У Салігорску была разагнана акцыя салідарнасьці

17.10.2006

Гэтым разам акцыя салідарнасьці павінна была распачацца «Маршам Свабоды». Каля 80 чалавек (у асноўным моладзь) у 19.40 сабраліся ля галоўнага рынку, каб трымаючы ў рукох сьвечы й партрэты зьніклых ды палітвязьняў, прайсьціся праз горад да Цэнтральнай плошчы. На плошчы меўся адбыцца традыцыйны Дзень Салідарнасьці.

Аднак міліцыя гэтым разам «падрыхтавалася» больш грунтоўна. Каля рынку дзяжурыла каля дзясятка міліцыянтаў. На плошчы знаходзілася яшчэ каля 30. Для «транспартыроўкі» затрыманых быў прадугледжаны вялікі аўтобус МАЗ. Аднак да плошчы дзела не дайшло.

На самым пачатку яшчэ ля кірмашу міліцыянты паспрабавалі затрымаць моладзевага лідэра Івана Шыла. Аднак сябры ня далі яго забраць, схапіўшыся зь ім у ланцуг. Раптоўна міліцыянты пачалі хапаць іншых, аднак і тыя пачалі счапляцца ў ланцужкі. Пачаўся нейкі вэрхал: паўсюль чуліся крыкі. Адной дзяўчыне міліцыянты парвалі куртку і сумку. Мінакі пачалі абурацца. «Гэтак вы й маго сына заўтра пачнеце зьбіваць», — залямантавала нейкая жанчына. Павыходзілі людзі з суседніх кафэ. Тым часам моладзь пачала запальваць сьвечы, а міліцыя выклікаць дапамогу й аўтобус для затрыманьняў.

Запаленыя сьвечкі міліцыянты апэратыўна выбівалі з рук. Гэтае тычылася й фотаапаратаў. Прыехаўшая «дапамога» на чале з палкоўнікам пачала выціскаць удзельнікаў акцыі ў супрацьлеглы бок ад плошчы. Зьявіліся бацькі Шыла Івана. Іх разам з сынамі зноўку паспрабавалі затрымаць. Аднак Шылы ды яшчэ Карноў Дзяніс паваліліся на зямлю. У гэты час Валабуеў Аляксей спрабаваў зрабіць фотаздымкі падзеяў. Міліцыянты ўбачылі гэта й абсалюнта незакона заламамі хлапца, закінулі ў міліцэйскі «варанок» й адвезлі ў пастарунак. Усю сям`ю Шылаў, Карнова Дзяніса й дзяўчыну Аліну пасля грамагалоснага разьбіральніцтва гвалтоўна закінулі ў падагнаны аўтобус. Астатніх разагналі.

У пастарунку пасьля шэрагу пагрозаў (15 сутак, праблемы ў школе й на працы) з боку міліцыянтаў наконт удзелу ў наступным Дні Салідарнасьці, й пасьля так званага высьвятленьня асобаў, усіх адпусьцілі.

 

Хартия-97