Сёння кіраўніцтва Еўразвязу абвясціла
дакумент, які выкладае тыя перавагі, якія ЕС мог бы даць
Беларусі, калі бы Беларусь уступіла на шлях дэмакратызацыі
і павагі правоў чалавека і вяршэнства закона. Дакумент перадаецца
беларускім уладам сёння і ў Мінску і Брусэлі. Сярод іньшых
запатрабаванняў - належным чынам і незалежна расследаваць
або перагледзець выпадкі са знікненнем людзей. Хартыя-97
прапаноўвае поўны тэкст дакумэнту.
Што Еўрапейскі Саюз можа даць Беларусі
Калі Беларусь стане паўнапраўным удзельнікам нашай палітыкі
добрасуседства і, такім чынам паўнапраўным партнёрам ЕЗ,
ЕЗ зможа дапамагчы палепшыць якасць жыцця беларусаў.
З гэтай мэтай ЕЗ і Беларусь маглі бы працаваць разам дзеля
дасягнення наступных паляпшэнняў, якімі б непасрэдна скарыстаўся
беларускі народ:
· спрошчанае наведванне беларускімі грамадзянамі краін-сябраў
ЕЗ;
· пашыранае трансмежнае супрацоўніцтва, якое спрыяе большаму
ўзаемадзеянню ў эканамічным развіцці, ахове навакольнага
асяроддзя і памежным мэнэджменце;
· падтрымка беларускай эканомікі, дапамога ў развіцці малога
і сярэдняга прадпрымальніцтва і падрыхтоўка беларускіх прадпрыемстваў
да далейшых магчымасцяў на Еўрапейскім рынку. Гэта стварыла
бы больш працоўных месцаў і забяспечыла лепшыя перспектывы
таксама і для маладога пакалення; гэта магло бы быць дасягнута
праз эканамічныя рэформы, якія б зрабілі Беларусь больш
прывабнай для замежных інвестараў;
· палепшыць сістэму аховы здароўя і адукацыі, падтрымку
ўразлівых груп насельніцтва;
· зрабіць дзяржаўнае і мясцовае кіраванне больш эфектыўным
для лепшага аказання паслуг насельніцтву;
· рэфармаваць прававую і судовую сістэмы з мэтай забеспячэння
роўных правоў для ўсіх. Гэта патрабуе незалежных суддзяў,
якія працавалі б ў сумленнай і незалежнай манеры, абараняючы
правы ўсіх грамадзян і развіццё грамадскай супольнасці;
· лепшыя эканамічныя магчымасці для Беларусі і палепшаныя
ўмовы жыцця для яе грамадзян праз развіццё і мадэрнізацыю
транспартнай і энергетычнай сістэмы. Гэта б палепшыла аўтамабільнае
і чыгуначнае спалучэнне Беларусі з яе суседзямі, як часткі
агульнаеўрапейска і, такім чынам, спрыяла б паездкам людзей
і перамяшчэнню тавараў;
· палепшыць стан навакольнага асяроддзя: якасць вады, утылізацыя
выкідаў, падтрымка ў барацьбе з наступствамі Чарнобыльскай
катастрофы;
· удзел у супрацоўніцтве Еўрапейскага масштабу па пытаннях
навакольнага асяроддзя, здароўя, стандартаў бяспекі прадуктаў
харчавання, умоў працы, авіябяспекі, супрацоўніцтва ў судовай
сферы і інш. праз удзел у еўрапейскіх праграмах і сяброўства
ў еўрапейскіх агенцтвах.
Мы таксама маглі бы развіваць больш сувязяў паміж ЕЗ і
Рэспублікай Беларусь:
· Мы бы спрасцілі кантакты праз мяжу і зрабілі бы перасячэнне
мяжы прасцей для мясцовых людзей праз супрацоўніцтва з краінамі
суседзямі Беларусі;
· Беларускія гарады і адміністратыўна-тэрытарыяльныя адзінкі
маглі бы супрацоўнічаць з гарадамі і муніцыпалітэтамі ў
ЕЗ, абменьваючыся інфармацыяй і досведам ў сферы аказання
паслуг насельніцтву;
· Мы бы прапанавалі беларускім студэнтам больш стыпендый
для навучання ва ўніверсітэтах ЕЗ. Мы бы заахвочвалі рэгулярныя
і доўгатэрміновыя абмены і ўстойлівыя адносіны паміж беларускімі
ўніверсітэтамі і ўніверсітэтамі ЕЗ на ўсіх узроўнях, уключаючы
адміністрацыйны і акадэмічны;
· У нас бы мог быць блізкі дыялог і супрацоўніцтва з дэмакратычна
абранымі лідэрамі Беларусі, дзяржаўнымі службоўцамі і экспертамі
па шырокаму колу пытанняў, унутраных і міжнародных, значных
для нас усіх. Беларускі пункт погляду мог бы быць шырэй
пачуты на міжнароднай сцэне;
· Мы маглі бы больш актыўна далучаць прадстаўнікоў Беларусі
- на нацыянальным, рэгіянальным і мясцовым узроўнях, таксама
як і беларускіх афіцыйных асоб, акадэмікаў, навукоўцаў і
г.д. да сумеснай працы па вырашэнню агульных, значных пытанняў,
падзяляючы і абменьваючыся экспертнымі даннымі і ноў-хаў
у сферы эканомікі і гандлю, сучаснага кіравання, вяршэнства
закона, інфармацыі, адукацыі, турызму, культуры, даследаванняў,
навукі, энергетыкі, здароўя, сацыяльных пытанняў, навакольнага
асяроддзя, транспарта і камунікацый і інш.
У нас маглі бы быць глыбейшыя эканамічныя і гандлёвыя сувязі
і больш магчымасцяў для бізнэсу:
· Лепшы доступ для беларускіх прадуктаў, пры ўмове адпаведнасці
нашым стандартам, да рынку ЕЗ з 480 мільёнамі спажыўцоў,
што дапамагло бы павялічыць рост беларускага гандлю і істотна
ўзмацніла бы далейшае эканамічнае развіццё краіны;
· асабліва ў тэкстыльным сектары Беларусі лепшыя магчымасці
для доступу беларускай тэкстыльнай прадукцыі на Еўрапейскі
рынак;
· калі Беларусь уступіць у Сусветную Гандлёвую Арганізацыю,
гэта павінна павялічыць магчымасці для беларускіх прадуктаў
у свеце, уключна і ў ЕЗ.
Для падтрымкі праграм эканамічнага і сацыяльнага развіцця
Беларусі, мы бы істотна павялічылі Еўрапейскую фінансавую
дапамогу, і прапанавалі бы наш каштоўны досвед у правядзенні
рэформ.
Беларусь да цяперашняга моманту атрымала значна менш фінансавай
дапамогі, чым яе суседзі. Але гэтая сітуацыя магла б змяніцца
і Беларусь атрымала бы супастаўна столькі ж дапамогі, колькі
і яе суседзі, калі б беларускія ўлады зрабілі істотныя крокі
насустрач дэмакратызацыі.
Што ўрад Беларусі можа зрабіць
На жаль, на гэтым этапе, палітыка, якая праводзіцца аўтарытарным
рэжымам прэзідэнта Лукашэнка, спыняе нас ад прапанавання
Беларусі поўнага ўдзелу ў нашай палітыцы добрасуседства.
Еўрапейскі Саюз не можа прапанаваць паглыбіць гэтыя адносіны
з рэжымам, які пазбаўляе сваіх грамадзян фундаментальных
дэмакратычных правоў. Народ Беларусі - самая першая ахвяра
ізаляцыі, навязанай яму афіцыйнай ўладай, але ен жа будзе
першым, хто скарыстаецца перавагамі прапаноў для дэмакратычнай
Беларусі.
