|    Дзень салідарнасці 16 кастрычніка быў адзначаны 
              ў Нью-Йорку прэзентацыяй п`ес аўтараў, якія ўваходзяць у склад беларускага 
              калектыва «Свабодны тэатр». Чытка п`ес была прадстаўленая такімі 
              Нью-Йоркскімі тэатральнымі кампаніямі, як LAByrinth Theater Company, 
              Naked Angels і Tinderbox, пры ўдзеле рэжысёра Пола Уіліса. Дзень 
              «Свабоднага тэатра» прайшоў у рамках фестывалю культурнага праекту 
              Impact. Са ўступным словам на прэзентацыі п`ес выступіў выдатны 
              брытанскі драматург Том Стопард, які з`яўляецца апякуном беларускага 
              «Свабоднага тэатра». 
            Гэтая падзея, спрадусаваная пісьменнікам і акцёрам Ааронам Ландсманам, 
              прайшла ў Baruch Performing Arts Center’s Nagelberg Theater і стала 
              першым знаёмствам з працамі «Свабоднага тэатра» у ЗША. 
            Вечар прайшоў пад знакам міжнароднага Дня салідарнасці з Беларуссю. 
              Кожны тэатральны калектыў паказваў урыўкі адной з трох п`ес, сярод 
              якіх «Мы. Белівуд» Паўла Пражко, Кастуся Сцешыка і Паўла Расолькі 
              (Labyrinth Theater Company); «Пакаленне Jeans» Мікалая Халезіна 
              (Naked Angels); «Ім сніліся сны» Наталлі Каляды (тэатральны калектыў 
              пад кіраўніцтвам Пола Уіліса). Усе працы, прадстаўленыя на фэсце, 
              былі перакладзеныя на ангельскую мову Алегам Шафранавым, Юрыям Калядой 
              і Дзінай Купчанка. 
            Пачынаючы вечар, Том Стопард сказаў: «У 70-80х гадах у Чэхаславакіі 
              былі забароненыя пісьменнікі і акцёры. Гэта абсалютная аналогія 
              з тым, што адбываецца сёння са «Свабодным тэатрам» у Беларусі. Там 
              жывуць вельмі таленавітыя і адважныя людзі. «Свабодны тэатр» — не 
              проста словазлучэнне для мяне: гэта свабодныя ў сваіх розумах людзі, 
              якія вольныя самі вырашаць, якія п`есы ім пісаць і якія ставіць. 
              Гэтай свабоды пазбаўлена большасць беларусаў, але яны не ўваходзяць 
              у гэтую большасць. Таму я ганаруся сваім сяброўствам з гэтымі людзьмі 
              і салідарны са ўсімі беларусамі, каму дарага свабода". 
            У гэты дзень у Нью-Йорку, у рамках 61-й сесіі Генеральнай асамблеі 
              ААН, праходзіла канферэнцыя, прысвечаная канвенцыі супраць гвалтоўных 
              знікненняў. Беларусь там прадстаўляла лідэр грамадзянскай ініцыятывы 
              «Мы памятаем» Ірына Красоская. Яна, разам з кіраўнікамі арганізацый 
              сваякоў зніклых людзей з Лацінскай Амерыкі, Азіі і Афрыкі, прысутнічала 
              на гэтым вечары. 
            Апошняй чыталася п`еса Наталлі Каляды «Ім сніліся сны», якую аўтар 
              прысвяціла Ірыне Красоўскай, і ў якой Ірына з`яўляецца прататыпам 
              галоўнай гераіні. Гэтая п`еса распавядае аб лёсах беларускіх жанчын, 
              якія перажылі трагедыю страты самых блізкіх людзей. Выступаючы перад 
              чыткай п`есы «Ім сніліся сны», Ірына сказала: «Я шчаслівая быць 
              тут з маімі сябрамі, якія падтрымліваюць мяне. Сёння тут разам са 
              мной мае сябры з Шры-Ланкі, Філіпін, Паўднёвай Афрыкі... Усе мы 
              сабраліся тут, у Нью-Йорку, каб спыніць гвалтоўныя знікненні ва 
              ўсім свеце. Я жадаю папрасіць усіх вас аб тым, каб вы памяталі пра 
              нас – пра Беларусь, бо сёння ў мяне на радзіме арыштоўваюць і кідаюць 
              у турмы людзей толькі за тое, што яны жадаюць быць свабоднымі. Я 
              веру, што пройдзе зусім трохі часу, і свабодным стане не толькі 
              гэты выдатны тэатр, але і ўся Беларусь». 
            Наладжвальнік мерапрыемства Аарон Ландсман, тлумачачы людзям, што 
              сабраліся тут, чаму ён арганізаваў гэты вечар, сказаў: «Я думаю, 
              што нам важна зразумець: той ціск, тую ізаляцыю, тыя забароны, з 
              якімі сутыкаюцца нашыя калегі ў Беларусі. Ці наўрад хтосьці з нас 
              можа ўявіць, што значыць страціць працу або быць арыштаваным за 
              выказванне свайго меркавання? Што значыць страціць кагосьці са сваёй 
              сям`і, таму што ён не згодны з кіруючым рэжымам? Я спадзяюся, што 
              пасля сённяшняй акцыі салідарнасці, у нас з`явіцца адчуванне таго, 
              што значыць жыць у такіх умовах». 
              
            Хартия-97 
               
               
             |