|    16 лістапада ў дзевяці польскіх гарадох адбыліся 
              акцыі салідарнасьці зь сем`ямі зьніклых беларускіх палітыкаў і палітвязьнямі. 
              Акцыі салідарнасьці прайшлі ў Варшаве, Кракаве, Познані, Уроцлаве, 
              Гданьску, Лодзі, Пултуске, Любліне, Беластоку.  
            «Менск-Варшава — супольная справа» — гэткім лёзунгам распачаўся 
              ў Варшаве Дзень салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ды зьніклымі 
              апанэнтамі ўладаў. Арганізаваў акцыю «Зьвяз у падтрымку дэмакратыі 
              ў Беларусі». Удзел бралі палякі ды беларусы — каля 100 чалавек. 
              Усё пачалося ў цэнтры Варшавы пад помнікам Дэ Голя, дзе мінакам 
              раздавалі ўлёткі пра акцыю салідарнасьці і пра лёс Зьмітра Дашкевіча, 
              асуджанага на паўтары гады зняволеньня за «ўдзел у незарэгістраванай 
              арганізацыі».  
            Потым удзельнікі расьцягнуліся абапал вуліцы Новы Сьвят. Маніфэстанты 
              трымалі зьнічкі, бел-чырвона-белыя сьцягі ды партрэты Зьмітра Дашкевіча. 
              Праз цэнтральныя вуліцы калёна дайшла да Замкавага Пляцу, дзе арганізатары 
              паказалі фільм Паўла Шэрэмэта «Дзікае паляваньне-2». Фільм праецыраваўся 
              на аглядную вежу на Замкавым пляцы.  
            У Беластоку акцыя салідарнасьці прайшла ў выглядзе тэатралізаванага 
              пэрфомансу, падчас якога імправізаваны Аляксандар Лукашэнка быў 
              арыштаваны уласнай аховаю, а беларускі палітвязень Зьміцер Дашкевіч 
              вызвалены з турмы па патрабаваньні грамадзкасьці. 
            Пасьля заканчэньня пэрфомансу яго удзельнікі сталі са сьвечкамі 
              й партрэтамі палітвязьняў Паўла Севярынца, Артура Фінькевіча, Міколы 
              Статкевіча, Аляксандра Казуліна, Цімафея Дранчука, Андрэя Клімава 
              і іншых насупраць беларускага консульства і патрабавалі іх неадкладнага 
              вызваленьня. Пры гэтым удзельнікі акцыі завязалі вочы джынсавымі 
              стужкамі.  
            У Кракаве сваю салідарнасьць зь Беларусьсю выказала ля 50 чалавек. 
              У цэнтры гістарычнага горада ўдзельнікі разцягнулі банэр «Свабоду 
              палітвязьням» ды запалілі сьвечкі.  
            Люблін таксама правёў акцыю падтрымкі палітвязьня Зьміцера Дашкевіча. 
              Людзі сталі з партрэтамі палітвязня пад помнікам Люблінскай вуніі. 
              Былі запаленыя сьвечкі.  
            Ва Ўроцлаве ля 20 чалавек з бела-чырвона-белымі сьцягамі прайшлі 
              галоўнымі вуліцамі гораду, сьпяваючы беларускія песьні.  
            Таксама Дзень Салідарнасьці быў адзначаны ў Познані, Лодзі, Гданьску 
              і іншых гарадох Польшчы. 
              
            Хартия-97 
                       
               
             |