|    Польскі рэжысэр Міраслаў Дэмбіньскі са студыі 
              «Эвэрэст» у супрацоўніцтве з першай праграмай Польскага тэлебачаньня 
              стварыў гадзінны дакумэнтальны фільм «Урокі беларускай мовы. Моладзь 
              супраць Лукашэнкі». 
            На гэты момант прайшло два камэрныя паказы фільма ў Рызе і Вільні, 
              польскай прэм’еры яшчэ не было. У аснове фільма расповед пра жыцьцё 
              вучняў закрытага Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа 
              цягам апошніх гадоў, іх удзел у палітычным жыцьці, пікам якога становяцца 
              выбары прэзыдэнта 2006 года і пасьлявыбарчыя пратэсты. 
            Аўтар наўмысна пэрсаніфікаваў свой расповед, які вядзецца ад імя 
              выпускніка ліцэю Франака Вячоркі. Перш за ўсё я спытаў Міраслава 
              Дэмбіньскага, у чым была ягоная мэта пэрсаніфікацыі беларускіх падзеяў 
              праз асобу Франака Вячоркі: 
            (Дэмбіньскі: ) «Мяркую, што Франак з’яўляецца фантастычным героем, 
              цікавым чалавекам, якога варта паказаць. А, па-другое, калі мы ў 
              фільме бачым аднаго героя, пазнаем яго з прыватнага боку, то нам 
              лягчэй сябе атаясаміць з ім, чуць тое, што ён чуе. І сувязь гледача 
              з тым, што адбываецца, будзе глыбейшай. Для людзей, якія не заангажаваныя 
              ў беларускую сытуацыю, лепшай дарогай яе зразуменьня з’яўляецца 
              Франак, а не напрыклад, Мілінкевіч, які таксама прэзэнтуецца ў фільме. 
              Калі глядач палюбіць Франака, а я такое заданьне сабе паставіў, 
              ён будзе перажываць ягоныя праблемы глыбей і эмацыйней». 
            Прагледзеўшы эмацыйныя сцэны пра масавыя пратэсты ў Менску пасьля 
              выбараў, пра разгоны акцыяў і пра арышт грамадзян, я пацікавіўся 
              ў спадара Дэмбіньскага пра ягоны досьвед працы ў Беларусі ў часе 
              выбараў. 
            (Дэмбіньскі: ) «Я быў чатыры разы ў Менску да выбараў цягам году, 
              маючы турыстычную візу, здымаў беларускія падзеі знутры, тое, як 
              моладзь да іх рыхтуецца. Але ў той момант, калі адбывалася тая галоўная 
              «бітва», у сакавіку, на мяжы мяне і яшчэ аднаго апэратара затрымалі, 
              высадзілі з цягніка і вярнулі ў Варшаву. Але два чалавека са здымачнай 
              групы здолелі выехаць у Менск. І ўпершыню за 20 гадоў працы я вымушаны 
              быў рэжысэраваць фільм праз мабільны тэлефон, увесь час з імі быў 
              ў кантакце. А адзін раз мелі мы тэлемост з Мілінкевічам праз інтэрнэт. 
              Гэта, дарэчы, знак часу, што ўжо не ўдаецца цалкам заблякаваць краіну… 
              Ну а пасьля ўсіх падзей адзін з сябраў здымачнай групы Пётр Дудановіч 
              адбыў 15 сутак на Акрэсьціна». 
            Я папрасіў спадара Дэмбіньскага раскрыць галоўную творчую задумку 
              ў фільме, які мае катэгарычны падзагаловак «Моладзь супраць Лукашэнкі»: 
            (Дэмбіньскі: ) «Відавочна, што сакавіцкія падзеі з’яўляюцца кульмінацыйным 
              момантам фільму, але я меў амбіцыі шырэй паказаць Беларусь з пэрспэктывы 
              маладых людзей, у вельмі драматычны момант. Паказаць, як выглядае 
              беларуская рэчаіснасьць. І я спадзяюся, што мне ўдалося падаць больш 
              чым толькі інфармацыю аб тым, што было ў сакавіку, што праз паказ 
              таго, як маладыя людзі дзейнічаюць, вучацца ў падпольлі, як яны 
              запісваюць дыскі, раздаюць незалежную прэсу, як яны будуюць незалежнасьць 
              і змагаюцца за сьвядомасьць іншых беларусаў, — рэчаіснасьць выяўляецца 
              глыбей, чым у інфармацыйнай перадачы». 
            У канцы размовы з аўтарам фільма «Урокі беларускай мовы» Міраславам 
              Дэмбіньскім я спытаў яго, чаму сярод шасьці моўных вэрсіяў фільму 
              (беларускай, польскай, ангельскай, францускай і нямецкай) няма расейскай? 
            (Дэмбіньскі: ) «Пакуль няма… Маёй марай было б, каб расейскае тэлебачаньне 
              паказала гэты фільм. Адносна таго, што паказвае расейскае тэлебачаньне 
              аб падзеях у Беларусі, такі фільм мог бы быць цікавым, магчыма, 
              кантравэрсыйным… Ды я б яшчэ даплаціў, каб расейскае тэлебачаньне 
              гэты фільм паказала. Прадаючы фільм заходнім тэлеканалам, я чакаў 
              бы ўвагі і зь таго боку». 
            Спадар Дэмбіньскі паведаміў, што мае ўжо дамовы пра паказ фільму 
              на тэлеканалах Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Харватыі. Копіі 
              прапанаваныя яшчэ 74 буйнейшым тэлекампаніям Эўропы і Амэрыкі, вядуцца 
              перамовы з буйнымі дыстрыбутыўнымі фірмамі, якія працуюць на розных 
              фэстывалях. Год таму спадар Дэмбінскі выпусьціў фільм пра Аранжавую 
              рэвалюцыю ва Ўкраіне, у будучыні зьбіраецца зьняць яшчэ адзін фільм 
              аб Беларусі пад назвай «Музычная партызанка» — пра беларускую рок-музыку. 
             
            
              
            Радыё свабода 
               
             |