У Магілёве з нагоды Дня Cалідарнасьці грамадзкія
актывісты правялі адразу некалькі акцыяў, у ходзе якіх нагадалі
гараджанам пра зьніклых палітыкаў ды зьняволеную з палітычных матываў
моладзь.
Група грамадзкіх актывістаў, трымаючы перад сабой іхныя партрэты,
у суправаджэньні міліцыянтаў, некалькі разоў прайшла па пешаходнай
вуліцы Ленінскай.
Тым часам сябры незарэгістраванага «Маладога фронту» у ходзе акцыі
перад будынкам аблвыканкаму пакінулі ля помніку Леніну партрэты
зьняволеных «маладафронтаўцаў».
Вечар Дня Салідарнасьці ў Магілёве быў адзначаны таксама вывешваньнем
перад будынкам абласнога КДБ бел-чырвона-белага сьцягу, раскідваньнем
улётак з дахаў дамоў ды запальваньнем традыцыйных сьвечак памяці.
У Бабруйску ля капліцы перад могілкамі грамадзкія актывісты запалілі
сьвечкі памяці.
У Гомелі напачатку 9-й гадзіны вечара супрацоўнікі Цэнтральнага
райаддзелу міліцыі затрымалі каля паўтара дзесятка пераважна студэнтаў
і школьнікаў, у іх ліку тры дзяўчыны. Ля помніку Кірылу Тураўскаму
ў цэнтры горада моладзь ладзіла акцыю салідарнасьці «Запалі сьвечку».
Як паведаміў адзін з удзельнікаў акцыі спадар Зьміцер, у пастарунку
міліцыянты патлумачылі юнакам і дзяўчатам, што яны затрыманы дзеля
высьвятленьня асобаў.
Па матэрыялах Радыё Свабода
|