Павал Красоўскі: «Падазраю, што гэта нейкі палітычны эксперымент, адпрацоўка новай тэхналёгіі допытаў, псыхалягічнага ціску»

17.10.2006

17 кастычніка, адбылася прэс-канферэнцыя з жодзінскім актывістам Паўлам Красоўскім, якога ў нядзелю, 15 кастрычніка, вызвалілі з ізалятара часовага ўтрыманьня ў Віцебску. Паўла Красоўскага ўтрымлівалі пад вартай паводле падазрэньняў, высунутых Рэспубліканскай пракуратурай — датычнасьць да выбухаў у Віцебску 14 і 22 верасьня 2005, а таксама згвалтаваньні і забойствы няпоўнагадовых дзяўчат, нераскрытыя з 1999 году. У нядзелю скончыўся тэрмін утрыманьня Красоўскага пад вартай у якасьці падазраванага. Да таго ж доказы, якія б сьведчылі пра яго віну, не былі прадстаўлены. І ён быў адпушчаны. Аднак з Красоўскага быў узяты абавязак неадкладна прыязджаць па выкліках сьледчага органа, інакш актывіста зноў ізалююць. Статус падазраванага зь яго пакуль ня зьняты. Але, лічыць адвакат Павал Сапелка, такое разьвіцьцё падзей дазваляе меркаваць, што ў хуткім часе справа будзе спыненая.

Павал Красоўскі расказаў журналістам падрабязнасьці допытаў і ўтрыманьня яго ў ізалятары. На допыты актывіста забіралі кожнага ранку а 9-10-й гадзіне. Прывозілі назад а 18-й. І толькі вечарам была адзіная магчымасьць пахарчавацца. У камэры, дзе знаходзілася 3 чалавекі, было холадна і вільготна. Праз забітае акно сьвятло не прабівалася, з-за чаго нават не ўяўлялася магчымым даведацца: ноч на дварэ ці дзень.

Павал зазначыў, што ў камэры вельмі шмат мышэй, якія залазілі на нары і перашкаджалі спаць. Акрамя таго ад іх вельмі цяжка было схаваць перадачы: даводзілася падвешваць пакункі ці прыдумваць іншыя спосабы абароны ад мышэй. Дзьве маленькія лямпачкі ватаў па 30, асутнасьць вентыляцыі, іржавая вада, паўсюдны кандэнсат і цыгарэтны дым — з усім гэтым даводзілася мірыцца. «Мы адпраўляем цябе на фізычныя пакуты,» — казалі сьледчыя Красоўскаму. «Там знаходзіцца немагчыма,» — у сваю чаргу пракамэнтаваў умовы ўтрыманьня малады актывіст.

На стаўленьне міліцыянтаў да сябе Павал Красоўскі ня скардзіўся:

— Мне падаецца, яны баяліся, каб не было ніякіх заяваў з майго боку. Таму ставілся да мяне добра. Прынамсі, не прымушалі выконваць іхнія загады, — камэнтуе актывіст.

Павал Красоўскі і праваабаронца Валянцін Стэфановіч сышліся на думцы, што справа можа яшчэ цягнуцца працяглы час — нават да году — бо няма вынікаў праведзеных экспертызаў (адбіткі пальцаў, аналіз крыві на ДНК), тэхнічныя экспертызы кампутару і мабільнага тэлефону нічога не паказалі. Аднак, кажа Стэфановіч, калі б былі хоць нейкія факты і зачэпкі ў падазрэньні, Красоўскага не выпусьцілі б і мерай стрыманьня прызначылі б знаходжаньне ў ізалятары часовага ўтрыманьня на час сьледзтва, таму што яго падазраюць у асабліва небясьпечным злачынстве. І той факт, што актывіста адпусьцілі, сьведчыць пра тое, што рэальных падазрэньняў у следзтва няма. Але Красоўскі сказаў: «Пакуль ня знойдуць сапраўдных злачынцаў, мяне могуць цягаць на допыты».

Сьледчы адразу папярэдзіў Красоўскага, што справа не палітычная, аднак сам жа стаў яе палітызаваць, сказаўшы, што ўвесь працэс знаходзіцца пад кантролем прэзыдэнта Беларусі. На допыце цікавіліся асабістай дзейнасьцю актывіста: чаму ён кіраваў штабам Мілінкевіча ў Жодзіне, чаму зьяўляецца сябрам БНФ, але дзейнасьц і«Маладога Фронту» не краналі.

Павал Красоўскі ўсё яшчэ не разумее да канца сутнасьці ўсіх гэтых падзеяў:

— Чаму менавіта мяне павезьлі ў Віцебск? Я быў там усяго 2 разы ў жыцьці і нават не арыентуюся ў горадзе. Чаму менавіта ў Віцебск а ня ў Менск, калі допыт праводзіў галоўны сьледчы па асабліва важных справах Рэспубліканскай пракуратуры? Навошта было вешаць згвалтаваньні і забойствы на мяне? Падазраю, што гэта нейкі палітычны эксперымент, адпрацоўка новай тэхналёгіі допытаў, псыхалягічнага ціску. На допыт прыязджалі невядомыя людзі ў цывільным, зь якім сьледчы ўвесь час раіўся. Гэта дае падставы казаць, што ў справу ўмешваліся спэцслужбы.

Жодзінскі актывіст не зьбіраецца спыняць сваёй дэмакратычнай дзейнасьці і, як і абаронцы, мае аптымістычны настрой:

— «Малады Фронт» зрабіў мяне такім, якім я ёсьць сёньня. Я яму абавязаны за гэта і буду змагацца, як змагу.

ПЦ «Вясна-96»