі хто прымае: Вы прымаеце 
              БЕЛЫ, я прымаю БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ, нехта ДЖЫНСАВЫ… Але ў незалежнасьці 
              ад таго, які колер мы выбіраем для ідэі, згадзіцеся, што перамены 
              вельмі патрэбныя нашай Беларусі. А ставіць сьвечкі ці не, гэта права, 
              а не абавязак, і прымусу тут ніякага ня мусіць быць. 
            Вы сьцьвярджаеце, што рэвалюцыя з трэскам правалілася. Я не магу 
              з Вамі пагадзіцца. Стаўцеся да гэтага як да пачатку рэвалюцыі. На 
              плошчы сярод тысячаў беларусаў была я, мой сын Юрась і шмат маіх 
              блізкіх і сяброў. І туды нас прывёў ня колер, а імкненьне да пераменаў. 
              І ў тых, хто знайшоў у сабе сілы прыйсьці туды, рэвалюцыя “ў галовах” 
              ужо пачалася. Я лічу, што ў тыя дні быць на плошчы АБАВЯЗАНЫ былі 
              ўсе сумленныя людзі нашае краіны – і гэта ня подзьвіг ці гераізм. 
              Згодная з Вамі, што ня варта было прысвойваць рэвалюцыі імя "джынсавая", 
              бо ў кожнага яна была свая. Але ў той жа час аб’ядноўвала нас салідарнасьць 
              у імкненьні да пераменаў і да таго, што мы хацелі і хочам жыць у 
              свабоднай краіне. І кожны цяпер, пасьля тых падзеяў, можа знайсьці 
              нейкія хібы. Але я лічу, што варта шукаць у тых падзеях і ў сёньняшняй 
              барацьбе ня тое, што нас разьядноўвае, а тое, што нас аб’ядноўвае. 
              Таму менавіта й лёзунг Я ЗА СВАБОДУ стаўся агульным для ўсіх нас! 
             
            Не разумею, чаму Вы вырашылі, што мае таварышы “па ідэі” – гэта 
              толькі Халіп, Івашкевіч, Сасім, пакаленьне джынс і неіснуючы ЗУБР… 
              Яшчэ мае таварышы – Мілінкевіч, Хадыка, Арлоў, Шушкевіч, Вячорка, 
              Калякін, Лябедзька, існуючы "Малады Фронт" і шмат іншых 
              сумленных беларусаў. Я здольная падтрымаць любую здаровую ініцыятыву, 
              але не бяздумна, а толькі тады, калі яна дапаможа нам усім наблізіць 
              “Дзень пераменаў” і ні ў якім разе не раскалоць дэмакратычныя сілы. 
             
               
            [ 11/09/2006 18:54 ]  
              Сьвятлана, выказваю салідарнасьць з Вашым змаганьнем. І пытаньне. 
              Ваш муж нейкі час працаваў аператарам у Лукашэнкі. Ці расквазваў 
              ён што-небудзь пра яго як пра чалавека, якое ён (Лукашэнка) рабіў 
              уражаньне "за кадрам"?  
              
            Добры дзень! Дзякуй за салідарнасьць. 
            Так, сапраўды, Дзіма працаваў апэратарам у Лукашэнкі ад 1994 да 
              1997 г. Але ж ведаеце, што тычылася яго прафэсійных абавязкаў, тут 
              ён стараўся ні з кім не дзяліцца сваімі думкамі. Можа быць, таму, 
              што сям’я для яго была сям’ёю, а праца – працаю, і тут ён вельмі 
              выразна праводзіў мяжу. Адно дакладна памятаю, што калі Дзіма сыходзіў 
              ад Лукашэнкі і я яго запытала, чаму, Дзіма адказаў: “Я не хачу, 
              каб людзі мне плявалі ў твар”.  
              [ 11/09/2006 20:53 ]  
              Пытаньні да Святланы Завадскай: Паважаю мужнасьць вашага загінуўшага 
              мужа, і вашу ў сувязі з тым пазыцыю. Улада сьвядома рыхтуе гвалтаўнікоў, 
              катаў і забойцаў дзеля абароны сябе любімай, як была выразна прадэманстравана 
              у выпадку з вамі падчас акцыі, а затым з цэлай калёнай моладзі, 
              жанчын і старых пасьля выбараў. Ваш выпадак стаў вітрынай стаўленьня 
              улады да апанэнтаў. Ці ўдалося высьветліць імя гэнага “героя”. Якія 
              наступствы былі для яго і для вас? Дзед.  
              Прозьвішча таго “героя”, які мяне ўдарыў у твар – Давідовіч Ю.М., 
              баец АМАПу, здаецца, сяржант. Ведаеце зараз бязь жарту да таго інцыдэнту 
              нельга ставіцца. Таму што па матэрыялах справы гэта ня ён мяне біў, 
              а я зьбіла двух АМАПаўцаў. Спачатку я нібыта біла АМАПаўца Марцінкевіча, 
              а затым мне "пад раздачу" патрапіў і сам Давідовіч. І, 
              як вырашыў суд Цэнтральнага раёну г.Менску, у той дзень, 7-га ліпеня 
              2005 году, супрацоўнікі АМАПу мяне і пальцам не чапалi. 
            А калі сур’ёзна, гэта быў сапраўдны жах. Бо сёньняшнія суды могуць 
              апраўдаць любыя злачынствы ўладаў, якія б відавочныя яны ні былі. 
              І далей наша судовая сыстэма становіцца ўсё горш і горш. Асаблівыя 
              прыклады таму – судовыя працэсы над моладзьдзю пасьля сакавіцкіх 
              так званых выбараў у прэзыдэнты.  
              
