|    Чарговы Дзень салiдарнасцi з палiтычнымi вязнямi 
              скончыўся ў Берасцi масавымi затрыманнямi моладзi. 16-га кастрычнiка 
              актывiсты кампанii «За свабоду» зладзiлi ў Берасцi акцыю з нагоды 
              Дня салiдарнасцi з ахвярамi беларускага рэжыму. Каля 25 чалавек 
              сталi ланцугом на Кобрынскiм мосце з вялiкiмi лiтарамi на грудзi, 
              утварыўшы жывы надпiс «Свабоду палiтвязням!». Нягледзячы на цёмны 
              час (акцыя ладзiлася ў 18-30), заклiк добра чытаўся, што было зразумела 
              па вiтальных гудках аўтамабiльных сiгналаў. 
            Праз 20 хвiлiн да удзельнiкаў пад`ехала патрульная машына з супрацоўнiкамi 
              Маскоўскага РАУС, якiя прапанавалi маладым людзям разыйсцiся. Моладзь 
              рушыла ў бок вулiцы МОПРа, дзе, запалiўшы свечкi, паспрабавала ўтварыць 
              маўклiвае кола. Тады мiлiцыянты на чале з намеснiкам начальнiка 
              ААПП Маскоўскага РАУС А.Тарасевiчам затрымалi 14 чалавек i даставiлi 
              iх у апорны пункт аховы правапарадку. Астатнiя ўдзельнiкi акцыi 
              разыйшлiся.  
            У «апорцы» з маладых людзей узялi тлумачэннi i правялi «прафiлактычныя 
              гутаркi», якiя зводзiлiся да звычайных пагроз пра праблемы з вучобай. 
            Апошнiх удзельнiкаў акцыi выпусцiлi ў 22-00. Пратаколы аб адмiнiстрацыйным 
              правапарушэннi не складалiся, таксама як i пратаколы затрымання. 
              Свае паводзiны супрацоўнiкi мiлiцыi патлумачылi неабходнасцю высвятлення 
              асобаў маладых актывiстаў. 
            Падаем няпоўны спiс мiлiцыянтаў, што ўдзельнiчалi ў затрыманнi: 
            Аляшчэня Сяргей Аляксандравiч, 
            Мiцковiч Аляксандр Яўгенавiч, 
            Тарасевiч Аляксандр Уладзiмiравiч, 
            Саланевiч Валерый Васiльевiч, 
            Сыч Радзiён Аляксеевiч. 
               
            Хартия-97 
               
               
               
             |