Палітвязень Сяргей Скрабец сёння выйшаў 
                      на свабоду пасля аднаго з паловай года зняволення. Былы 
                      дэпутат і актыўны апазіцыянер абвінавачваўся ў выманьванні 
                      крэдыта ў дзяржавы і быў прысуджаны да двух з паловай гадоў 
                      калоніі агульнага рэжыма. У кастрычніку Сяргей Скрабец быў 
                      нечакана амніставаны і тэрмін яго зняволення быў скарочаны 
                      на год. Падчас зняволення Сяргей Скрабец страціў 30 кілаграмаў 
                      вагі - да турмы ён важыў 100 кілаграмаў, зараз - 70. Сваё 
                      вызваленне былы дэпутат звязвае з тым, што ён абвясціў галадоўку 
                      салідарнасці з патрабаваннямі Аляксандра Казуліна, які патрабуе 
                      разгляджэння сітуацыі ў Беларусі ў Радзе Бяспекі ААН. Па 
                      словах Скрабца, стан Казуліна пасля чатырох тыдняў галадоўкі 
                      сур’ёзна пагоршыўся. “Фізічна Казулін вельмі знясілены. 
                      З яго ростам страціць такую колькасць вагі – 17 кг – гэта 
                      вельмі шмат. Турэмным лекарам я не давяраю, яны не змогуць 
                      вывесці яго з галадоўкі. Іхнія метады – устаўляць у рот 
                      жолаб і сілком карміць. Адзін з лекараў пагражаў паступіць 
                      са мной такім спосабам і хваліўся, што не раз ужо так рабіў. 
                      Гэта метады фашысцкага канцлагера. Выхад з галадоўкі – працэс 
                      вельмі складаны, які патрабуе ведаў. Любое нявернае рашэнне 
                      можа прывезці да смяротнага зыходу. Я сур`ёзна асцерагаюся 
                      за жыццё Казуліна. Але галадоўку ён спыняць не збіраецца 
                      – не бачыць чыннікаў”, – заявіў Сяргей Скрабец у інтэрв`ю 
                      прэс-цэнтру Хартыі`97. 
                    – Сяргей, як вы сябе адчуваеце пасля працяглай галадоўкі? 
                     
                    – Фізічна вельмі знясілены. Страціў у вазе 17 кілаграмаў. 
                      Адчуваю слабасць, галавакружэнне, але ў прынцыпе ўсё нармалёва. 
                      Сёння ўжо выходжу з галадоўкі. Пачаў піць разведзеныя сокі. 
                      Да дапамогі медыкаў звяртацца не буду – у нас няма адмыслоўцаў 
                      па вывядзенні з галадоўкі. 
                    – Вы не ў першы раз галадаеце ў зняволенні. Аднойчы 
                      адмаўляліся ад ежы больш за 40 дзён. Па-іншаму ў турме нельга 
                      было дамагчыся сваіх патрабаванняў?  
                    – Не, па-іншаму немагчыма. Ніхто нікога не слухае. Калі 
                      жадаеш звярнуць увагу на свае праблемы, застаецца толькі 
                      абвясціць галадоўку. Пракуратура, якая выконвае наглядныя 
                      функцыі, у змове з працаўнікамі Дэпартамента выканання пакаранняў. 
                      Туды звяртацца бессэнсоўна.  
                    Праз галадоўку я дамогся таго, каб да мяне ўжылі амністыю, 
                      хоць права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне я меў яшчэ 
                      ў сакавіку гэтага года. Ніякіх прэтэнзій да мяне за час 
                      зняволення не было. Я пісаў ва ўсе інстанцыі, але мае скаргі 
                      адмаўляліся нават разглядаць. Вось мне і надакучыла пісаць 
                      скаргі.  
                    Калі мяне арыштавалі па ілжывым абвінавачванні ў падрыхтоўцы 
                      дачы хабару, я таксама абвясціў галадоўку. Мяне дапытвалі 
                      следчыя групы з розных ведамстваў. Галадоўка дапамагала 
                      гаварыць з імі з той пазіцыі, што да мяне прыцягнутая ўвага 
                      грамадскасці, і гэта, натуральна, згуляла сваю ролю. Суд 
                      зняў з мяне гэтыя абвінавачванні.  
                    Адміністрацыі месцаў зняволення баяцца галадовак, таму 
                      што яны прыцягваюць увагу грамадскасці да зняволеных, і 
                      ім прыходзіцца выконваць законныя патрабаванні.  
                    – Чаму Вы вырашылі падтрымаць галадоўку пратэсту, абвешчаную 
                      Аляксандрам Казуліным?  