            [ 11/09/2006 20:53 ]  
              Зьнікненьне Завадскага прыпісваецца СОБРаўцу, кіраўніку паўфашысцкай 
              арганізацыі РНЕ Ігнатоўскаму, які па іншых справах садзіць пажыцьцёва 
              ў вязьніцы. Як вы ставіцеся да гіпотэзы, што ў сувязі зь небывалай 
              актыўнасьцю РНЕшнікаў апошнім часам, загадкавымі акалічнасьцямі 
              сьмерці дыпляматаў зь Літвы і Польшчы ён (Ігнатоўскі), можа, ужо 
              зноў на волі? Дзед  
             
              Я ведаю дакладна тое, што сама чытала ў недзяржаўнай прэсе і чула 
              ад некаторых юрыстаў. Ігнатовіч (не Ігнатоўскі) зараз знаходзіцца 
              ў Жодзінскай турме. Ён там зараз у вельмі кепскіх умовах, і як распавядалі 
              яго родныя, гэтыя ўмовы вельмі адмоўна ўплываюць на яго здароўе. 
              Улады спадзяюцца і чакаюць, што ён памрэ, і гэта будзе вельмі зручны 
              варыянт, бо тады Ігнатовіч ніколі ня зможа даказаць сваю невінаватасьць. 
              Я не лічу, што пасьля таго, што з Ігнатовічам ужо зрабіла турма, 
              ён ніколі ня стане ў шэрагі забойцаў. Але гэта толькі маё суб’ектыўнае 
              меркаваньне. Што зараз з Ігнатовічам – дакладна мне не вядома.  
             
              [ 11/09/2006 21:33 ]  
              Sviatlana, ne haceli b vy kinuc use i zjehac za miazhu, jak Zaharanka, 
              Krasouskaja, tysiachy inshyh? Shto vas trymaje u Belarusi? Baleslau, 
              Hrodna  
             
            Гэта вельмі складанае пытаньне. Таму, што я разумею – такім людзям 
              як я заставацца ў Беларусі небясьпечна. Але я разумею й тое, што 
              я апошняя з удоў, якая займаецца справай зьніклых тут, у Беларусі. 
              Я адчуваю, што на мне ляжыць вялікая адказнасьць і я сёньня патрэбная 
              сваёй краіне. А яшчэ, у дадатак да ўсяго, я нядаўна прачытала на 
              Свабодзе, што такі паважаны і знакаміты чалавек як Уладзімер Арлоў 
              верыць у будучыню Беларусі і ў мяне ў тым ліку. Ну і як пасьля ўсяго 
              гэтага зьедзеш?  
             
              [ 11/09/2006 21:38 ]  
              Sveta, shto vy vedajece pra asudzanyh u sprave zniknennia Zmicera 
              -- jany siadziac za kratami ci uzho na voli? BX  
             
              Я ўжо адказвала на падобнае пытаньне. Па маіх зьвестках, Ігнатовіч 
              зараз адбывае пакараньне ў Жодзінскай турме. У дадатак я ведаю, 
              што адзін з тых, хто праходзіў па справе аб зьнікненьні Зьміцера, 
              Савушкін, летась быў адпушчаны на волю. На сайце “Беларускага партызана” 
              www.belaruspartizan.org было цікавае інтэрвію зь ім.  
             
