|    Пасьля зачысткі апазыцыйнага поля, дзе цяпер альбо 
              сядзяць у турмах і ў эміграцыі, альбо спрачаюцца за лідэрства; пасьля 
              дэмаралізацыі недзяржаўнае прэсы, рэдактары якой просяць сёньня 
              найвышэйшага дазволу друкавацца і пашырацца ў Беларусі; пасьля ліквідацыі 
              прафсаюзнага руху і выгнаньня пісьменьнікаў з Дому літаратараў, 
              — адным словам, пасьля таго, як былі сагнутыя самыя незгібальныя, 
              змагар-прэзыдэнт адчуў адзіноту і адсутнасьць паўнаты жыцьця, і 
              перавёў свой позірк на тыя грамадзкія групы, дзе быццам бы і не 
              змагаюцца супраць яго, але ж маюць нахабства самастойна мысьліць, 
              выяўляць волю і вызнаваць веру.  
            Пад каток рэпрэсіўнай сыстэмы патрапілі пратэстанцкая царква «Новае 
              жыцьцё», пра што мы пісалі ў папярэднім нумары, а таксама… афганскія 
              вэтэраны, якія дагэтуль лічыліся ледзьве не апораю сыстэмы Лукашэнкі. 
               
              Перш, чым распавесьці гэтую гісторыю, заўважу, што раздражняе правіцеля 
              РБ не палітычная або рэлігійная ці нацыянальная арыентацыя чалавека 
              і групы людзей, а менавіта здольнасьць да самастойнага мысьленьня 
              і самастойнага дзеяньня. Хто ня схільны згібацца, таго папросту 
              ламаюць. Публіцы гэты працэс, як правіла, падабаецца, пакуль чарга 
              не даходзіць да цябе канкрэтна. А калі такая чарга даходзіць — ты 
              хоць гніся, хоць сьцяліся, даломяць усё адно, і ня будзе каму заступіцца. 
              Да гонару вэтэранаў афганскай вайны, яны ўсталі на абарону Паўла 
              Красоўскага да таго, як рэпрэсіі праглынулі іх саміх.  
            Гаворка ідзе пра артыкул старшыні Таварыства інвалідаў вайны ў 
              Афганістане, ардэнаносца Аляксандра Камароўскага, апублікаваны ў 
              інтэрнэце на старонцы belaruspartisan.org:  
            «Апошнія месяцы для мяне і нашай арганізацыі — Рэспубліканскага 
              грамадзкага аб’яднаньня інвалідаў вайны ў Афганістане — адметныя 
              павышанай увагай да нас як з боку шараговых грамадзян, так і спэцслужбаў. 
              — піша А.Камароўскі. — Чым гэта выклікана? У першую чаргу зьяўленьнем 
              на Беларускім тэлебачаньні яўна замоўленай і правакацыйнай перадачы 
              нібыта пра падрыхтоўку маладзёвых тэрарыстаў сябрамі нашага аб’яднаньня». 
             
            Спадар Камароўскі распавядае, што за 20 гадоў дзейнасьці афганскія 
              вэтэраны нямала займаліся з моладзьдзю, у тым ліку зь цяжкімі падлеткамі 
              з адной мэтай — адарваць юнакоў ад п’янства, наркаманіі, гультайства 
              ды іншых нэгатыўных праяваў. Празь іх групы вайскова-спартовага 
              кшталту прайшло больш за 10 тысяч маладых людзей. Ад дзяржавы на 
              сваю выхаваўчую дзейнасьць яны за гэты час не атрымалі ні капейкі. 
              Між тым, дзяржава выхаваньнем сур’ёзна не займаецца, у яе на першым 
              месцы — выбары, рэфэрэндумы і ўсхваленьне існуючага ладу, прэзыдэнта 
              і вэртыкалі.  
            «І вось напачатку жніўня 2006 году мы праводзілі адно такое выхаваўчае 
              мерапрыемства з групай моладзі ў складзе 34 чалавек, сярод якіх 
              былі і юнакі дэмакратычнай арыентацыі, якія знаходзяцца пад прыцэлам 
              спэцслужбаў».  
            Камароўскі добра ведае гэтых хлопцаў і абсалютна ўпэўнены, што 
              менавіта такія падлеткі — надзея і будучыня беларускай дзяржавы. 
             