                    – Таму што ў яго патрабаваннях – звярнуць увагу на беззаконя 
                      ў Беларусі і разглядзець сітуацыю ў нашай краіне ў Радзе 
                      Бяспекі ААН – вельмі дакладна сфармуляваная пазіцыя большай 
                      часткі насельніцтва Беларусі. Да таго ж, апазіцыя Беларусі 
                      разрозненая, а галадоўка можа дазволіць аб`яднаць апазіцыю 
                      для дасягнення агульнай мэты – змены сітуацыі ў краіне і 
                      вяртанне Беларусі ў канстытуцыйнае поле. Дзяліць неіснуючыя 
                      партфелі можна і далей, але гэта не дапаможа змяніць сітуацыю. 
                    – Як сябе адчувае палітвязень? Пра яго няма практычна 
                      ніякай інфармацыі.  
                    – Фізічна Казулін вельмі знясілены. З яго ростам страціць 
                      такую колькасць вагі – 17 кг – гэта вельмі шмат. Засталіся 
                      скура ды косці. Ціск у яго вельмі нізкі. Страта больш за 
                      30% вагі вядзе да летельнага зыходу. Сёння Казулін страціў 
                      20% вагі. Але духоўна Казулін дужы чалавек, сапраўдны ваяр. 
                      Зламіць яго немагчыма. 
                    Вядома, турэмным лекарам я не давяраю, яны вывесці з галадоўкі 
                      не змогуць. Іхнія метады – устаўляць у рот жолаб і сілком 
                      карміць. Адзін з лекараў пагражаў паступіць са мной такім 
                      спосабам і хваліўся, што не раз ужо так рабіў. Гэта метады 
                      фашысцкага канцлагера. Выхад з галадоўкі – працэс вельмі 
                      складаны, які патрабуе ведаў. Любое нявернае рашэнне можа 
                      прывезці да смяротнага зыходу. У калоніі, як мінімум, павінна 
                      дзяжурыць рэанімацыйная машына, а яны збіраюцца яго сілком 
                      карміць тлустай турэмнай кашай... Я сур`ёзна асцерагаюся 
                      за жыццё Казуліна. Але галадоўку ён спыняць не збіраецца 
                      – не бачыць чыннікаў. 
                    – Чаму, на ваш погляд, кіраўніцтва калоніі цалкам ізалявала 
                      Казуліна: сустрэчы з адвакатам і сваякамі забароненыя, аб 
                      стане здароўя амаль нічога не паведамляецца?  
                    – Таму што ёсць загад “зверху”. Гэта не рашэнне начальніка 
                      калоніі. Рашэнне прымаў сакратар Савета бяспекі і вышэй. 
                      Я не разумею ўлады, паколькі яны гэтым прыцягваюць яшчэ 
                      больш увагі і да гэтага ж – гэта вельмі нягуманна. Казуліну 
                      зараз як ніколі неабходна падтрымка, і настрой у яго вельмі 
                      рашучы, ён гатовы ісці да канца. Лукашэнка павінен задумацца 
                      над гэтым пытаннем і дазволіць адвакату сустрэцца з Казуліным, 
                      каб з ім пагаварылі. І тады можна было бы прыйсці да нейкага 
                      кампрамісу.  
                    – Раней у Вас не было магчымасці ацаніць Ваш арышт, 
                      суд і прысуд. Чаму Вас падвергнулі пераследу?  
                    – У Лукашэнкі нядрэнная аналітычная служба, якая сачыць 
                      за ўсімі, хто ўяўляе найбольш рэальную небяспеку рэжыму. 
                      Некаторых саджаюць яшчэ і ў мэтах павучання грамадства. 
                      Так было з Лявонавым, Старавойтавым, Марынічам, Клімавым, 
                      Статкевічам. Я звязваю арышт з тым, што я ўяўляў пагрозу, 
                      хоць я не разумею, як адзін чалавек можа так моцна кагосьці 
                      спужаць. Мяне часта папярэджвалі, што могуць арыштаваць, 
                      але я не хацеў думаць аб гэтым або думаў, што проста палохаюць. 
                      Але нават, калі б мне далі гарантыі таго, што мяне ўсёткі 
                      арыштуюць, я ўсё роўна б не з`ехаў з Беларусі. 
                    – Палітвязень Валерый Леванеўскі пасля выхаду на свабоду 
                      заявіў, што такога беззаконня і бяспраўя, як у турме, яму 
                      не давадзілася бачыць. Вы з ім згодны?  
                    – У любой турме ёсць недахопы. З таталітарным рэжымам усё 
                      толькі ўзмацняецца. Сістэма выканання пакаранняў таксама. 
                      Усё можа змяніцца, калі турэмная сістэма стане адкрытай, 
                      калі ў праваабаронцаў і журналістаў будзе доступ у калоніі, 
                      калі зняволенныя змогуць гаварыць, у якіх умовах ім даводзіцца 
                      жыць. Пакуль жа сістэма абсалютна зачыненая. Даходзіць да 
                      абсурду. Незразумела чаму, але ў віцебскай калоніі забаронена 
                      мець і купляць цукар. Гэта значыць у сталовай яго ў гарбату 
                      кладуць і ўсё. Ніхто нічога не тлумачыць. Хадзілі чуткі, 
                      што адміністрацыя думае, што з цукру можна варыць самагонку. 
