|    Сьветлагорскі раённы суд за запіс у кнізе заўваг 
              і прапановаў асудзіў былога судзьдзю Сяргея Ярашэвіча. Сёньня судзьдзя 
              Натальля Белайчук абвясьціла прысуд у крымінальнай справе супраць 
              яго: С.Ярашэвіч прызнаны вінаватым у абразе судзьдзяў з Рагачову 
              Ўладзімера Саламейчука і Мікалая Рубісава і пакараны двума гадамі 
              папраўчых работ з утрыманьнем у даход дзяржавы 20 працэнтаў заробку. 
             Гаворыць Сяргей Ярашэвіч:  
            (Ярашэвіч: ) «У нас апраўдальных прысудаў не бывае. З сыстэмай 
              немагчыма змагацца. Сваім запісам у кнізе заўваг я паказаў факт 
              таго, што ў нашай рэспубліцы могуць асудзіць невінаватага чалавека 
              — ня простага, які далёкі ад юрыспрудэнцыі. Нават юрыста могуць 
              прызнаць вінаватым, і ён бяспраўны, ён ня зможа даказаць сваю невінаватасьць. 
              І я як бы стаў ворагам усёй сыстэмы»,  
            сказаў былы судзьдзя і адвакат са Жлобіну Сяргей Ярашэвіч.  
            Мы ўжо распавядалі, што падставай для крымінальнага перасьледу 
              спадара Ярашэвіча паслужыў ягоны запіс у кнізе заўваг і прапановаў 
              Рагачоўскага суду. Ён меў неасьцярожнасьць параўнаць рагачоўскіх 
              судзьдзяў з судзьдзямі 1937 году, якія нібыта ўчыняюць судзілішча 
              па прынцыпе: быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца.  
            Сёлета ўвесну згаданыя рагачоўскія судзьдзі пачаргова разглядалі 
              даволі блытаную крымінальную справу супраць Сяргея Ярашэвіча, абвінавачанага 
              ў хуліганстве з нанясеньнем лёгкіх цялесных пашкоджаньняў былому 
              супрацоўніку жлобінскай міліцыі. У апошняга зь Ярашэвічам склаліся 
              непрыязныя побытавыя дачыненьні.  
            У Рагачоўскім судзе спадара Ярашэвіча аштрафавалі на 3 мільёны 
              100 тысячаў рублёў. Разьбіральніцтва і прысуд ён палічыў неаб'ектыўнымі, 
              таму і ўчыніў запіс у кнізе заўваг і прапановаў.  
            У выніку — чарговая крымінальная справа і чарговы прысуд, прычым 
              першы такі ў краіне. Да гэтага часу, наколькі вядома, у Беларусі 
              за запісы ў кнігах заўваг, уведзеных у кожнай установе на падставе 
              ўказу кіраўніка дзяржавы, нікога да крымінальнай адказнасьці не 
              прыцягвалі.  
            Судзьдзя Натальля Белайчук лічыць, што спадар Ярашэвіч абразіў 
              пісьмова рагачоўскіх судзьдзяў пры ажыцьцяўленьні імі правасудзьдзя: 
             
            (Белайчук: ) «Нашы грамадзяне такія рэчы іншым разам пішуць — і 
              ў скаргах, і ў кнігах, дазваляюць сабе зашмат, пераходзяць на асобы. 
              Ня згодны з прынятым рашэньнем, абскарджвай, як належыць, рашэньне. 
              Навошта ж судзьдзю абражаць?», лічыць Натальля Белайчук, якая сёньня 
              пакарала былога судзьдзю Сяргея Ярашэвіча двума гадамі папраўчых 
              работ за запіс у кнізе заўваг і прапановаў.  
            Сяргей Ярашэвіч наважаны абскардзіць вырак у вышэйшай судовай інстанцыі. 
              На яго думку, кніга заўваг для таго і існуе, каб любы чалавек мог 
              выказаць сваё меркаваньне наконт таго, як зь ім абыходзіліся тыя 
              ці іншыя дзяржаўныя чыноўнікі, у тым ліку і судзьдзі, паколькі кнігі 
              заўваг ёсьць і ў судах. 
              
            Радыё Свабода 
                       
               
             |