|    Некалькі соцень ўдзельнікаў сёньняшняга памінальнага 
              шэсьця ў Курапаты правялі мітынг сярод магіл ахвяр сталінізму і 
              ўсталявалі ў народным мэмарыяле 12 новых крыжоў. 
             Традыцыйна на Дзяды ўдзельнікі шэсьця робяць ў Курапатах два прыпынкі: 
              ля крыжа Пакутнікам Беларусі, дзе сьпяваюць гімн «Магутны Божа» 
              і на горцы з крыжамі, якую ў народзе называюць Беларускай галгофай. 
              Сярод сотняў прысутных была заўважаная група моладзі з партрэрамі 
              палітвязьняў Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Паўла Севярынца. 
              На гэта зьвярнуў увагу адзін з лідэраў КХП БНФ Валеры Буйвал.  
            (Буйвал: ) «Усе мы сёньня адчулі, што нешта зьмянілася, а зьмянілася 
              вось што: наперадзе і большасьць з тых, хто ішоў з намі сёньня — 
              гэта беларуская моладзь. Радуецца душа, сэрца напаўняецца надзеяй 
              у нашую будучыню, таму што з намі беларуская моладзь».  
            Выканаўца абавязкаў старшыні партыі Юры Беленькі разьвіў гэтую 
              тэму:  
            (Беленькі: ) «Мы прыйшлі ўшанаваць дзядоў, але гаворым пра моладзь. 
              Можа гэта парадокс — не! Гэта жыцьцёвая неабходнасьць, шануючы папярэднія 
              пакаленьні, якія зрабілі ўсё, каб пакінуць нам гэтую цудоўную зямлю. 
              Мы мусім глядзець наперад, каб застацца жыць самім, каб жылі нашыя 
              дзеці і ўнукі».  
            Ад маладых слова далі новаму сябру КХП БНФ Янку Марозаву:  
            (Марозаў: ) «Хачу сказаць, што нам, беларусам, усім, хто жыве на 
              гэтай зямлі, і старым і маладым, трэба трымацца разам. Бо толькі 
              разам мы пераможа, трэба ўшаноўваць памяць, разам верыць змагацца 
              і ўрэшце рэшт перамагаць».  
            Выступіў на мітынгу і былы вязень ГУЛАГу Пётар Шашкель, які 60 
              год таму ў 2-х гадовым узросьце патрапіў у высылку ў Краснаярскі 
              край.  
            (Шашкель: ) «Тысячы, дзесяткі тысяч людзей загінулі ў астрогах, 
              у лягерах, на лесапавале… У імя загінуўшых я зьвяртаюся да вас : 
              бараніце нашу краіну, нашу Беларусь».  
            На мітынгу ў Курапатах быў зачытаны ліст Зянона Пазьняка, які назваў 
              Дзяды гэта сьвятам і паклясьціся перад продкамі на вернасьць Айчыне. 
             
            Сярод палітычных заклікаў прагучала прапанова кіраўніцтва КХП-БНФ 
              байкатаваць выбары ў мясцовыя саветы і верагодны рэфэрэндум наконт 
              Канстытуцыйнага акту так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. 
             
            Прадстаўнікі незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» прапанавалі 
              прысутным прыйсьці заўтра да будынку суду Кастрычніцкага раёну Менску 
              і падтрымаць Зьмітра Дашкевіча, якога пачнуць судзіць паводле палітычных 
              матываў.  
            Мітынг скончыўся малітвай сьвятара незарэгістраванай Беларускай 
              аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леаніда Акаловіча і ўсталяваньнем 
              новых 12 крыжоў. 
             
             
              Валер Каліноўскі 
              Радыё Свабода 
              
              
               
               
               
             |