Славацкі Інтэрпол знайшоў цела, якое супадае з прыкметамі Г. Гангадзэ

24.11.2006

Верагодна, што цела ўкраінскага журналіста Георгія Гангадзэ знаходзіцца ў Славакіі. Такую думку выказалі славацкія журналісты з папулярнай газэты «Sme». У сваёй сёньняшняй публікацыі газэта, аднак, адзначае, што да адпаведнай інфармацыі Славацкага Інтэрполу ўкраінскі бок не праявіў цікавасьці.

Прэсавы сакратар славацкай паліцыі Марцін Корх паведамляе, што ў траўні 2001-га году ў Квачаньскай даліне, паблізу мястэчка Ліптоўскі Мікулаш было знойдзена цела чалавека, які загінуў, па ўсёй верагоднасьці, пасьля падзеньня ці скідваньня са скалы. Паколькі яго ідэнтычнасьць не была ўстаноўленая, цела захоўвалася ў моргу. Толькі сёлета славакі параўналі зьвесткі пра Гангадзэ з Інтэрполу з прыкметамі гэтага невядомага і прыйшлі да вэрсіі, што прыкметы ў многім супадаюць.

У верасьні славацкі Інтэрпол паведаміў пра гэтую вэрсію ўкраінскім калегам і зрабіў запыт пра фатаграфіі і ўзоры ДНК зьніклага ўкраінскага журналіста для правядзеньня больш дэтальнага сьледзтва. Аднак украінскі бок на гэты запыт не адрэагаваў.

Гаворыць журналіст Мірэк Тода, аўтар публікацыі ў газэце «Смэ»:

(Тода: ) «Я думаю, што гэта вельмі дзіўна, таму што выпадак з Георгіем Гангадзэ належыць да надзвычайных. Да таго ж, міжнародная супольнасьць цісьне на Ўкраіну, яе органы, каб яны справу Гангадзэ расьсьледавалі, так што гэта надзвычай дзіўна».

Нагадаю, што Георгій Гангадзэ быў галоўным рэдактарам папулярнага інтэрнэт-выданьня «Ўкраінская праўда», якое вызначалася сваёй рэзкай крытыкай тагачаснага прэзідэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы. Журналіст зьнік у верасьні 2000га году. Пазьней у Тарашчанскім лесе пад Кіевам было знойдзена абезгалоўленае цела, якое ўкраінскае сьледзтва прызнала целам Гангадзэ. Аналізы ДНК, праведзеныя ў розных краінах, аднак, не далі гэтай вэрсіі стопрацэнтнага пацьвярджэньня. Сумнеў у тым, што цела з тарашчанскага лесу — гэта парэшткі яе сына, выказвала і маці журналіста Лэся Гангадзэ.

Сёньня ж начальнік сьледчага ўпраўленьня Генпракуратуры Ўкраіны Рэнат Кузьмін паведаміў прэсе, што ў справе Гангадзэ замененыя сьледчыя. Ён паведаміў, што з групы выключаныя два ранейшыя сьледчыя і ўключаны адзін новы, які і зоймецца разглядам альтэрнатыўных вэрсіяў.