Сёньня ў Жэнэве на другой сэсіі Рады правоў чалавека
ААН спэцыяльны дакладчык па Беларусі Адрыян Сэвэрын мае выступіць
cа справаздачай аб беларускай сытуацыі. Яшчэ 19 верасьня спадар
Сэвэрын меўся прадставіць гэты дакумэнт. Але тады разгляд пытаньня
перанесьлі на 27 верасьня.
Галоўнай тэзай справаздачы спэцдакладчыка ААН па Беларусі аналітыкі
лічаць наступную — «за апошнія два гады становішча ў галіне правоў
чалавека ў Беларусі няўхільна пагаршаецца». Адрыян Сэвэрын заклікае
беларускія ўлады «скончыць арышты і зьбіцьцё» ды пакараць вінаватых
у парушэньні правоў чалавека. Ён зьвяртаецца з заклікам да Рады
ААН «расьсьледаваць датычнасьць вышэйшых чыноўнікаў да зьнікненьня
і забойства палітыкаў і журналіста».
Усё гэтыя цытаты ўзятыя са справаздачы спадара Сэвэрына, якая патрапіла
ў мэдыі яшчэ 19 верасьня. У той дзень з-за арганізацыйных накладак
выступ не адбыўся. Валянцін Стэфановіч — сябра беларускай незарэгістраванай
праваабарончай арганізацыі «Вясна» таксама пазнаёміўся са справаздачай
спэцдакладчыка па Беларусі:
(Стэфановіч: ) «Безумоўна, я пагаджаюся з тымі высновамі, якія
робіць Сэвэрын. Становішча з правамі чалавека ў нас пагоршылася.
Гэта адзначаюць і беларускія праваабаронцы. Сёлета сытуацыя асабліва
жорсткая. Гэта зьвязана яшчэ і з тым, што адбываліся прэзыдэнцкія
выбары. Таму было даволі моцнае абвастрэньне з боку ўладаў. Гэта
і шматлікія затрыманьні, і вялікая колькасьць крымінальных спраў.
23 чалавекі па іх праходзілі — бальшыня зь іх ужо асуджаная на розныя
тэрміны пазбаўленьня волі. Працягваецца пагаршэньне сытуацыі са
свабодай слова, свабодай сумленьня».
Беларускія афіцыйныя ўлады называюць справаздачу Адрыяна Сэвэрына
«аднабокай і палітычна ангажаванай». Прынамсі, намесьнік кіраўніка
сталага прадстаўніцтва Беларусі пры аддзяленьні ААН і іншых міжнародных
арганізацыях у Жэнэве Андрэй Савіных лічыць, што такі падыход «не
садзейнічае канструктыўнаму супрацоўніцтву»:
(Савіных: ) «Мандат па Беларусі зьяўляецца рэліктам атмасфэры супрацьстаяньня
і канфрантацыі, якая дзейнічала у ранейшым Камітэце правоў чалавека
ААН. Ён супярэчыць новым інструмэнтам, якія распрацоўвае Рада ААН
і таму ён контрапрадуктыўны».
Створаная сёлета Рада правоў чалавека ААН замяніла ранейшую камісію
правоў чалавека ААН. Спадар Сэвэрын выступаў са справаздачай і на
першай сэсіі, дзе ён таксама рэзка крытыкаваў становішча з правамі
чалавека ў Беларусі. Тады ніякіх рашэньняў Рада не прымала. Цяпер
таксама прадугледжана абмежавацца дыскусіяй. Падчас цяперашняй сэсіі,
а яна будзе працаваць тры тыдні, яе ўдзельнікі хочуць спачатку заслухаць
усіх дакладчыкаў і толькі пасьля гэтага вынесьці рэкамэндацыі, якія
камісіі скасаваць, а якія пакінуць. Праўдападобна, што рашэньне
ў гэтай справе будзе прынятае толькі ў лютым 2007 году.
Уладзімер Глод
Радыё Свабода
|