Аляксандру Мілінкевічу ўручана ўзнагарода імя Андрэя Сахарава
12 декабря 2006

Сёння ў Страсбургу прэзідэнт Еўрапейскага парламенту Жозэ Барэль уручыў лідэру аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандру Мілінкевічу ўзнагароду імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”. Пасля цырымоніі ўручэння Аляксандр Мілінкевіч выступіў перад дэпутатамі Еўрапейскага парламенту.

Аляксандр Мілінкевіч прамаўляў па-беларуску і найперш падзякаваў дэпутатам Еўрапейскага парламента “за прысуджэнне ганаровай прэміі”.

- Разам са мной гэтую ўзнагароду атрымліваюць усе беларусы, якія ў сакавіку стаялі на плошчы, сядалі ў турмы, выключаліся з універсітэтаў і з працы... Мы – людзі, якія хочуць, каб Беларусь стала дэмакратычнай еўрапейскай дзяржавай, і гатовыя, дзеля гэтага, ахвяраваць асабістым дабрабытам, свабодай, жыццём, урэшце рэшт, - сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Аляксандр Мілінкевіч закрануў у выступе тэмы зніклых палітыкаў і сённяшніх палітзняволеных у Беларусі. Звярнуў увагу дэпутатаў Еўрапарламента на турэмнае зняволенне і галадоўку пратэсту Аляксандра Казуліна:

- Гэта прэмія і Аляксандра Казуліна , таксама як і Зміцера Дашкевіча, і Паўла Севярынца, і Міколы Статкевіча, і Андрэя Клімава ды ўсіх іншых палітзняволеных у маёй краіне. Гэта прэмія – знак неабыякавасці Еўропы да сітуацыі ў Беларусі. Гэта прэмія – прыклад маральнай палітыкі. Гэта прэмія – сімвал прызнання еўрапейскай будучыні Беларусі.

- Калі свабоду трэба заслужыць – мы яе заслужылі. Усёй сваёй гісторыяй і ахвярамі, прынесенымі дзеля яе, - сказаў, звяртаючыся да дэпутатаў Еўрапарламента Аляксандр Мілінкевіч.

У сваім выступе Аляксандр Мілінкевіч вярнуўся да падзеяў сакавіка бягучага года ў Мінску:

- Рэжым завёў Беларусь у гістарычны тупік. І нашыя акцыі на плошчы былі адчайнай спробай вывесці Беларусь з гэтага тупіка. Мы выйшлі не за кавалкам хлеба, а за маральныя каштоўнасці – свабоду і праўду. Калі б вы змаглі быць з намі, вы б адчулі захапленне і натхненне, пачуцце свабоды і адсутнасць страху. Таксама як боль і адчай, пасля таго, як плошча позняй ноччу стала пустой. Змерзлых і стомленых маладых людзей тады проста закінулі ў грузавікі і адвезлі ў турму, - сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што не бачыць для дэмакратычных сілаў у Беларусі іншага шляху, як працягваць змаганне за дэмакратыю і свабоду ў краіне:

- Наш народ прайшоў праз гвалтоўную дэнацыяналізацыю, ампутацыю гістарычнай памяці. У 1991 годзе мы цешыліся, стаўшы ўрэшце незалежнымі. І не адразу зразумелі, што незалежнасць і свабода – не адно і тое ж. Сёння мы ізноў змагаемся за свабоду і адстойваем незалежнасць. Робім гэта не толькі дзеля сябе – у першую чаргу дзеля нашых дзяцей, якія, як і французскія, літоўскія, польскія, брытанскія дзеці, маюць права жыць у свабоднай краіне. У нашых дзяцей сёння няма выбару. Па праўдзе, ёсць. Надта просты: здацца рэжыму і адмовіцца ад уласнай асобы дзеля адноснага дабрабыту, альбо – свядома абраць змаганне за свабоду і ахвяраваць гэты дабрабытам. Гэта нашы дзеці стаялі па начах на плошчы, калі дарослыя, не вытрымлівалі холаду і зыходзілі дадому. Гэта нашых дзяцей кідалі ў грузавікі, дзе не было чым дыхаць і звозілі ў розныя турмы, дзе бацькі суткамі не маглі іх знайсці. Гэта нашыя дзеці адседзелі ў турмах і былі выключаныя з універсітэтаў за сваю свядомую пазіцыю. Але яны ні на секунду не засумняваліся ў слушнасці нашага агульнага выбару. Я ганаруся імі. У нас няма іншага шляху, акрамя змагання і перамогі – мы павінны перамагчы дзеля нашых дзяцей.

Аляксандр Мілінкевіч звярнуў увагу еўрадэпутатаў на ўсё яшчэ актуальную небяспеку правядзення ў Беларусі “аб’яднаўчага рэферэндуму” і заклікаў Еўропу “асцерагчы Расію ад такога мерапрыемства”:

- Мы бачым чарговае пацвержданне не вельмі вясёлай прымаўкі, што дармовы газ бывае толькі ў газавай камеры. Сярод галоўных умоваў рахунку, выстаўленага Масквой Лукашэнку, за доўгую палітычную і эканамічную падтрымку – пераход на адзіную (а фактычна расійскую) валюту і прыняцце канстытуцыйнага акту, так званай, “саюзнай дзяржавы” у расійскай рэдакцыі... Такому варыянту развіцця падзей пакуль што супраціўляюцца і беларускія палітычныя вярхі. Яны выдатна ўсведамляюць, што з стратай незалежнасці і прыходам да нас расійскага капіталу, мала хто з іх захавае і свае пасады, і свае матэрыяльныя здабыткі. І ўсё ж нельга выключыць, што, кіруючыся інстынктам самазахавання, улада пойдзе на вышэйзгаданыя ўмовы, для апраўдання чаго будзе праведзены адпаведны рэферэндум. Гарантыяй незалежнасці Беларусі можа быць толькі дэмакратыя, але ніяк не дыктатура, - сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Кажучы пра перспектывы беларуска-расійскіх дачыненняў, Аляксандр Мілінкевіч адзначыў:

- З таго, што з Масквой агульнай мовы знайсці пакуль не ўдалося, зусім не вынікае, што беларускія дэмакратычныя сілы выступаюць супраць Расіі. Мы жадаем жыць у суверэннай дзяржаве, але будаваць з Расіяй самыя лепшыя адносіны. Мы гатовыя ўлічваць яе інтарэсы, калі яны не будуць супярэчыць нашым. Расія для нас, як і для Еўрасаюза, заўсёды будзе стратэгічным партнёрам, а дэмакратычная Беларусь для Расіі надзейным і прадказальны сябрам... Спадзяемся, што рэалізм у Расіі калісьці ўсё ж возьме верх.

У выступе Аляксандр Мілінкевіч даў ацэнку санкцыям Еўрасаюза ў дачыненні да чыноўнікаў, уцягнутым у рэпрэсіі супраць беларускага народу:

- Я лічу, што забарона на ўезд у краіны Еўразвязу асоб, што парушаюць Канстытуцыю і маюць дачыненне да рэпрэсіяў, з’яўляецца вельмі эфектыўнай мерай, - сказаў лідэр аб’яднаных дэмакратчных сіл. - Спіс такіх “змагароў супраць дэмакратыі” павінен пашырыцца.

Адначасова, Аляксандр Мілінкевіч заклікаў Еўрасаюз не падвышаць для грамадзян Беларусі кошту на шэнгенскія візы.

- Мяркуецца, што з пачатку новага году кошты візы дасягнуць 60 еўра. Для падаўляльнай большасці беларусаў, якім надзвычай патрэбныя свабодныя кантакты з Захадам, гэта будзе недаступна. Гэтым самым будзе пабудавана новая “жалезная заслона”. Падобныя ўмовы на карысць толькі Лукашэнку, які ўвесь час палохае беларусаў тым, што “на Захадзе нас ніхто не чакае”, - сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Кажучы, пра прапановы, якія зрабіла афіцыйнаму Мінску ў мінулы месяцы Еўракамісія, Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што гэта “выдатная магчымасць выйсці з міжнароднай самаізаляцыі і незайздроснага эканамічнага становішча, у якім апынуўся афіцыйны Мінск”.

- У выпадку ўвасаблення прапанаванай стратэгіі, Беларусь магла б атрымаць вялікую падтрымку працэсаў палітычных і сацыяльна-эканамічных рэформаў, што ўжо даўно наспелі, пачаць сапраўднае набліжэнне да Еўропы, у тым ліку і шляхам паступовай эканамічнай інтэграцыі...Нядаўняе пасланне Еўропы беларускаму народу стала і дэманстрацыяй салідарнасці з намі і нагадваннем цяперашняму рэжыму аб адказнасці за яго злачынствы. А самае галоўнае – у гэтым пасланні гаворыцца пра месца нашай Беларусі ў Еўропе. Я шчыра перакананы, што без Беларусі Еўропа не будзе поўнай. Таму, як калісьці мае продкі, якія ўдзельнічалі ў вызвольным паўстанні Каліноўскага, мы паўтараем заклік “За вашу і нашу свабоду”, - сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Аляксандр Мілінкевіч заклікаў аб’яднаную Еўропу да пашырэння дапамогі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. “Яна павінна быць пашырана і стаць значна больш гнуткай”, - заявіў Аляксандр Мілінкевіч. Говорка ідзе пра садзеянне незалежным медыям, падтрымцы грамадзянскай супольнасці і рэпрэсаваных.

- Сённяшнія праграмы Еўрасаюза разлічаны на краіны, якія ідуць па шляху дэмакратызацыі і рэформ. Яны не могуць спрацаваць у Беларусі... Еўропа не павінна апускаць рук, кажучы - што мы можам зрабіць?! Вы можаце зрабіць шмат! Можаце дапамагчы нам прарваць інфармацыйную блакаду, змагацца з аднабаковым, ствараемым праз урадавую прапаганду, вобразам свету, дапамагчы ў стварэнні прасторы адкрытай грамадскай дыскусіі, месца ў якой знойдуць незалежныя творцы, інтэлектуалы, маральныя аўтарытэты. Гэта безумоўна паспрыяе найхутчэйшаму развіццю грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Аляксандр Мілінкевіч заклікаў Еўрасаюз падтрымаць праекты незалежнага тэлевяшчання на Беларусь:

- Добры прыкладам такой вельмі канкрэтнай дапамогі ёсць ствараемае з ініцыятывы групы польскіх і беларускiх журналістаў і пры падтрымцы польскага ўраду – незалежнае тэлебачанне для Беларусі. Маю надзею, што гэтыя дзеянні не застануцца справай толькі аднаго, хай сабе суседскага і вельмі прыязнага краю, а знойдуць шырокую падтрымку ўсёй міжнароднай супольнасці, і, у прыватнасці, падтрымку Еўрапейскага Саюза і яго сябраў, - сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Сёння ў Страсбургу, на сесіі Еўрапарламента, лідэру аб’яднаных дэмакратычых сіл Беларусі была ўручана ўзнагарода імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”. Пасля цырымоніі ўручэння, Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся з прамовай да дэпутатаў Еўрапарламента.