|    Сёньня ў Варшаве, каля будынку прадстаўніцтва 
              АБСЭ прайшоў пікет, удзельнікі якога патрабавалі ад міжнароднай 
              супольнасьці націснуць на беларускія ўлады ў справе вызваленьня 
              палітычных вязьняў і спыненьня перасьледу недзяржаўных арганізацыяў, 
              у тым ліку Саюзу палякаў Беларусі. 
             Нягледзячы на моцны дождж, каля дзясятка беларусаў, што жывуць 
              у Варшаве, прыйшлі да будынку прадстаўніцтва АБСЭ, што ў цэнтры 
              гораду, побач з амбасадамі вядучых краінаў сьвету зь бел-чырвона-белымі 
              сьцягамі і плякатамі «Свабоду палітвязьням», «Свабоду Аляксандру 
              Казуліну», «Дыктатара ў турму».  
            Удзельнікі пікету перадалі ў канцылярыю прадстаўніцтва АБСЭ зварот, 
              у якім расказваецца пра сытуацыю палітычных вязьняў у Беларусі і 
              ўтрымліваецца заклік паўплываць на беларускія ўлады, каб тыя неадкладна 
              вызвалілі ўсіх асуджаных паводле палітычных матываў.  
            (Крыштон: ) «Былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Аляксандр Казулін 
              дагэтуль трымае галадоўку. Мы хочам яшчэ раз зьвярнуць увагу міжнароднай 
              супольнасьці на гэты факт. Таксама патрабуем, каб у дачыненьні да 
              рэжыму Лукашэнкі былі зробленыя адпаведныя крокі, каб вызваліць 
              усіх палітвязьняў», — сказаў нашаму радыё адзін з арганізатараў 
              пікету Ігар Крыштон.  
            Аналягічны зварот быў перададзены таксама ў канцылярыю дуаена дыпляматычнага 
              корпусу ў Польшчы, апостальскага нунцыя арцыбіскупа Юзэфа Кавальчыка. 
             
            
              
            Радыё Свабода 
                       
               
             |