|    Выйшаў новы дакумэнтальны фільм, прысьвечаны падзеям 
              вакол сёлетніх выбараў у Беларусі. Стужка «У сьнягах драмае вясна» 
              апавядае пра падзеі пачатку вясны, пэрыяд да прэзыдэнцкіх выбараў. 
              Стваральнікі фільму рэжысэр Сяргей Патаранскі і апэратар Сяргей 
              Чырык кажуць, што іх стужка — частка вялікай карціны, якая прысьвячаецца 
              ўдзельнікам падзеяў вясны 2006 году. 
             Значная частка фільму – дакумэнтальныя кадры выступаў трох кандыдатаў 
              на прэзыдэнта: Аляксандра Казуліна, Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра 
              Лукашэнкі. Чацьверты кандыдат на прэзыдэнта Сяргей Гайдукевіч ў 
              фільме не прадстаўлены. Аўтары фільму выбралі найбольш эмацыйныя 
              фрагмэнты выступаў кандыдатаў у прэзыдэнты.  
            Але найбольш уражваюць здымкі ў беларускай глыбінцы. Вось што гаворыць 
              адзін зь герояў фільму — вясковец, які падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку: 
             
            (Вясковец: ) «Скардзіцца няма чаго. Рыгоравіч — маладзец... Пэнсію 
              ў час дае. Своечасова мы атрымліваем. У кожнага свая гаспадарка. 
              Хто хоча хораша жыць — той кабанчыка трымае, курачку, кароўку. І 
              малачко ёсьць, і чарка, і шкварка, як кажуць».  
            Удала выкарыстаны прынцып паралельнага мантажу: абяцаньні Лукашэнкі 
              адрадзіць вёску і словы Казуліна, што вёска вымірае. Студэнтка родам 
              зь вёскі апавядае, чым жыве сельская моладзь. Адчуваецца яе настальгія 
              на малой радзіме, але з жалем яна кажа, што той, хто паступіў вучыцца, 
              у вёску ня вернецца…  
            (Дзяўчына: ) «Моладзь бавіць час па-звычайнаму. Узімку, калі тут 
              застаюцца толькі школьнікі, штодня яны вучацца, а па выходных ходзяць 
              на дыскатэку ў мясцовы дом культуры. А ўлетку сюды зьяжджаецца шмат 
              моладзі з гарадоў. Звычайна яны ходзяць сюды. Піць піва. Без усялякай 
              ідэі. Гэтак вельмі... па-простаму».  
            У адным з фрагмэнтаў фільму пра свабоду разважаюць навучэнцы зачыненага 
              ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю. «Свабода — павінна быць 
              унутры”. «Свабода — гэта калі трус палюе на льва». А Беларусь павінна 
              заняць «цэнтральнае месца ў Эўропе, таму што геаграфічна яна знаходзіцца 
              менавіта ў цэнтры Эўропы».  
            А ў цэнтры Беларусі — мястэчка Любча Наваградзкага раёну. І тое, 
              што засталося ад сярэдневечнага замку. І зноў тая самая дзяўчына, 
              якая ў выходныя прыяжджае сюды, на малую радзіму. Яна намагаецца 
              адрадзіць гэты самы замак.  
            (Дзяўчына: ) «За чатыры гады тут з мясцовай моладзі была толькі 
              я і часам яшчэ сваю сяброўку заахвочвала. Яна прыходзіла, але асаблівай 
              актыўнасьці не назіраецца. Нават, калі сюды на пянькі прыходзяць 
              піва папіць, просіш – дапамажыце! Калі згаджаюцца, то не болей чым 
              на дзьве хвіліны... Усё зьбягаюць. Я ўжо 4 гады прымаю ўдзел у працах 
              на замку і спадзяюся, што пэўную карысьць я прынесла. Прынамсі, 
              сабе — дакладна. Для мяне сёньня болей цікавай справы не існуе. 
              Бо толькі тут можна сустрэць сапраўды прасунутую беларускую моладзь... 
              Вельмі цікава бавіць час».  
            Далей зноў — прынцып паралельнага мантажу. Кандыдаты сустракаюцца 
              з выбарцамі. Лукашэнка на трэцім Усебеларускім народным сходзе. 
              Тэлевыступы Казуліна і Мілінкевіча (у няроўнай прапорцыі, прыкладна 
              чатыры да аднаго на карысьць Аляксандра Казуліна). Маці Казуліна, 
              дакумэнтальныя кадры — спроба Казуліна трапіць на Усебеларускі сход… 
              І прароцкія словы Казуліна:  
            (Казулін: ) «Я папросту дазволіў сабе трошачкі «дастаць» нашага 
              прэзідэнта. І калі я яго дастаў… Як прафэсар, даўшы яму ўрокі… ён 
              раскрыўся ў поўным аб’ёме. Тры з паловай гадзіны ў часе закрыцьця 
              Усебеларускага сходу адказваў на пытаньні Казуліна! Я добра ўсьведамляю, 
              што я сьмертнік. Я не баюся гэта казаць. Паводле інфармацыі, якую 
              я маю, пасьля выбараў мяне маюць пасадзіць. І вельмі рэкамэндуюць 
              куды-небудзь зьехаць. Але я нікуды не паеду. Я буду жыць у сваёй 
              краіне са сваім народам». 
             
              Іна Студзінская 
              Радыё Свабода 
              
               
             |