|    16 кастрычніка беларусы, што зараз знаходзяцца 
              ў Празе, а таксама прадстаўнікі чэскага народа, салідарныя з беларускай 
              дэмакратычнай апазіцыяй, зноў сышліся, каб адзначыць Дзень Салідарнасці. 
              У гэты раз месцам для правядзення акцыі была абрана Крыжоўніцкая 
              плошча каля Карлавага мосту. Вялікая колькасць удзельнікаў безумоўна 
              была звязаная з пачаткам акадэмічнага году — акцыю падтрымалі і 
              беларускія студэнты, якія прыехалі навучацца ва ўніверсітэтах Чэскай 
              Рэспублікі. А сёмай гадзіне дэманстранты запалілі свечкі, разгарнулі 
              бел-чырвона-белыя сцягі, транспаранты і партрэты зніклых барацьбітаў 
              з беларускім рэжымам. Актывісты са студэнцкага асяродку раздавалі 
              ідучым вакол людзям улёткі на чэскай і ангельскай мовах, распавядаючы 
              пра сітуацыю ў Беларусі.  
            Спакойны ход дэманстрацыі паспрабавала парушыць група нецвярозых 
              фанатаў маскоўскага футбольнага клюбу «Спартак». Прыцягнутыя святлом 
              свечак і людскім натоўпам каля пяці маладых індывідаў у нецвярозым 
              стане скандыравалі песні і некарэктныя (прарускія) лозунгі. «Лукашэнка 
              — малойца», — сказаў адзін з фанатаў, чым яшчэ раз пацвердзіў сімпатыю 
              асобных прадстаўнікоў рускага народа да беларускага дыктатара. Тым 
              ня менш, дэманстранты на правакацыі не паддаліся.  
            Акцыя салідарнасці з Беларуссю скончылася а восьмай гадзіне. Наступная 
              магчымасць сустрэцца і яшчэ раз звярнуць увагу на беларускую праблематыку 
              прадставіцца другога лістапада. На гэты дзень прыпадае беларускае 
              свята Дзяды. «Звяз беларусаў замежжа» разам са студэнцкай ініцыятывай 
              «Свабодная Беларусь», якія рэгулярна арганізуюць у Празе Дзень Салідарнасці, 
              плануюць правесці другога лістапада ўрачыстую акцыю на Альшанскіх 
              могілках, дзе пахаваны вядомыя прадстаўнікі першарэспубліканскай 
              беларускай, а таксама украінскай і рускай эміграцыі. 
              
            svobodne-belorusko.wz.cz 
               
               
             |