|    Праваабарончы цэнтр «Вясна» расцэньвае крымінальны 
              перасьлед і асуджэньне моладзевага лідэра Зьміцера Дашкевіча як 
              палітычную расправу за перакананьні і грамадзка-палітычную дзейнасьць 
               
            Мы, сябры Праваабарончага цэнтру «Вясна», выказваем рашучы пратэст 
              супраць асуджэньня Зьміцера Дашкевіча на 1,5 гадоў пазбаўленьня 
              волі і лічым крымінальны перасьлед моладзевага актывіста незаконным, 
              парушэньнем правоў чалавека.  
            Зьміцер Дашкевіч быў затрыманы 15 верасьня 2006 году і абвінавачаны 
              паводле арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (арганізацыя 
              дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі ці ўдзел у ёй). Больш за 
              месяц Зьміцер незаконна ўтрымліваўся ў СІЗА у бесчалавечых умовах. 
              Судовы працэс пачаўся 30 кастрычніка ў судзе Кастрычнікага р-ну 
              г. Мінска і праходзіў за зачыненымі дзьвярыма ў горшых традыцыях 
              сталінскіх часоў. На судовы разгляд не дапусьцілі журналістаў, прадстаўнікоў 
              грамадзкасьці, родных Зьміцера.  
            Праваабарончы цэнтр «Вясна» заяўляе:  
            Мы лічым арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь і практыку яго выкарыстаньня 
              парушэньнем правоў грамадзянаў Беларусі на свабоду асацыяцыў, свабоду 
              выказваньня меркаваньяў, гарантаваных Канстытуцыяй Беларусі і Міжнародным 
              Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.  
            Мы лічым, што з боку міжнароднай супольнасьці і беларускай грамадзкасьці 
              павінна быць дадзеная адпаведная аценка дзеяньням канкрэтных асобаў, 
              якія дапускаюць парушэньні правоў чалавека ў краіне. У прыватнасьці, 
              асобаў, якія непасрэдна займаліся перасьледам Зьміцера Дашкевіча: 
              судзьдзі суда Кастрычніцкага р-на г. Мінска Алы Булаш; старэйшага 
              саветніка юстыцыі пракуратуры Кастрычніцкага р-на г. Мінска Бароўскага, 
              які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачаньне падчас судовага працэсу; 
              намесьніка Генеральнага пракурора Беларусі Пруса, які санкцыянаваў 
              арышт Зьміцера Дашкевіча. 
            Мы заклікаем прадстаўнікоў АБСЕ, Савета па правах чалавека ААН, 
              міжнародных праваабарончых арганізацыў зьвярнуць увагу на сістэматычныя 
              парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. 
            Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня Зьміцера Дашкевіча і іншых 
              палітычных вязьняў Беларусі і спыненьня рэпрэсіяў супраць палітычных 
              апанентаў рэжыму А. Лукашэнкі.  
                       
               
             |