            «У гэтую групу старэйшым мною быў прызначаны Павал Красоўскі, мой 
              намесьнік па працы з моладзьдзю… Але праз два дні на маладзёвы лягер… 
              быў зроблены, скажу адкрытым тэкстам, паўбандыцкі напад міліцыі 
              і спэцслужбаў у колькасьці 30 чалавек, хоць па добраму мог прыбыць 
              адзін участковы інспэктар і высьветліць усе пытаньні. Але дзе там, 
              была ж заплянаваная маштабная… правакацыя».  
            Арганізатараў лягера затрымалі.  
            «За час паўтарагадзінавага допыту мне задавалі пытаньні, якія абсалютна 
              ня тычацца справы, — піша А.Камароўскі. — Супрацоўнікаў міліцыі 
              цікавілі мэты нашага лягера, якім чынам запрашаліся ў лягер людзі, 
              хто выбіраў месца, хто адказваў за бясьпеку, колькі людзей у лягеры 
              размаўляла па-беларуску, ці была ў лягеры незарэгістраваная сымболіка, 
              хто адказваў за прывоз людзей, ці павінны былі прыехаць у лягер 
              замежныя грамадзяне».  
            Тое, што вэтэранаў Афганістану, якія займаліся з маладымі людзьмі, 
              афіцыйная прапаганда прыраўняла да тэрарыстаў, спадар Камароўскі 
              лічыць маразмам і палітычнай шызафрэніяй:  
            «У народзе, асабліва сярод малаінфармаванай часткі насельніцтва 
              трэба падтрымліваць пачуцьцё небясьпекі, маўляў, дзяржаве і «Вялікаму 
              Прэзыдэнту», а гэта значыць, і ўсяму беларускаму сялянству, рабочаму, 
              дробнаму і сярэдняму службоўцу, пагражаюць ворагі».  
            Такім чынам, абвінавачаньні супраць Паўла Красоўскага – за леташнія 
              выбухі ў Віцебску, а таксама за згвалтаваньні і забойствы – ня што 
              іншае, як спроба зламіць яшчэ адну групу беларускага грамадзтва, 
              якая ня надта ломіцца, а менавіта — вэтэранаў афганскай вайны. А.Камароўскі 
              параўноўвае гэтыя абвінавачаньні са шпіянажам на карысьць Японіі, 
              за што ў 1937-м годзе быў расстраляны яго сваяк-лесаруб.  
            Напрыканцы свайго артыкула «афганец» Камароўскі паведамляе, што 
              ўжо атрымаў пагрозы на свой адрас. Гэта змусіла яго нагадаць пра 
              лёсы зьніклых папярэднікаў — Ю.Захаранкі, В.Ганчара, Д.Завадзкага 
              і А.Красоўскага.  
            «Мы лічым гэтую справу чыста палітычнай, г. зн. відавочнае жаданьне 
              ўладаў зьнішчыць у зародку саюз апазыцыйнай моладзі і вопытных воінаў 
              у асобе нашага кантынгенту. А тут яшчэ ў дадатак мы абвясьцілі на 
              зьезьдзе 9 верасьня 2006 году пра магчымасьць аб’яднаньня зь ліквідатарамі 
              Чарнобыля і стварэньні агульнанацыянальнай партыі. З-за гэтага і 
              пайшла ўся валтузьня…» 
            Што ні кажыце, а для такіх заяваў патрабуецца сёньня асабістая 
              мужнасьць. І было б дзіўна, каб гэтае мужнасьці мы не дачакаліся 
              ад вэтэранаў афганскае вайны. Выходзіць, мае рацыю герой нашага 
              «Апытаньня тыдня» Барыс Пятровіч: кожны мусіць бараніць свой гонар 
              сам. Вось чаму адказы на пытаньне «Хто сёньня бароніць гонар беларускай 
              інтэлігенцыі?» у цэлым атрымаліся невыразнымі і неканкрэтнымі. Назаві 
              мы прозьвішчы людзей, з чыёй дзейнасьцю зьвязваем свае спадзяваньні 
              на будучыню, пра іх заўтра ж пакажуць«пяцімінутку нянавісьці» на 
              БТ. Бо людзі мужныя і самастойныя, якія бароняць гонар — свой і 
              краіны — сёньняшняй дзяржаве непатрэбныя. Рэжым выступае супраць 
              любой альтэрнатывы сабе самому. А гэта называецца, словамі зь іншага 
              матэрыялу сёньняшняй «Свабоды» — фідэлізацыяй улады. Гэта значыць, 
              у Беларусі павінна быць, як на Кубе, дзе нават пасьля сыходу Фідэля 
              яшчэ доўга ня знойдзецца каму праводзіць у краіне курс перамен. 
             
              
            А.Уласаў  
              газэта "Свабода" 
               
               
               
             |