Увечары 16 кастрычніка была затрыманая
актывістка Маладога Фронту Наста Палажанка. Дзяўчына ўвечары
вярталася дадому, калі заўважыла, што каля яе пад’езду стаяць
невядомыя асобы ў цывільным і міліцэйская машына. Аднак
дзяўчына не зьвярнула на іх увагі, бо ў гэтым гмаху знаходзіцца
й мясцовы пункт аховы парадку. Як потым высьветлілася супрацоўнікі
міліцыі й КДБ стаялі ў такое даволі халоднае надвор’е на
вуліцы ня проста так…
Калі Наста, не зьвяртаючы на прысутных каля пад’езду прадстаўнікоў
карных ворганаў, пачала падыходзіць да дзьвярэй свайго пад’езду,
супрацоўнікі міліцыі й КДБ жорстка схапілі моладзевую актывістку
й заштурхнулі ў машыну, якая ,як пазьней высьветлілася,
накіравалася ў пункт аховы парадку, які паводле апісаньня
Насты знаходзіцца недзе ў раёне Кастрычніцкай плошчы г.Менску.
Дзяўчыну прывезлі ў пастарунак і ,не зьвяртаючы на яе законныя
патрабаваньні да супрацоўнікаў міліцыі хаця б прадставіцца
й распавесьці на якой падставе яе арыштавалі, кінулі ў камэру.
Пасьля некаторага часу за Настай прышлі невядомы людзі,
якія пачалі крычаць на дзяўчыну й патрабаваць ад яе інфармацыю
пра Малады Фронт і ўсё, што зьвязана з арганізацыяй. Пазьней
яны прынеслі цэлы стос невядомых дакумантаў, як потым высьветлілася,
па справе Маладога Фронту.
Трэба дадаць, што супрацоўнікі КДБ не зьвярталі ўвагі на
патрабаваньні Насты ўсё ж паведаміць ёй на якой падставе
адбываецца гэты допыт і ўвогуле за што яе затрымалі. Замест
гэтага яны пагражалі Насьце фізічнай расправай, узбуджэньнем
крымінальнае справы супраць яе і казалі, што ўжо «ўсіх лідэраў
Маладога Фронту» яны «пасадзілі». Пасьля некаторага часу
да тых, хто дапытваў маладафронтаўку прыйшоў нейкі «начальнік»,
які прынес сьпіс пытаньняў, якія павінны быць зададзеныя
Насьце...
Трошкі пазьней, не дачакаўшыся той інфармацыі, якую хацелі
пачуць супрацоўнікі КДБ, Насту Палажанку адвезлі ў буданак
Першамайскага РУУСу.
Далей моладзевая актывістка яшчэ раз была дапытаная сьледчымі,
якія нават адмаўляліся казаць свае прозьвішчы. Трэба адзначыць
паводзіны начальніка РУУСу, які пасьля неаднаразовых тэлефанаваньняў
журналістаў і праваабаронцаў, загадаў сваім падначаленым
забраць у Насты мабільны тэлефон. У выніку тэлефон быў жорстка
разьбіты аб падлогу супрацоўнікамі міліцыі, а Наста Палажанка,
якая адмаўлялася аддаваць міліцыянтам свае рэчы, паведамляючы
ім, што іх дзеяньні незаконныя, была зьбітая супрацоўнікамі
праваахоўных ворганаў.
Пазьней, пратрымаўшы да пачатку дванаццатай гадзінаў ночы
, Насту Палажанку вызвалілі без аніякіх тлумачэньняў і прабачэньняў.
Трэба дадаць, што галоўнаю мэтаю дзеяньняў карных ворганаў
было схіліць актывістку Маладога Фронту да супрацоўніцтва
з прадстаўнікамі КДБ. Аб гэтым неаднаразова паўтаралі невядомыя
людзі ў цывільным.
Малады Фронт рашуча патрабуе ад уладаў спыніць рэпрэсіі
й незаконныя дзеяньні праваахоўных ворганаў. Мы чарговы
раз нагадваем тым людзям, што аддаюць загады на супрацьпраўныя
дзеяньні КДБ і міліцыі, аб адказнасьці перад гісторыяй і
Богам.
Моладзевы нацыянальны рух Малады Фронт патрабуе неадкладна
прыцягнуць да крымінальнае адказнасьці тых, хто на незаконных
падставаў сёньня арыштоўваў і дапытваў, пагражаючы фізічнай
расправай, Насту Палажанку.
Прэс-служба МФ
|