|    Каля 15 беларусаў, якія жывуць у Варшаве, прыйшлі 
              да помніка Адаму Міцкевічу? што ў самым цэнтры польскай сталіцы, 
              каля прэзыдэнцкага палацу, зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і партрэтамі 
              Аляксандра Казуліна. 
             Гаворыць адзін з удзельнікаў акцыі, студэнт Аляксандар Ляўковіч. 
             
            (Ляўковіч: ) «Мы, студэнты, прыйшлі падтрымаць спадара Казуліна, 
              павіншаваць з днём народзінаў. Няхай трымаецца, дбае пра сваё здароўе. 
              Мы ганарымся, што такія людзі ёсьць у Беларусі».  
            Удзельнікаў акцыі падтрымлівалі жыхары польскай сталіцы, што праходзілі 
              побач.  
            (Варшавянка: ) «Канешне, падтрымліваю! Калі людзі церпяць за праўду, 
              як калісьці было ў нас у камуністычныя часы, іх трэба падтрымліваць. 
              Мусіць быць салідарнасьць, і гэтага вам жадаю», — сказала жыхарка 
              Варшавы.  
            Прысутныя таксама заклікалі Аляксандра Казуліна спыніць галадоўку. 
             
            (Крыштон: ) «Улічваючы тое, што спадар Казулін стараецца слухаць 
              радыё Свабода за кратамі, просім Вас, спыніце галадоўку! Вы, вашае 
              здароўе патрэбныя Беларусі, нашым дзецям», — заявіў арганізатар 
              пікету Ігар Крыштон.  
               
            Аляксей Дзікавіцкі 
              Радыё Свабода 
             
               
               
             |