У Эстоніі запатрабавалі вызваліць палітвязняў Беларусі
21 ноября 2006

16 лістапада, у Дзень салідарнасці з Беларуссю, Група падтрымкі Беларусі ў Эстоніі асудзіла парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і запатрабавала неадкладна вызваліць арыштаваных па палітычных матывах актывістаў апазіцыі.

Групу падтрымкі Беларусі ў Эстоніі заснавалі грамадскія аб’яднанні і назіральнікі, якія знаходзіліся ў Беларусі падчас прэзідэнцкіх выбараў. З дапамогай Фонда «Адкрытая Эстонія» група падтрымкі арганізавала акцыі ў Дзень салідарнасці і раздачу інфармацыйных матэрыялаў пра Беларусь у Таліне, Тарту і Пярну.

У пачатку лістапада ў Беларусі да 18 месяцаў турэмнага зняволення быў прысуджаны лідэр моладзевай арганізацыі «Малады Фронт” Зміцер Дашкевіч, якога абвінавацілі ў «дзейнасці ад імя незарэгістраванага аб’яднання». Грамадзянскія аб’яднанні Эстоніі і Група падтрымкі Беларусі асудзілі палітычны вердыкт суду і заяўляюць аб сваёй салідарнасці з заклікам Еўрапейскага Звяза і шматлікіх міжнародных арганізацый неадкладна вызваліць Дашкевіча.

Непасрэдна напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў сакавіку, у Крымінальны кодэкс Беларусі быў уведзены новы артыкул, які забараняе ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Папраўка да закона з`яўляецца неабгрунтавана строгай і супярэчыць дэмакратычным прынцыпам.

На падставе гэтага ж артыкула ў жніўні гэтага года да турэмнага зняволення былі прысуджаныя актывісты грамадзянскай кампаніі па назіранні за выбарамі «Партнёрства», якія неаднаразова наведвалі Эстонію.

У Дзень салідарнасці па ўсім свеце людзі выказваюць сваю падтрымку дэмакратычным сілам у Беларусі і аддаюць даніну памяці ахвярам рэжыму Лукашэнкі. У Беларусі парушаюцца правы чалавека і ў Дзень салідарнасці падтрымку выказваюць тым, хто жадае бачыць сваю краіну свабоднай і дэмакратычнай. У краіне, якую завуць «апошняй дыктатурай Еўропы», абмежаваныя правы на свабоду слова і свабоду дзейнасці, а таксама правы на ўдзел у мірных сходах і працы няўрадавых арганізацый.

Пачатак традыцыі выказваць падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі ў 16 дзень кожнага месяца быў пакладзены ўвосень мінулага года. У гэты дзень у 20:00 у Беларусі людзі выключаюць на 15 хвілін у сваіх пакоях святло і запальваюць на вокнах свечкі. Гэтым рытуалам яны аддаюць даніну памяці дэмакратам, якія зніклі і загінулі за гады дыктатуры Лукашэнкі, а таксама выказваюць салідарнасць з ідэаламі свабоды. Акрамя запальвання свечак, як у Беларусі, так і паўсюль у свеце арганізоўваюцца акцыі салідарнасці.