              [ 12/09/2006 00:06 ]  
              Sviatlana, dobry dzien. Sto dla vas zjaulajecca sensam zyccia? Dziakuj, 
              Alena.  
             
              Добры дзень, Алена. 
            Я вельмі сямейны чалавек. І таму сэнс жыцьця для мяне – гэта шчасьце 
              і спакой у маёй сям’і.  
            А ў глябальным паняцьці сэнс жыцьця для мяне – Свабода і Адраджэньне 
              маёй Беларусі. Бо бяз гэтага і ў маёй сям’і няма спакою.  
             
              [ 12/09/2006 10:35 ]  
              Шаноўная спадарыня Сьвятлана, хачу павіншаваць Вас і Сяржука 
              Бахуна са шлюбам. Памятаю, гады з паўтары таму браў інтэрвію ў Сяржука 
              і пераканаўся, які гэта мужны і адначасова лагодны і душэўны чалавек. 
              Жадаю Вам шчасьця! Перадавайце прывітаньне Сяржуку. Маё пытаньне 
              да Вас: чым бы Вы хацелі займацца, калі ў Беларусь прыйдзе сапраўдная 
              свабода? Ці ёсьць у Вас мара - у прафэсыйным пляне? З павагай, Алесь 
              Кудрыцкі  
             
              Прывітаньне, Алесь! 
            Дзякуй за віншаваньне. Мне Сяржук аб Вас распавядаў і нават даваў 
              чытаць тое інтэрвію ў Нашай Ніве. 
            А што тычыцца пытаньня. Я вельмі мару аб тым часе, калі прыйдзе 
              Свабода на Беларусь, і мы зможам усе сябе рэалізаваць у прафэсійным 
              пляне. Я ведаю, што многія з тых, хто зараз у апазыцыі, займаюцца 
              палітыкай выключна ў сілу абставін. Па першай адукацыі я мадэльер-канструктар 
              жаночага адзеньня і заўсёды марыла, каб у мяне была свая крама моднага 
              адзеньня. Але зараз я атрымліваю адукацыю палітоляга, і таму пакуль 
              дакладна ня ведаю, якая з дзьвюх маіх адукацыяў больш спатрэбіцца 
              свабоднай Беларусі.  
             
              [ 12/09/2006 13:15 ]  
              Святлана, як успрыняли Ваш новы шлюб Вашыя близкия, знаёмыя, 
              а таксама маци Дзмитрыя Завадскага?  
             
              Усе блізкія і знаёмыя ўспрынялі мой новы шлюб станоўча. Мы з маім 
              мужам Сяржуком яшчэ да гэтага часу прымаем віншаваньні з нагоды 
              вясельля. Хаця я ведаю, што ня ўсім наш шлюб даспадобы. Але гэта, 
              я лічу, могуць быць толькі тыя людзі, якія ня здольныя паставіць 
              сябе на маё месца і зразумець, што ў любым выпадку жыцьцё працягваецца, 
              якім бы сумным і горкім яно ні было раней. І кожны чалавек хоча 
              быць шчасьлівым зараз, а не калі-небудзь у другім жыцьці.  
             
              [ 12/09/2006 17:00 ]  
              Sveta, Chym zajmajecca vash syn? Kim hocha stac? Alina Paulava 
               
             
              Юрась зараз вучыцца ў дзясятай клясе. Цікавіцца інфарматыкай і тэхнікай. 
              Але заўсёды кажа, што будзе прэзыдэнтам. Што тычыцца майго меркаваньня, 
              то я б хацела, каб Юрась пайшоў па прафэсійнаму шляху ягонага таты 
              і зьвязаў свой лёс з тэлевізійнай журналістыкай. На жаль, зараз 
              у Беларусі няма незалежнай тэлевізіі, і таму разьвівацца прафэсійна 
              на Радзіме сёньня немагчыма. Спадзяюся, у хуткай будучыні такая 
              магчымасьць зьявіцца.  
             
              [ 12/09/2006 17:23 ]  
              Раскажыце пра сустрэчу з Бушам. Якое ён зрабіў на Вас уражаньне? 
              Ці пагаджаецеся Вы зь меркаваньнем, што Буш-малодшы - недалёкі чалавек? 
             