                     
                    А што адбывалася з маім пераводам у калонію? Гэта было 
                      ў сакавіку, тады ўсе войскі былі сцягнутыя ў Менск – баяліся 
                      акцый пратэсту, горад быў фактычна на вайсковым становішчы. 
                      Таму не хапала канваіраў, нас, зняволеных, па 20 чалавек 
                      везлі ў аўтазаках, а потым у “сталыпінскіх” вагонах, у якіх 
                      сядзелі “на кукішках”, мерзнулі страшна. Шмат праз што прыйшлося 
                      прайсці, праз шматлікія зневажанні і абразы. 
                    – Гавораць, што ў турме чалавек можа кардынальна змяніцца 
                      і стаць зусім іншым, чым у свабодным жыцці… 
                    – Сістэма перамолвае косці чалавека ў муку. Калі чалавек 
                      слабы духам, то хутка ламаецца і псіхіка больш не аднаўляецца. 
                      Турма – прышчэпка ад дабрыні. Дабрыня там прымаецца за слабасць, 
                      дзейнічае толькі закон джунгляў. 
                    – А на Вас як турма паўплывала?  
                    – Я стаў больш уважлівым да навакольнага асяроддзя, стаў 
                      звяртаць увагу на кожную дробязь. У турме ты не можаш расслабіцца 
                      ні на хвіліну, уначы штогадзіны свецяць фанарыкам у твар 
                      – праверка, кантралюе кожны твой шаг, кожны рух. Да таго 
                      ж, для чалавека, які імкнецца да духоўнай дасканаласці, 
                      гэта нядрэнная праверка на сілу духа. 
                    – Якія ўзаемаадносіны склаліся з іншымі зняволеннымі? 
                       
                    – Добрыя. Зняволенныя палітыкаў пабойваюцца, усе хочуць 
                      на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, а паколькі іх папярэдзілі, 
                      каб з намі не кантактавалі, то адбываліся зносіны, як у 
                      нашай “палаце прадстаўнікоў” – руку паціснулі і ўцякаюць. 
                      Грамадства запужанае зверху данізу і ўсё роўна, дзе сядзіш 
                      – у ручным “парламенце” або калоніі.  
                    – Вы адчувалі падтрымку са свабоды?  
                    – Так, вядома. Маса лістоў прыходзіла з розных краін свету, 
                      са ўсёй Беларусі. Казуліна зараз завальваюць лістамі, тэлеграмамі. 
                      Падтрымка каласальная. Пішуць простыя людзі, студэнты. Не 
                      баяцца! Свядомасць людзей моцна змянілася за апошні час. 
                      Я здзіўлены.  
                    – Чаму, як Вам здаецца, Вас амніставалі?  
                    – Я лічу, што гэта толькі таму, што мы сядзелі разам з 
                      Казуліным. Яны баяліся нашага саюза. Адна справа, калі адзін 
                      чалавек галадае, а тут два. Да таго ж мы аднадумцы і падтрымлівалі 
                      адзін аднаго. 
                    – Як былі ў следчым ізалятары, Вы вырашылі балатавацца 
                      ў прэзідэнты. Чаму?  
                    – Я вырашыў балатавацца ў прэзідэнты яшчэ за 2-3 месяцы 
                      да арышту. Мы дамовіліся з Казуліным аб сумеснай кампаніі. 
                      Было зразумела, што мала хто ў прынцыпе адважыцца выступаць 
                      супраць трэцяга тэрміна Лукашэнкі. Вядома, з турмы мала 
                      шанцаў чагосьці дамагчыся, але я хацеў неяк паўплываць на 
                      змену сітуацыі. 
                    – Як ацэньваеце выбарчую кампанію, што адбылася, і наступныя 
                      за ёй акцыі пратэсту?  
                    – Складана гаварыць, усёткі быў у турме. Радыё ў мяне тады 
                      не было, зараз мы ў калоніі слухаем радыё “Свабода” (вядома, 
                      вельмі глушаць, але ўсё роўна чуваць). У цэлым, у тым ліку 
                      дзякуючы Казуліну, кампанія прайшла нядрэнна. Большага складана 
                      было дамагчыся ва ўмовах таталітарызму. Было прадэманстравана, 
                      што ў Беларусі ёсць сілы, гатовыя ўзяць адказнасць за лёс 
                      Беларусі. Акцыі пратэсту азначалі, што краіна прачынаецца 
                      ад летаргічнага сну. 
                    – Чым Вы маеце намер заняцца зараз?  
                    – Мы ўзгаднілі з Казуліным план далейшых дзеянняў па змене 
                      палітычнай сітуацыі ў Беларусі і вяртанню Беларусі ў канстытуцыйнае 
                      поле. Для пачатку буду дамагацца выканання патрабавання 
                      Казуліна – абмеркавання сітуацыі ў Беларусі ў Радзе Бяспекі 
                      ААН. 
                      
                      
                     |