Сёньня судзьдзя Маскоўскага раёну Берасьця
Руслана Сянько пастанавіла аштрафаваць Дзяніса Прадуна на
620 тысяч рублёў. Юнак быў сярод затрыманых падчас флэш-мобу
ў падтрымку зьняволеных, які адбыўся ў Берасьці 16 кастрычніка
гэтага году.
Мясцовы праваабаронца Ўладзімер Вялічка паведаміў «Свабодзе»,
што міліцыянты Маскоўскага раённай управы міліцыі склалі
пратакол са значным спазьненьнем — 7 сьнежня, на трэці дзень,
калі Дзянісу Прадуну споўнілася 18 гадоў. Са словаў Уладзімера
Вялічкі, суд нават ня быў абцяжараны выкананьнем абавязковай
працэдуры:
(Вялічка: ) «Звычайна робіцца перапынак, каб судзьдзя ў
спакойнай абстаноўцы магла прыняць рашэньне. А ў гэтым выпадку
спадарыня Сянько пасьля заслухоўваньня міліцыянтаў перапынку
не зрабіла. Практычна адразу выносіць рашэньне, напісанае
рукой».
Уладзімер Вялічка паведаміў, што да адказнасьці сёньня
былі прыцягнутыя іншыя ўдзельнікі акцыі 16 кастрычніка,
Міхась Ільін і Юлія Пашко. Але яны яшчэ ня маюць 18 гадоў,
таму іх пратаколы перададзеныя камісію ў справах непаўналетніх.
Радыё Свабода
|