ЕС жадае падзяліць са сваімі суседзямі дабрабыт, стабільнасць,
бяспеку, якімі карыстаюцца яго ўласныя грамадзяне. Гэта
патрабуе палітычных, эканамічных і адміністрацыйных рэформ
ад нашых краін-партнёраў. Падтрымліваючы нашых суседзяў
у гэтых намаганнях, Еўрапейскі Саюз прапаноўвае палітычныя,
эканамічныя і гандлёвыя магчымасці, таксама як і фінансавую
дапамогу краінам, якія паважаюць правы чалавека, дэмакратыю
і вяршэнства закона. Гэта каштоўнасці, якія Беларусь ужо
прызнала сама па сваёй уласнай волі, як сябра ААН, АБСЕ
і іншых арганізацый, але якія дзеючы беларускі ўрад на практыцы
не паважае. Для пабудовы глыбейшых адносін, якія мы бы жадалі
мець паміж ЕЗ і народам Беларусі, для спынення палітыкі
самаізаляцыі, якую беларускі ўрад навязаў сваім грамадзянам,
мы гаворым, што беларускім уладам трэба, па-першае, і галоўным
чынам:
· паважаць права народа Беларусі выбіраць сваіх лідэраў
дэмакратычным шляхам - іх права чуць усе меркаванні і бачыць
усіх кандыдатаў на выбары; права апазіцыйных кандыдатаў
і груп падтрымкі праводзіць кампаніі без прыгнёту, судовага
пераследу або турэмнага зняволення; незалежнае назіранне
за выбарамі, беларускімі няўрадавымі арганізацыямі ўключна;
права волевыяўлення і права на справядлівы падлік галасоў;
· паважаць права народа Беларусі на незалежную інфармацыю,
і выказвацца вольна, напрыклад, дазваляючы журналістам працаваць
без прыгнёту або судовага пераследу, не зачыняючы газеты
і не перашкаджаючы іх распаўсюджванню;
· паважаць правы недзяржаўных арганізацый, як жыццёва важнай
часткі здаровай дэмакратыі - больш не ўскладняць іх легальнае
існаванне, не прыгнятаючы і не пераследваючы сябраў грамадскіх
арганізацый, і дазваляючы ім атрымоўваць міжнародную дапамогу;
· вызваліць усіх палітычных зняволеных - сябраў палітычных
апазіцыйных партый, сябраў НДА і простых грамадзян, арыштаваных
падчас мірных дэманстрацый і мітынгаў;
· належным чынам і незалежна расследаваць або перагледзець
выпадкі са знікненнем людзей;
· забяспечыць права беларусаў на незалежную і непрадузятую
судовую сістэму - з суддзямі, незалежнымі ад палітычнага
ціску, без самаўпраўнасці і галаслоўнага крымінальнага судовага
пераследвання або палітычна-матываванага судовага прысуду,
як зняволенне ў турму грамадзян, якія мірна выказваюць свой
пункт погляду;
· спыніць адвольныя арышты і затрыманні, дрэннае абыходжанне
з людзьмі;
· паважаць правы і свабоды тых беларускіх грамадзян, якія
адносяцца да нацыянальных меншасцяў;
· паважаць правы беларусаў як працаўнікоў - іх права ўступаць
у прафсаюзы і права прафсаюзаў працаваць на абарону праў
людзей;
· паважаць правы беларусаў як прадпрымальнікаў ажыццяўляць
дзейнасць без празмернага ўмяшання ўлад;
· далучыцца да адмены смяротнай кары ўслед за іншымі народамі
Еўропы;
· выкарыстаць падтрымку, якую АБСЕ, ЕС і іншыя арганізацыі
прапаноўваюць Беларусі для дапамогі ў выконванні правоў
сваіх грамадзян.
ЕС знаходзіцца ў гатоўнасці аднавіць свае адносіны з Рэспублікай
Беларусь і яе народам, як толькі беларускі ўрад прадэманструе
павагу да дэмакратычных каштоўнасцяў і асноўных правоў народа
Беларусі.
Між тым, Еўрапейскі Саюз працягне забяспечваць фінансаванне
для Беларусі для аказання дапамогі рэгіёнам, пацярпелым
ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы або для падтрымкі
ў барацьбе супраць гандлю людзьмі, у прыватнасці, супраць
гандлю жанчынамі ў Еўропе.
У той жа самы час, ЕС працягне працу ў напрамку доступу
беларусаў да незалежнай інфармацыі, такім чынам, даючы ім
магчымасць пачуць усе бакі аргументаў, перш чым яны зробяць
свае высновы. ЕС працягне падтрымліваць друкаваную прэсу
і трансляванне незалежных тэле- і радыёпраграм для Беларусі.
ЕС таксама будзе прывітаць і забяспечваць фінансавую падтрымку
беларускім студэнтам, якія навучаюцца ў Еўрапейскіх універсітэтах.
|