|    У панядзелак, 23 кастрычніка, у сядзібе Партыі 
              БНФ адбыўся паказ для журналістаў фільму «Урок беларускай мовы: 
              маладыя супраць Лукашэнкі». 
            Кінастужка рабілася на працягу ўсёй выбарчай кампаніі 2005-2006 
              года. Героі стужкі — маладыя дэмакратычныя актывісты. Яны раздаюць 
              недзяржаўную прэсу, раскідваюць улёткі, ладзяць вулічныя акцыі, 
              за гэта іх часта арыштоўваюць. Рэжысэр раскрывае праблему закрытага 
              Беларускага гуманітарнага ліцэя, навучэнцы якога нелегальна вучацца 
              й здаюць іспыты экстэрнатам; незалежных музыкаў, якім закрытая дарога 
              на радыёстанцыі й тэлевізію, і яны вымушаныя даваць паўпадпольныя 
              канцэрты. 
            У фінале 52-хвіліннай стужкі акцыя 25 сакавіка, калі сіламі міліцыі 
              была разагнаная масавая акцыя пратэсту, і будынак спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка 
              Акрэсьціна, зь якога выходзяць адзін за адным палітычныя вязьні, 
              асуджаныя за ўдзел у масавых акцыях пратэсту. 
            На пытаньне, для каго прызначаны гэты фільм, Дэмбіньскі адказаў 
              наступнае: «Я хацеў бы рабіць фільм для максымальны шырокай аўдыторыі. 
              Хацеў зрабіць для ўсіх. Ёсьць пэўная спэцыфіка, па-свойму робіцца 
              кіно для беларусаў, па-іншаму — для замежнікаў. Наш фільм аднолькава 
              цікавы для тых і для тых. Замежнікам я хацеў паказаць праўду пра 
              Беларусь, у асноўным праз эмоцыі. Змаганьне за свабоду — тэма унівэрсальная, 
              блізкая ўсім.» 
            У кастрычніку супольна з польскай тэлефізіяй, некаторымі недзяржаўнымі 
              арганізацыямі Міраслаў Дэмбіньскі плянуе зладзіць вялікі канцэрт-кінапрэм’еру 
              ў Варшаве, на якой, як ён мяркуе, выступяць і галоўныя героі фільму, 
              і NRM, і тыя, хто фільм рабіў. 
            Неўзабаве фільм будзе паказаны ў Варшаве, у Ляйпцыгу ў Нямеччыне, 
              у Амстэрдаме ў Галяндыі, будзе таксама паказ у Маскве. Пакажа гэты 
              фільм тэлевізія ў Польшчы, Нямеччыне, Эстоніі, Латвіі, Літвы. 
            Падчас паказу зь цёплымі й ўзьнёслымі словамі выступіў намесьнік 
              старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які таксама ёсьць адным з 
              герояў фільму Міраслава Дэмбіньскага, які, ня здолеўшы прыехаць 
              у Беларусь, бо яму не далі візу, прыслаў у электронным варыянце 
              зварот да гледачоў.  
              
            Прэс-служба БНФ 
               
               
             |