Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч не атрымаў
умоўна-датэрміновага вызваленьня.
Дакумэнты, якія былі падрыхтаваныя кіраўніцтвам папраўчай установы
ў Баранавічах, так і не дайшлі да суду.
4 верасьня палітыка пад канвоем даставілі з Баранавічаў ў Мар'іну
Горку, а пасьля — ў камэндатуру вёскі Блонь. На новым месцы ягоны
працоўны дзень доўжыцца ад 6:30 да 23:00 без перапынкаў на абед
і выходных.
«Паводле такога раскладу не працуе ніводны з «хімікаў». Але я вытрымаю:
я чалавек загартаваны, маю добрую фізычную падрыхтоўку. А галоўнае:
адчуваю маральную падтрымку маіх сяброў і паплечнікаў па сацыял-дэмакратычнай
партыі, усіх людзей, якім дарагая Беларусь і дэмакратыя», — заявіў
Мікола Статкевіч.
«За апошні месяц мяне спрабавалі напаіць, а пасьля вазілі здаваць
аналіз крыві на ўтрыманьне алькаголю. Мяне настойліва запрашалі
паўдзельнічаць у пікеце, які пасьля маёй адмовы не адбыўся. Далей:
калі я выходзіў на працу, мяне пачалі кантраляваць ня толькі супрацоўнікі
камэндатуры, але і «сэксоты» мясцовага КГБ. Спрабавалі наладзіць
бойку з маім удзелам».
Паводле Статкевіча, галоўная мэта ўладаў — адцягнуць дату вызваленьня.
Мікола Статкевіч асуджаны на 3 гады абмежаваньня волі за арганізацыю
акцыяў пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў рэфэрэндуму і парляманцкіх
выбараў у 2004 годзе. Болей за год ён адпрацаваў у папраўчай установе
адкрытага тыпу пры Баранавіцкім РУУС.
Радыё Свабода
|