10 снежня, у гадавіну прыняцця Усеагульнай дэкларацыі
правоў чалавека, у Менску была разагнаная акцыя салідарнасці з палітвязнем
Аляксандрам Казуліным, які ўжо 52 дні галадае ў віцебскай выпраўленчай
калоніі. Больш за 50 чалавек выйшлі на Кастрычніцкую плошчу Менска
з партрэтамі палітвязня, расцяжкамі, плакатамі і скандавалі «Свабоду
Казуліну!». Па дадзеных праваабаронцаў, былі затрыманыя меркавана
30 чалавек. Сярод іх — лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль
Лябедзька, ягоны намеснік Валянціна Палевікова, праваабаронцы Алесь
Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Алесь Каліта. Як паведаміў па тэлефоне
прэс-цэнтру Хартыі’97 Анатоль Лябедзька, супрацоўнікі АМАПа падчас
разгону акцыі дзейнічалі вельмі груба: людзей білі дубінкамі па
нагах. Затрыманых адвезлі ў Цэнтральны РУУС Менска.
Некаторыя палітыкі і праваабаронцы былі затрыманыя напярэдадні
акцыі. Аб гэтым прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў былы палітвязень
Сяргей Скрабец. Па яго словах, «для высвятлення асобы» былі затрыманыя
намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)
Аляксей Кароль і праваабаронца Алена Танкачова.
Хартыя’97
|