|    Прадстаўнікі дэмакратычнага руху а 19-й гадзіне 
              паводле менскага часу намагаліся правесьці акцыю, каб прыцягнуць 
              увагу кіраўнікоў дзяржаваў СНД да праблемы парушэньня правоў чалавека 
              ў Беларусі. 
             Байцы спэцназу міліцыі разагналі акцыю. Яны не далі моладзевым 
              актывістам разгарнуць расьцяжкі і плякаты.  
            Кастрычніцкі пляц у Менску за дзьве гадзіны да правядзеньня акцыі 
              быў ачэплены спэцназам.  
            На станцыях мэтро «Плошча Леніна» і «Кастрычніцкая» не спыняліся 
              цягнікі, а па праспэкце хадзіў толькі аўтобус №100, які таксама 
              не спыняўся на Кастрычніцкім пляцы і пляцы Незалежнасьці.  
            Байцы спэцназу паведамлялі людзям, што спэктаклі ў тэатрах адмененыя. 
              Працаваў толькі дзяржаўны цырк. Але з-за затораў дзеці з бацькамі 
              спазьніліся на прадстаўленьне – было шмат ляманту і сьлёз.  
            На пляцоўцы каля рэстарану «Мак-Дональдс» на рагу вуліцы Леніна 
              і праспэкту Незалежнасьці спэцназаўцы затрымлівалі моладзевых актывістаў, 
              якія там зьбіраліся. Разам зь імі затрымлівалі і выпадковых мінакоў. 
             
            Апэратару Ren-TV не дазволілі падысьці да праспэкту, і ён мусіў 
              падыходзіць да Кастрычніцкага пляцу праз вуліцу Янкі Купалы. Але 
              і там – безвынікова.  
            Мінакі бачылі шмат аўтобусаў з салдатамі ўнутраных войскаў. Людзі 
              абураліся: «Тут што, вайна?..» 
              
            Любоў Лунёва 
              Радыё Свабода 
                       
               
             |