|    У Латвіі пачаліся акцыі на знак салідарнасьці 
              зь беларускай апазыцыяй. Сябры правай партыі «Новы час» ладзяць 
              марафоны ў майках з сымболікай «Вялікі джынсавы фэст 16 верасьня». 
              Марафоны адбудуцца ў розных гарадах краіны. На 16 верасьня заплянаваны 
              цэлы шэраг мерапрыемстваў. 
             У акцыях, якія адбываюцца ў розных гарадах Латвіі ўдзельнічаюць 
              сыны былога палітвязьня Міхаіла Марыніча Ігар і Павал. Першая эстафэта-марафон 
              адбылася 7 верасьня пад лёзугам: «Дэмакратыя супраць цынізму». Ігар 
              і Павал прыйшлі на акцыю ў майках з надпісам: «Вялікі джынсавы фэст». 
              Прэсавы сакратар «Новага часу» Дзіджыс Смітс — з бел-чырвона-белым 
              сьцяжком. Гэты сьцяжок пранесьлі як эстафэтную палачку ад Рыгі да 
              Вэнтспілсу. Ігар Марыніч паведаміў «Свабодзе»:  
            (Марыніч:) «Для нас акцыя Салідарнасьці з сем’ямі палітвязьняў 
              мае вялікае значэньне. Дэпутаты Сэйму ад «Новага часу» былі першымі, 
              хто напісаў ліст у падтрымку нашага бацькі, калі яго арыштавалі. 
              Дэпутат Эўрапарлямэнту Алдзіс Кушкіс з’яўляецца намесьнікам Багдана 
              Кліха ў дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях з Беларусьсю і аўтарам 
              шматлікіх ініцыятываў у падтрымку нашай барацьбы. Напярэдадні «Джынсавага 
              фэсту» латвійскія дэмакраты правядуць яшчэ некалькі эстафэт, а на 
              16 верасьня заплянаваныя сюрпрызы. Я толькі ведаю, што адным зь 
              іх будзе трансляцыя «Песьняў Свабоды» на латвійскіх FM-станцыях». 
             
            Уплывовая латвійская правая партыя «Новы час» і партыя «Беларускі 
              народны фронт» 7 верасьня падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве. 
             
            Аляксандар Васільеў і Валеры Леванеўскі пасьля выхаду на волю былі 
              ў Рызе на запрашэньне сяброў партыі «Новы час».  
            Латвійскія партнэры распрацоўваюць праграму дапамогі беларускім 
              палітрэпрэсаваным і іх сем’ям. Дзеці апазыцыянэраў, якія адбывалі 
              арышты ў часе выбарчай кампаніі, паедуць на аздараўленьне ў Латвію. 
              Латвійскі ўрад прыняў рашэньне аб прыёме на вучобу студэнтаў, адлічаных 
              у Беларусі за ўдзел у акцыях апазыцыі. Пакуль гэта 10 месцаў, але 
              ў наступным годзе квота будзе павялічаная. 
             
            Любоў Лунёва 
              Радыё Свабода 
                    
               
               
             |