             
              Джордж Буш пакінуў у мяне ўражаньне разумнага чалавека, у якога 
              вельмі добрае пачуцьцё гумару. Напрыклад, пра Біла Клінтана не казалі, 
              што ён недалёкі чалавек, але ж я сумняюся, што Клінтан ведае аб 
              Беларусі больш, чым, Джордж Буш-малодшы. Таму мае ўражаньні сфармаваліся 
              менавіта з гэтага падыходу. Я лічу, што чуткі аб недалёкасьці Буша-малодшага 
              былі “запушчаныя” крамлёўскімі СМІ. Многія крытыкуюць Джорджа Буша 
              за вайну ў Іраку, але ніхто ня ведае, што зрабіў бы ён сам на месцы 
              Буша пасьля жудаснай трагедыі 11-га верасьня, гадавіна якой была 
              на гэтым тыдні.  
             
              [ 12/09/2006 17:29 ]  
              Шаноўная Сьвятлана, ці маюць нейкі рэальны і канкрэтны эфэкт 
              акцыі салідарнасьці, якія праводзяцца 16-га кожнага месяца?  
             
             
              Я ня ведаю, які канкрэтны эфэкт ад акцый 16-га хто чакае. Але для 
              мяне, як для ахвяры гэтага рэжыму, гэты дзень вельмі важны, таму 
              што я адчуваю салідарнасьць шматлікіх людзей, якія думаюць і падтрымліваюць 
              усіх, хто пацярпеў ад гэтай улады. Кожны месяц 16-га такія акцыі 
              праводзяцца ня толькі ў Беларусі, але і ў ЗША і краінах Эўропы. 
              І гэта нагадвае ўладам Беларусі, што за падзеямі ў Беларусі ўважліва 
              сочаць па ўсім сьвеце. І паверце мне, гэта варта таго. Давайце ўспомнім, 
              што яшчэ гадоў пяць таму, аб Беларусі мала ведалі ў сьвеце, а зараз 
              нас падтрымліваюць усе цывілізаваныя краіны. І гэта ўсё дзякуючы 
              падобным ініцыятывам. Я спадзяюся, што ўсе нашыя акцыі важныя, і 
              жадаю, каб яны наблізілі нас да перамогі.  
            [ 12/09/2006 19:00 ]  
              Паважаная Сьвета! Я хачу Вас папросту павіншаваць з тым, што 
              Вы нарэшце ўладкавалі сваё асабістае жыцьцё :) Вы гэтага заслугоўваеце: 
              любая жанчына мае права быць шчасьлівай. Усяго Вам самага добрага 
              і віншаваньні з нагоды шлюбу! Алена.   
             
              Алена! Шчыры дзякуй Вам за добрыя словы і за тое, што Вы мяне разумееце. 
             
            [ 12/09/2006 19:13 ]  
              Сьвятлана! Як Вы ставіцеся да крытыкі? Сяржук  
             
              Я сама вельмі крытыкую сябе. Таму да крытыкі стаўлюся вельмі добра, 
              калі я адчуваю, што нешта мне патрэбна выправіць у сабе, у маі хсправах. 
              Я радая і дзякую ўсім за тое, калі мне робяць нейкія заўвагі.  
              
            [ 12/09/2006 19:14 ]  
              Сьвятлана! Скажыце калі ласка, што Вы чытаеце? Якія газэты, часопісы, 
              кнігі? Хто ў Вас Любімы журналіст, паэт і пісьменьнік? І яшчэ, якую 
              кніжку Вы марыце прачытаць, але адкладваеце гэта па самых розных 
              прычынах? Дзякуй! Сяржук  
            З газэтаў я чытаю "Народную Волю", "Нашу Ніву", 
              "Моладзевую думку", "Салідарнасьць" - усіх не 
              ўзгадаю, але чытаю многа, і шмат чытаю інтэрнэт-выданьняў. Што да 
              кніг, то на маім вясельлі прысутнічаў такі вялікі чалавек як пісьменьнік 
              Уладзімер Арлоў. Ён падараваў нам некалькі кніг, і адну зь іх, "Сланы 
              Ганібала", я зараз чытаю. Гэта вельмі цікавая кніга, яна складаецца 
              зь невялічкіх эсэ, якія былі напісаныя за 15 гадоў, і калі іх чытаеш, 
              здаецца, што яны было напісаныя сёньня, але потым глядзіш дату і 
              бачыш, што эсэ было напісанае 15 год таму, але ня страціла сваёй 
              актуальнасьці ані сёньня. Што да любімага пісьменьніка, то прыярытэты 
              з гадамі мяняюцца,  
             
            
                    
                       
               
             |