|    Суд Ленінскага раёну Менску прызнаў праваабаронцу 
              Кацярыну Садоўскую вінаватай у абразе гонару і годнасьці Аляксандара 
              Лукашэнкі. За патрабаванне правесці псіхіятрычную экспертызу Аляксандра 
              Лукашэнкі, 60-ці гадовая жанчына правядзе 2 гады ў папраўчай калёніі 
              агульнага рэжыму, паведаміла «Радыё Свабода». Паводле судовага рашэньня, 
              Кацярына Садоўская мусіць заплаціць 4 мільёны рублёў кампэнсацыі 
              судзьдзям Кіраўскага раённага суду (Магілеўская вобласьць). 
            60-гадовая Кацярына Садоўская ўзначальвае беларускую філію Пскоўскага 
              рэгіянальнага грамадзкага руху «Веча». Праваабаронца неаднойчы арганізоўвала 
              пікеты з патрабаваньнем датрыманьня правоў чалавека ў Беларусі. 
              Яна прысутнічала ў судах, дапамагала людзям, якія да яе зьвярталіся 
              з просьбаю дапамагчы ім бараніць свае правы ў пракуратуры і міліцыі. 
              Садоўскую шмат разоў арыштоўвалі і штрафавалі за праваабарончую 
              дзейнасьць. 
            Спачатку Кацярыну Садоўскую абвінавачвалі ў тым, што яна нібыта 
              зьневажала судзьдзю Кіраўскага раённага суду і пагражала ёй. Падставай 
              для завядзеньня крымінальнай справы стаў запіс з аўтаадказьніка 
              судзьдзі. Голас на стужцы зьневажае судзьдзю і згадвае прозьвішча 
              Садоўскай, якая летась бараніла грамадзяніна Смайлава на працэсе 
              ў гэтай судзьдзі. Да справы далучылі лісты з пагрозамі і праклёнамі, 
              якія судзьдзя атрымала па пошце.  
            Напрыканцы сьледчых дзеяньняў Кацярыну Садоўскую абвінавацілі і 
              ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. Падставай для гэтай справы стаў зварот 
              арганізацыі за подпісам Садоўскай ад 21 студзеня. У ім праваабаронца 
              патрабавала псыхіятрычнай экспэртызы Аляксандра Лукашэнкі, заклікала 
              да байкоту прэзыдэнцкіх выбараў і абвінавачвала расейскія спэцслужбы 
              ў падтрымцы беларускага ўраду. 
            Прадстаўніца пракуратуры спаслалася на вынікі лінгвістычнай экспэртызы, 
              згодна зь якімі зьмест ліста ўтрымлівае абразьлівыя выразы на адрас 
              кіраўніка дзяржавы. У судзе высьветлілася, што Кацярына Садоўская 
              ліст пісала — і яна ад гэтага не адмаўлялася, але не пасьпела яго 
              нікому даслаць, бо яе арыштавалі. Ліст знайшлі падчас ператрусу 
              ў кватэры.  
            Прадстаўніца пракуратуры прасіла пакараць праваабаронцу на тры 
              гады пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў калёніі агульнага 
              рэжыму. 
            У хворай 60-гадовай жанчыны на ўтрыманьні знаходзяцца 84-гадовая 
              маці й муж-інвалід.  
            
             
             
               
               
             |