У шэрагу гарадоў Беларусі і за межамі краіны адбыліся
акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых.
У Менску а 20-й гадзіне некалькі дзясяткаў актывістаў моладзевага
дэмакратычнага руху сабраліся ля будынку чыгуначнага вакзалу са
сьвечкамі ў руках.
Празь некалькі хвілін пасьля пачатку акцыю разагналі супрацоўнікі
міліцыі. Запаленыя ўдзельнікамі акцыі сьвечкі засталіся пры гэтым
на зямлі, і людзі яшчэ доўгі час бачылі іх — пакуль міліцыянты ня
выклікалі спэцназаўцаў, якія пачалі гасіць сьвечкі нагамі.
Байцы спэцназу затрымалі 9 удзельнікаў акцыі, а таксама чацьвярых
фотакарэспандэнтаў, якія прысутнічалі на акцыі. Усіх затрыманых
завялі ў дзяжурную частку лінейнага аддзелу міліцыі на чыгуначным
вакзале.
Пасьля праверкі дакумэнтаў журналістаў адпусьцілі.
Тым часам у Менску, каля Нацыянальнай бібліятэкі, затрыманыя 8
моладзевых актывістаў. Яны збіраліся павязаць на дрэва, якое пасадзіў
Аляксандр Лукашэнка падчас адкрыцця бібліятэкі, стужкі з надпісам
«Свабоду Дашкевічу!». Гаворка ідзе пра палітвязня, лідэра «Маладога
Фронту» Зміцера Дашкевіча, прысуджанага да аднаго з паловай гадоў
зняволення за ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі. Маладыя
людзі не паспелі нават падыйсці да дрэва, яны былі затрыманыя падчас
выхаду са станцыі метро.
Адначасова адбылася акцыя салидарнасьцi на масце на вуліцы Няміга.
Дзесяткі моладзевых актывістаў сталі там са свечкамі.
У гэты самы час адбывалася яшчэ некалькі акцыяў салідарнасьці —
ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. На Берасьцейшчыне моладзь
вывешвала партрэты зьніклых і палітвязьняў.
У Салігорску моладзевыя актывісты правялі флэш-моб, а таксама ланцуг
салідарнасьці.
У Гомелі адбылася штомесячная акцыя Салідарнасьці з пальтзьняволенымі
беларусамі. Удзел у ёй прынялі дзесяць чалавек. Пасьля акцыі міліцыянты
затрымалі маладых актывістаў. Маладзёнаў адвезьлі ў Цэнтральны РАУС,
дзе перапісалі пашпартныя звесткі і вызвалілі.
Таксама ў аўтобус, у якім знаходзіліся маладыя актывісты, трапіла
некалькі мінакоў, якіх затрымалі побач з удзельнікамі акцыі. Апроч
таго, некалькі чалавек затрымалі на падыходах да мейсца правядзеньня
акцыі.
Як адзначаюць некаторыя ўдзельнікі, у пастарунку супрацоўнікі дзяржбяспекі
ў цывільным без дазволу лазілі па кішэнях іх адзеньня, вымаючы адтуль
рэчы, лаяліся і нават некаторых зьбілі на просьбу паказаць дакумэнты,
— паведаміла грамадская арганізацыя «Гарт».
Пасьля акцыі маладыя актывісты пакінулі запісы ў кнізе скаргаў.
Затрыманьне праводзілі маёр Прышчэпа, капітан Нікіцін ды камандзір
роты Алейнік.
У Мар'інай Горцы ды Смалявічах былі заўважаны плякаты «За свабоду».
Па матэрыялах Радыё Свабода i Хартыi-97
|