Увесь свет пісаў лісты ў абарону беларускіх палітвязняў

11.12.2006

10 снежня, ў Дзень правоў чалавека, ў Польшчы ды амаль 40 іншых краінах свету праходзіў Міжнародны маратон пісання лістоў. У ягоных рамках усе жадаючыя маглі пісаць лісты ў абарону зняволеных ці рэпрэсаваных за мірнае выказванне сваіх поглядаў. Сёлета ў рамках 24-гадзіннага маратону толькі жыхары Польшчы напісалі амаль 20 тысяч лістоў. Лісты напісаныя ў абарону жыхароў Кітаю, В`етнаму, Пэру й Беларусі.

У Беларусі, нагадаем, зараз знаходзяцца за кратамі 12 палітвязняў.

Аўтуховіч Мікалай, лідэр прадпрымальніцкага руху
Дашкевіч Зміцер, лідэр «Маладога Фронту»
Дранчук Цімафей, сябар грамадзянскай ініцыятывы па назіранні за выбарамі
Клімаў Андрэй, дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання
Казулін Аляксандр, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі
Крук Іван, актывіст Аб`яднанай грамадзянскай партыі
Лявонаў Юрый, актывіст прадпрымальніцкага руху
Разумаў Мікалай, актывіст прафсаюзнага руху
Севярынец Павел, моладзевы лідэр
Статкевіч Мікалай, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада»
Фінькевіч Артур, моладзевы лідэр
Садоўская Кацярына, праваабаронца

Ідэя такога пісання лістоў нарадзілася 7 гадоў таму ў Варшаве. Цяпер гэта ўжо міжнародная акцыя. Мерапрыемства ладзіцца з нагоды Міжнароднага дня абароны правоў чалавека, які адзначаецца штогод 10 снежня ў гадавіну прыняцця Арганізацыяй аб’яднаных нацыяў Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека.