Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, палітвязень
Аляксандр Казулін 47 дзён галадае ў выпраўленчай калоніі «Віцьба-3».
Сёння за лёсам палітвязня з турботай сочаць у Беларусі і за мяжой.
Стан яго здароўя выклікае сур`ёзную заклапочанасць медыкаў, за час
зняволення ён ужо страціў 40 кілаграмаў вагі. Тым не менш палітык
не спыняе галадоўку пратэсту, ён настойвае на выкананні свайго галоўнага
патрабавання — разгляду сітуацыі з парушэннем правоў чалавека ў
Беларусі ў Радзе Бяспекі ААН. Сітуацыю каментуе ўдава выкрадзенага
ў Беларусі бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага,
лідэр грамадзянскай ініцыятывы «Мы памятаем» Ірына Красоўская.
«Я захапляюся мужнасцю Аляксандра Казуліна, вельмі паважаю яго
за тое, што ён робіць. Гэта вельмі сур`ёзны крок, такое самаахвяраванне
можа абудзіць грамадскую думку, людзей, якія чакаюць, што сітуацыю
ў краіне замест іх можа змяніць хтосьці іншы. Відавочна, што Аляксандр
Казулін чалавек сур`ёзны і будзе ісці да канца. Але я вельмі хвалююся
за ягонае здароўе. Наперадзе яшчэ шмат барацьбы, і мы павінны быць
моцнымі і здаровымі, каб змагацца. Казулін павінен захаваць свае
сілы для гэтай барацьбы.
Безумоўна, патрабаванні Аляксандра Казуліна павінны быць пачутыя.
Мы робім усё, каб пра ягоны мужны ўчынак даведаліся як мага больш
людзей і ў Беларусі, і за мяжой», — заявіла ў інтэрв’ю прэс-цэнтру
Хартыі’97 Ірына Красоўская.
|