На сэмінары Парлямэнцкай асамблеі НАТО 
                      ў Вільні абмяркоўваюцца палітычныя, эканамічныя, грамадзкія 
                      працэсы ў Беларусі і вядзецца дыскусія пра тое, як дапамагчы 
                      беларускаму народу, дэмакратычным сілам Беларусі і што рабіць, 
                      каб Беларусь не апынулася цалкам адрэзанай ад Эўразьвязу. 
                     Форум адкрылі кіраўнік дэлегацыі Бундэстагу ў ПА НАТО 
                      Карл Лямэрс і парлямэнтар Антанас Валёніс, былы міністар 
                      замежных справаў Літвы, і магчыма, будучы амбасадар Літвы 
                      ў Беларусі. Яны адзначылі узмацненьне палітычнага перасьледу 
                      апазыцыі ў Беларусі, парушэньне дэмакратычных нормаў, выказалі 
                      неспакой адносна далейшай ізаляцыі Беларусі.  
                    У сэмінары бяруць удзел парлямэнтары з краінаў-сябраў НАТО, 
                      прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў, палітолягі з розных 
                      краінаў, а таксама прадстаўнікі літоўскага ураду, прадстаўнікі 
                      грамадзкіх і палітычных арганізацыяў зь Беларусі — старшыня 
                      партыі БНФ Вінцук Вячорка і намесьнік старшыні Алесь Міхалевіч, 
                      намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук. Беларускія выступоўцы 
                      паведамлялі пра узмацненьне палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, 
                      шматлікія парушэньні дэмакратычных нормаў і правоў чалавека 
                      ў краіне.  
                    Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна 
                      паведаміла пра ціск на СМІ ў Беларусі і пра сытуацыю з альтэрнатыўным 
                      незалежным вяшчаньнем на Беларусь.  
                    Сэмінар арганізаваны літоўскай парлямэнцкай дэлегацыяй 
                      ў ПА НАТО з мэтай паспрыяць стварэньню ў Эўразьвязе яснай, 
                      канкрэтнай стратэгіі адносна таго, як зьмяніць становішча 
                      ў Беларусі і якім чынам спрыяць дэмакратызацыі краіны.  
                    Віцэ-старшыня дэлегацыі літоўскага Сойму ў ПА НАТО Раса 
                      Юкнявічэне цьвердзіць, што апошнім часам асаблівы неспакой 
                      выклікае візавая палітыка Эўразьвязу.  
                    (Юкнявічэне: ) «Чым больш людзей прыедуць ў Літву, пабачаць 
                      жыцьцё ў Літве, тым меней застанецца месца для прапаганды 
                      Лукашэнкі, паводле якой мы тут, нібыта, амаль паміраем з 
                      голаду. Неспакой выклікае ізаляцыя і самаізаляцыя Беларусі, 
                      я заўсёды казала, што Беларусь ізалюе найперш Лукашэнка, 
                      яго рэжым. Нам бракуе кантактаў, інфармацыі зь Беларусі, 
                      дзякуючы гэтаму сэмінару адновяцца нашыя кантакты, мы абмяняемся 
                      інфармацыяй, каб падштурхнуць, справакаваць новыя стратэгічныя 
                      дзеяньні з боку Эўразьвязу».  
                    Дэпутат літоўскага парлямэнту адзначыла, што Літва імкнецца, 
                      каб занадта высокія кошты на візы ў краіны Эўразьвязу не 
                      адштурхнулі беларускую грамадзкасьць ад нас і ад Эўразьвязу. 
                     
                    На двухдзённым сэмінары ПА НАТО ў Вільні будзе абмяркоўвацца 
                      і стратэгія НАТО і Эўразьвязу у дачыненьні да Беларусі, 
                      роля Беларусі ў якасьці краіны-суседкі з пункту гледжаньня 
                      суседніх краінаў, а таксама пэрспэктыва будучых дачыненьняў. 
                     
                    
                    Тацяна Поклад 
                      Радыё Свабода 
                      
                     
                     
                     |