Спадарожнікавы тэлеканал «TV Беларусь» мае пачаць працу ў 2007 годзе
25 сентября 2006

У 2007 годзе ўладальнікі спадарожнікавых антэнаў змогуць глядзець беларускамоўны тэлеканал, праграмы якога ў асноўным будуць асьвятляць падзеі ў Беларусі. Пра пляны і праблемы, якія паўстаюць перад арганізатарамі, Радыё Свабода распавёў прадстаўнік Камітэту ў справе падрыхтоўкі праекту тэлеканалу «TV Беларусь» пры Польскім грамадзкім тэлебачаньні Яраслаў Каменскі.

Яраслаў Каменскі — вядомы польскі рэжысэр, калісьці ён зьняў фільм пра чарнобыльскую катастрофу, часта бываў у Беларусі. Пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў яго пазбавілі права ўезду ў Беларусь на пяць гадоў, як і іншую кіраўніцу праекту — журналістку Агнешку Рымашэўску. Спадарожнікавы канал «TV Беларусь», якім яны цяпер займаюцца, будзе фінансаваць Польшча, іншыя краіны, якія пажадаюць далучыцца. Але канал задуманы як тэлебачаньне, якое будуць рабіць самі беларусы, зазначыў спадар Каменскі:

(Каменскі: ) «Афіцыйна гэта ініцыятыва польскага ўраду, які хоча, каб паўстаў тэлеканал, што перадаваўся б на тэрыторыю Беларусі. Але гэта ня значыць, што палякі робяць тэлеканал для беларусаў. Палякі стварылі магчымасьць для маладых беларускіх журналістаў, і ня толькі маладых, якія не знайшлі сябе ў лукашэнкаўскай рэчаіснасьці, працаваць на іншай станцыі, якая цяпер паўстае».

Гаворачы пра пляны пачатку вяшчаньня, спадар Каменскі пацьвердзіў, што ён разьлічвае на 2007 год.

(Каменскі: ) «Мы хацелі б як найхутчэй пачаць вяшчаньне, але калі, пакуль ня ведаю дакладна, магчыма, у лютым, магчыма, у сакавіку ці красавіку».

Спадар Каменскі прызнаў, што стварае ўнікальны праект, але й сытуацыя ў Беларусі ўнікальная для цяперашняй Эўропы. Прынцыповая пазыцыя стваральнікаў тэлеканалу «TV Беларусь»: канал павінен быць беларускамоўным. Хаця ня выключана, што будуць выкарыстоўвацца расейскія субтытры ці будзе іншая моўная вэрсія.

(Каменскі: ) «Тым ня менш, нашым абсалютным заданьнем (і ўсе людзі, якія робяць наш канал, ведаюць) зьяўляецца тое, што мы павінны трымацца беларускай мовы, бо адным з жаданьняў беларускага рэжыму зьяўляецца зьнішчэньне мовы».

На многія пытаньні спадар Каменскі пакуль ня хоча адказваць — напрыклад, пра тэхнічныя спосабы перадачы сыгналу, пра будучы штат, асабліва пра карэспандэнтаў, якія будуць працаваць на месцы:

(Каменскі: ) «Гэта датычыць правоў людзей, якім прыйдзецца некалі там працаваць у Беларусі, за што ім пагражаюць пэўныя санкцыі. Нас не арыштуюць, а іх могуць. Яны ведаюць пра гэта, але хочуць гэтым займацца. Ступень сьвядомасьці гэтых людзей немалая».

Спадар Каменскі перакананы, што справа, якой ён займаецца, абавязкова прынясе плён:

(Каменскі: ) «Я буду заўсёды заангажаваны і ў гэты канал, і ў іншыя беларускія справы, бо лічу, што людзі, якія жывуць у Менску ці Магілёве, маюць такое самае права на нармальнае жыцьцё, як і тыя, што жывуць у Варшаве, ля Бэрліна ці яшчэ дзе».


Валер Каліноўскі
Радыё Свабода