Беларускія студэнты пікетавалі беларускія прадстаўніцтва ў Варшаве і Беластоку
17 октября 2006

У панядзелак 16 кастрычніка акцыі салідарнасьці з беларускімі палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых палітыкаў адбыліся ў Варшаве. Каля пяцідзесяці беларускіх студэнтаў прыйшлі да беларускай амбасады і паставілі сьвечкі салідарнасьці, патрабуючы неадкладнага вызваленьня палітычных вязьняў. Некалькі дзясяткаў беларускіх студэнтаў пікетавалі беларускае консульства ў Беластоку, трымаючы ў рукох зьнічы й партрэты зьніклых і арыштаваных.

Сёньняшнія акцыі салідарнасьці былі прысьвечаны беспрэцэдэнтнаму перасьледу маладых беларускіх палітыкаў — лідэра Маладога Фронту Зьмітра Дашкевіча, які ўжо больш месяцу знаходзіцца ў менскім сьледчым ізалятары, і 22-гадовага жодзінскага маладафронтаўца Паўла Красоўскага, якога пракуратура падазрае па жудасных артыкулах — згваўтаваньні, масавых забойствах і тэрарызме.

Падчас акцыяў беларускія студэнты не пакінулі без увагі й незаконнае закрыцьцё менскай пратэстанцкай царквы «Новае Жыцьцё». Яны выказалі падрымку і салідарнасьць з вернікамі, якія ўдзельнічаюць у самай масавай у гісторыі незалежнай Беларусь галадоўцы.

Гаворыць арганізатар акцыі каля беларускага консульства ў Беластоку, маладафронтавец Барыс Гарэцкі: «Мы тут, каб выказаць свой рашучы пратэст супраць беззаконьня і гвалту, які чыніць дыктатарскі рэжым Лукашэнкі ў нашае краіне. Мы не жадаем, каб нашыя нашчадкі жылі пры таталітарным строі, баяліся адкрыта выказваваць свае думкі ці займацца кіраваньнем сваёй дзяржаваю. Мы падкрэсьліваем, што Лукашэнка зьяўляецца апошнім крывавым дыктатарам ў дэмакратычнай Эўропе, і мы зробім усё магчымае, каб найхутчый спыніць ягонае беззаконнае панаваньне ў нашай краіне. Мы верым, што ў самым бліжэйшым часе менавіта мы будзем кіраваць сваёй Бацькаўшчынай, і таму зараз мусім змагацца за свабоду і дэмакратыю на Беларусі. Свабоду палітвязьням! Жыве Беларусь!»

Арганізатар акцыі каля беларускай амбасады ў Варшаве, маладафронтавец Сяржук Марчык: «Нажаль зараз мы не маем магчымасьці атрымліваць вышэйшую адукацыю ў сваёй краіне. Але нават знаходзячыся ў Польшчы мы не можам забыць пра сваіх арыштаваных сяброў — герояў, разам з якімі вясною стаялі на Кастрычніцкай плошчы, дамагаючыся праўды й справядлівасьці. Зараз яны сядзяць у беларускіх турмах, таму мы выказваем салідарнасьць з імі і патрабуем: Свабоду палітвязьням!»

 

Хартия-97